Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік зь Печаў прызнаў 20 эпізодаў хабару за добрыя адзнакі па фізпадрыхтоўцы


Падпалкоўнік Дзьмітры Кісялар у судзе
Падпалкоўнік Дзьмітры Кісялар у судзе

14 сакавіка ў працэсе над падпалкоўнікам Дзьмітрыем Кісяларам, якога судзяць у Барысаўскім раённым судзе паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве, скончылася судовае сьледзтва. Цягам пяці паседжаньняў суд апытаў 33 сьведак — ваеннаслужачых 72 вучэбнага цэнтру ў Печах, дзе Дзьмітры Кісялар служыў начальнікам фізычнай падрыхтоўкі і спорту. Яны распавялі пра тое, як давалі падпалкоўніку хабар.

Стандартны набор: каньяк, каўбаса, кава і каробка цукерак

Калі ў салдат атрымліваў нездавальняючую адзнаку па фізычнай падрыхтоўцы, яго пазбаўлялі 80 рублёў прэміі, прызначалі на восень пераздачу, а калі ён і тады не здаваў іспыт, маглі звольніць са службы. Пра гэта расказаў маёр Аляксей Пыцель, які калі камандаваў адной з вайсковых частак, сам перадаваў Дзьмітрыю Кісялару «падарункі» за выпраўленьне адзнак ягоным падначаленым.

«Гэта было недзе ў 2016 годзе. Да мяне падышлі прапаршчыкі Міхалевіч, Сусло і Кавальскі. У іх былі нездавальняючыя адзнакі па фізычнай падрыхтоўцы, а Кісялар быў старшынём камісіі. Спыталі ў мяне, што рабіць, каб атрымаць здавальняючыя адзнакі. Я спачатку нічога не абяцаў пэўна, але потым дамовіўся з Кісяларам. Той сказаў, каб прыносілі па пакунку. Стандартны набор: каньяк „Белы бусел“, палка каўбасы, пачак кавы, каробка цукерак».

Паводле сьведкі, два гады да таго ён гэтак жа дапамагаў вырашаць «праблему зь фізпадрыхтоўкай» прапаршчыку Кавальскаму, а праз год пасьля таго выпадку — ваеннаслужачаму Грынкевічу.

Усяго ў справе Дзьмітрыя Кісялара 20 падобных эпізодаў. Агульную суму хабару прадстаўнік абвінавачаньня Сяргей Лыцін не назваў: «Кожны пакунак каштаваў ад 25 рублёў. Лічыце».

Падпалкоўнік Кісялар прызнаў віну цалкам. Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй.

Справу на Дзьмітрыя Кісялара з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах завялі да падзей кастрычніка 2017 году, калі ў пятлі знайшлі салдата Аляксандра Коржыча. Сьледчыя дзеяньні, допыты і вочныя стаўкі праводзіліся ўлетку 2017 году.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 19 сакавіка.

Катаваў электрашокерам, біў па галаве, забіраў грошы. У Барысаве судзяць прапаршчыка з вучэбкі ў Печах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG