«Падобныя абмежаваньні базавых свабодаў не спрыяюць збліжэньню Беларусі з Радай Эўропы і Эўрапейскім Зьвязам». Міністэрства замежных спраў Францыі асудзіла блякаваньне ў Беларусі сайта Charter97.org.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» зьвярнулася ў МЗС Францыі з наступным пытаньнем:
«Сёньня роўна тры месяцы з таго дня, калі самы чытаны навінавы сайт Беларусі Charter97.org быў заблякаваны ў гэтай краіне. „Рэпартэры бязь межаў“ і іншыя праваабарончыя арганізацыі выступаюць супраць гэтага ўзорнага акту цэнзуры. Якая рэакцыя Францыі?»
«Мы шкадуем аб рашэньні заблякаваць галоўны навінавы сайт Беларусі Charter97.org, прынятым уладамі гэтай краіны ў канцы студзеня. Францыя прытрымліваецца прынцыпаў павагі свабоды прэсы і свабоды думкі ва ўсім сьвеце, і ў інтэрнэце ў прыватнасьці. Падобныя абмежаваньні базавых свабодаў не спрыяюць збліжэньню Беларусі з Радай Эўропы і Эўрапейскім Зьвязам», — заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Францыі.
24 студзеня Міністэрства інфармацыі без папярэдняга паведамленьня выдала распараджэньне заблякаваць у Беларусі сайт Charter97.org.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай блякаваньня «Хартыі» сталі публікацыі, якія могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэньнем даты і месца яшчэ не дазволеных акцый пратэсту і распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
19 красавіка 2018 году Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія павялічваюць кантроль дзяржавы за мэдыяпрасторай і інтэрнэтам у Беларусі.