Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітамінаманія, або Натуральнае лепей


Вітамінаманія — гэта шырокае распаўсюджваньне неабгрунтаванага, без мэдычных паказаньняў, прыёму вітамінаў прамысловай вытворчасьці ў выглядзе пігулак ці капсул.

Гэты фэномэн можна назіраць ня толькі ў нашай краіне, дзе вітаміны і дабаўкі да ежы прымае, можа, кожны другі. На жаль, сур’ёзнай статыстыкі мы не сустракалі і ня можам назваць тут дакладныя лічбы.

Але, напрыклад, у Злучаных Штатах Амэрыкі, згодна з вынікамі апытаньня цэнтру сацыялягічных дасьледаваньняў Гэлапа, 68% жыхароў пажылога веку прымаюць розныя сынтэтычныя вітаміны, а 29% адначасова, гэта значыць на працягу дня, карыстаюцца чатырма і болей біялягічна актыўнымі дабаўкамі да ежы, у склад якіх уваходзяць таксама тыя ж вітаміны.

Прычыны вітамінаманіі

У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя у невялікіх і ня надта якасных дасьледаваньнях было быццам даказана, што дадатковае спажываньне вітаміну Е і фоліевай кіслаты вядзе да памяншэньня захваральнасьці на ішэмічную хваробу сэрца. Дарэчы, менавіта гэтую камбінацыю вельмі шануюць нашы сучасныя модніцы, якія думаюць, што яна садзейнічае прафіляктыцы заўчаснага старэньня скуры.

Але пасьля дадатковых дасьледаваньняў было даказана, што празьмерна вялікія дозы вітаміну Е (што мае месца, калі ён трапляе ў арганізм у сынтэтычным выглядзе) ніколькі не прадухіляюць разьвіцьцё хвароб сэрца, а наадварот могуць весьці да павелічэньня выпадкаў хранічнай сардэчнай недастатковасьці, раку прастаты і нават колькасьці сьмерцяў ад розных прычын.

Падмена паняцьцяў

Важнай прычынай вітамінаманіі зьяўляецца, на нашу думку, падмена паняцьцяў. Справа ў тым, што цяпер існуюць якасныя навуковыя дадзеныя, якія сьведчаць пра карысьць тых ці іншых дыет.

у вартых даверу навуковых часопісах пішуць пра тое, што міжземнаморская дыета асабліва дзейсная ў... межах міжземнаморскага ўзьбярэжжа

Напрыклад, даказана, што шырока вядомая міжземнаморская дыета садзейнічае прафіляктыцы хвароб сэрца і мозгу за кошт запавольваньня цячэньня атэрасклератычных працэсаў. У склад гэтай дыеты уваходзіць цэлы шэраг элемэнтаў — садавіна, гародніна, марская рыба, збожжавыя культуры і шмат чаго іншага.

Дык вось у спажыўцоў існуе спакуса думаць, што тую міжземнаморскую дыету можна ўціснуць у адну танную пігулку, якая будзе эфэктыўна працаваць на прафіляктыку. На жаль, гэта немагчыма.

У апошні год у сур'ёзных, вартых даверу навуковых часопісах пішуць пра тое, што міжземнаморская дыета асабліва дзейсная ў... межах міжземнаморскага ўзьбярэжжа. У іншых геаграфічных тэрыторыях яе эфэктыўнасьць зьніжаецца.

Калі мова ідзе пра вітамінаманію, трэба разумець і тое, што пакуль ніводная лябараторыя ня можа «дагнаць» прыроду — гэта значыць, паўтарыць той карысны эфэкт, якія ўзьнікае ад узаемадзеяньня вітамінаў з натуральнай садавіны і гародніны.

Дзьве парады

1. Пакуль тэхналёгіі нашай цывілізацыі не навучыліся быць лепшымі за прыроду. Мы ня можам у адну пігулку ўціснуць усю складанасьць вітамінаў і мікраэлемэнтаў, якія існуюць у натуральных садавіне і гародніне.

Таму самая лепшая крыніца вітамінаў — гэта тыя самыя 400 грамаў сьвежай, натуральнай чырвонай, жоўтай і зялёнай садавіны і гародніны штодзень, як гэта і рэкамэндуе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.

На жаль, беларуская кухня смачная, але не карысная з пункту гледжаньня сучасных падыходаў да здаровага харчаваньня. Таму да ўжываньня сьвежых прадуктаў трэба прывучвацца самім і прывучаць дзяцей, бо да такой колькасьці сьвежай садавіны і гародніны штодзень мы, на жаль, не прызвычаеныя.

2. Досыць часта вітаміны і біялягічна актыўныя дабаўкі да ежы могуць быць карысныя, але пры празьмерным спажываньні яны ж могуць мець і адваротныя пабочныя эфэкты.

Акрамя таго, іх эфэктыўнасьць павышаецца ў комплексным прымяненьні шэрагу іншых мэтадаў, мэдыкамэнтозных і ня лекавых — у сучаснай мэдыцыне гэта называецца мультымадальнымі праграмамі лячэньня і рэабілітацыі.

Прызначыць правільна харчовыя дабаўкі можа толькі лекар. Таму чарговы раз заклікаем — ня трэба прымаць самастойна ніякія пігулкі, нават вітаміны, перад гэтым парайцеся з вашым лекарам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG