Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт уладам Беларусі: захоўваць правы чалавека, вызваліць палітвязьняў, разблякаваць «Хартыю-97»


Затрыманьне падчас Дня Волі ў Менску, 25.03.2018
Затрыманьне падчас Дня Волі ў Менску, 25.03.2018

Эўрапарлямэнт заклікаў улады Беларусі захоўваць правы чалавека, а таксама вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі па Беларусі, прынятай 19 красавіка на сэсіі ЭП у Страсбуры, паведамляе БелаПАН.

«Хоць Эўразьвяз неаднаразова падкрэсьліваў, што паважаньне фундамэнтальных свабод, вяршэнства закону і правоў чалавека ёсьць абавязковай умовай для паляпшэньня і далейшага разьвіцьця адносінаў зь Беларусьсю, сытуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвае выклікаць занепакоенасьць», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Адзначаецца, што ў Беларусі працягваецца практыка запалохваньня і перасьледу грамадзкіх і апазыцыйных актывістаў, палітыкаў, журналістаў. Эўрапарлямэнт шкадуе пра затрыманьні апазыцыйных актывістаў і палітыкаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева, напярэдадні і падчас Дня Волі. Свабода сходаў і асацыяцый ёсьць адной з асноўных свабод чалавека, падкрэсьліваецца ў рэзалюцыі.

Правы і свабоды

«Падзеі Дня Волі яшчэ раз паказалі, што беларускія ўлады ня маюць намеру адмаўляцца ад сваёй старой палітыкі рэпрэсій у дачыненьні да грамадзян, якія спрабуюць рэалізаваць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Парушэньні прынцыпаў дэмакратыі і асноўных свабод, у тым ліку затрыманьні паводле палітычных матываў, павінны ў кожным канкрэтным выпадку выклікаць дакладную рэакцыю з боку ЭЗ у яго адносінах зь Беларусьсю».

Эўрапарлямэнт заклікае ўлады неадкладна вызваліць двух беларускіх палітвязьняў Міхаіла Жамчужнага і Дзьмітрыя Паліенку, а таксама аднавіць у грамадзянскіх і палітычных правах усіх былых палітвязьняў.

Выбары

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўладаў «неадкладна аднавіць працу па рэфармаваньні выбарчага заканадаўства». Адзначана, што Беларусь працягвае ігнараваць рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі ў справе паляпшэньня выбарчага заканадаўства. Мясцовыя выбары, якія прайшлі ў лютым 2018 году, зноў прадэманстравалі наяўнасьць сур’ёзных недахопаў і працэдурных парушэньняў, у тым ліку праблемы з назіраньнем за галасаваньнем і падлікам галасоў. У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што сумленных і свабодных выбараў у Беларусі не было з 1994 году.

Эўрапарлямэнт выказвае шкадаваньне ў сувязі зь перасьледамі журналістаў і незалежных СМІ ў Беларусі, у тым ліку «незаконным выдаленьнем» з выбарчага ўчастку падчас мясцовых выбараў прадстаўніка тэлеканалу «Белсат» Андрэя Козела і блякаваньнем сайту «Хартыя-97».

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна спыніць блякаваньне «Хартыі-97» і адмовіцца ад прыняцьця паправак у закон аб СМІ, якія ўяўляюць «сур’ёзную пагрозу для свабоды слова ў краіне».

Сьмяротнае пакараньне

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Беларусь працягвае заставацца апошняй краінай у Эўропе, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. Пры гэтым указана, што спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі «адзначае, што сьмяротныя прысуды ў Беларусі можна лічыць спрэчнымі з прычыны адсутнасьці незалежнай судовай сыстэмы і справядлівых судовых працэсаў». Беларусь заклікаюць неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.

Рэгістрацыя партыяў

Эўрапарлямэнт расчараваны неаднаразовымі адмовамі ў рэгістрацыі дэмакратычным апазыцыйным партыям і заклікае ўлады Беларусі ліквідаваць перашкоды для іх рэгістрацыі, а таксама выключыць з Крымінальнага кодэксу артыкул 193.1, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Аўтары рэзалюцыі рэкамэндуюць уладам Беларусі «пачаць канструктыўны і адкрыты дыялёг з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю», гарантаваць грамадзянам захаваньне іх правоў на свабоду сходаў, асацыяцый, мірных дэманстрацыяй і забясьпечыць свабодную працу ўсіх СМІ.

Грамадзянская супольнасьць

Эўрадэпутаты таксама заклікаюць Эўрапейскую службу зьнешніх дзеяньняў (ЭСЗД) і Эўракамісію працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і за яе межамі, у тым ліку падтрымку незалежных крыніц інфармацыі для беларускага грамадзтва, вяшчаньня на беларускай мове і з-за мяжы.

Эўрапарлямэнт лічыць неабходным уцягваць грамадзянскую супольнасьць і праваабаронцаў у дыялёг паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Асаблівую ўвагу ЭСЗД і Эўракамісія, на думку эўрапарлямэнтарыяў, павінны надаць бясьпецы Беларускай АЭС у Астраўцы для арганізацыі поўнага выкананьня міжнародных стандартаў ядзернай і экалягічнай бясьпекі.

Дыялёг зь Беларусьсю

Шкадуючы аб адсутнасьці прагрэсу ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі, Эўрапарлямэнт заклікае вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі знайсьці магчымасьці для поўнай і эфэктыўнай абароны правоў чалавека ў краіне.

У рэзалюцыі адзначаецца, што завяршэньне перамоваў аб прыярытэце партнэрства паміж Беларусьсю і ЭЗ дазволіць пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва на карысьць грамадзян абодвух бакоў, адкрые для Беларусі доступ да фінансавай падтрымкі і пашыранага супрацоўніцтва з ЭЗ пры ўмове прыняцьця ёю канкрэтных захадаў у справе дэмакратызацыі, уключаючы усёабдымную рэформу выбарчага заканадаўства.

Эўрадэпутаты вітаюць рашэньне Беларусі аб увядзеньні пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, у тым ліку краін ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG