Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Армэніі. Менавіта адстаўка Саргсьяна была галоўным патрабаваньнем пратэстаў, якія працягваюцца ў Армэніі 11-ы дзень.
«Нікол Пашыньян [лідэр пратэстаў. — РС.]... меў рацыю. Я памыліўся. У цяперашняй сытуацыі ёсьць некалькі рашэньняў, але ні на адно зь іх я не пайду. Гэта не маё. Я пакідаю пасаду кіраўніка краіны, пасаду прэм’ер-міністра Армэніі. Вулічны рух супраць майго знаходжаньня ва ўладзе. Я выконваю вашае патрабаваньне. Міру, гармоніі і лёгікі нашай краіне» — цытуе Саргсьяна Армянская служба Радыё Свабода.
- Сёньня — 11-ы дзень пратэстаў.
- Апазыцыйны лідэр Нікол Пашыньян абвясьціў аб «рэвалюцыйнай сытуацыі» ў краіне і пачатку негвалтоўнай «аксамітнай рэвалюцыі».
- У нядзелю 22 красавіка Пашыньян, іншыя дэпутаты парлямэнта і яшчэ каля 200 чалавек былі затрыманыя.
- Саргсьян дзесяць гадоў быў прэзыдэнтам Армэніі, правёў канстытуцыйную рэформу, ператварыўшы краіну ў парлямэнцкую рэспубліку, і стаў прэм’ерам.
- Пераход Саргсьяна на пасаду кіраўніка ўрада параўноўвалі з «ракіроўкай» Уладзіміра Пуціна, які пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў стаў у 2008 годзе прэмʼер-міністрам Расеі.
Раніцай 23 красавіка сотні чалавек у розных раёнах горада зноў выйшлі на вуліцы Ерэвану, каб блякаваць вуліцы і перакрываць руху гарадзкога транспарту ў рамках кампаніі мірнага грамадзянскага непадпарадкаваньня, абвешчанай затрыманым паліцыяй лідэрам апазыцыі Ніколам Пашыньянам.
Пазьней сёньня Нікола Пашыньяна і яшчэ двух затрыманых дэпутатаў, Сасуна Мікаэльяна і Арарата Мірзаяна, вызвалілі.
Раней прэзыдэнт Армэніі Армэн Саргсьян зноў выступіў з заявай, выказаўшы занепакоенасьць у сувязі зь цяперашняй сытуацыяй. «У рамках паўнамоцтваў прэзыдэнта я спрабую зрабіць усё для выпраўленьня сытуацыі і яе разьвязаньня. Як я ўжо сказаў, рашэньне ў дыялогу», — сказаў Саргсьян.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што падзеі ў Армэніі, зьвязаныя з акцыямі апазыцыі, зьяўляюцца ўнутранай справай гэтай краіны. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў Маскве ўважліва сочаць за падзеямі ў Армэніі, але нават гіпатэтычныя развагі пра магчымасьць ўмяшаньня РФ «абсалютна недарэчныя».
Паліцыя разьлічвае «на разуменьне з боку моладзі»
Армянская паліцыя, у распаўсюджанай сёньня заяве выказвае «гатоўнасьць забясьпечыць нармальны ход сходу і арганізацыю дарожнага руху ў адпаведнасьці з ім», і разьлічвае «на разуменьне з боку моладзі ў тым, што яны не заблякуюць дарожны рух, не дапусьцяць выпадкаў яўнага непадпарадкаваньня законным распараджэньням супрацоўнікаў паліцыі». Паводле паліцыі, па стане на 11-ю гадзіну сёньня затрыманыя 23 удзельнікі акцыый пратэсту.
Да пратэсту далучыліся вайскоўцы
На кадрах жывой трансьляцыі армянскай службы Радыё Свабода відаць як маладыя людзі ў вайсковай форме таксама бяруць удзел у шэсьці апазыцыі. На просьбу карэспандэнта яны не захацелі расказаць, хто яны і адкуль. Адзін з іх толькі пацьвердзіў, што яны з вайсковай часткі.
Паводле пазьнейшага паведамленьня Міністэрства абароны Армэніі, маладыя людзі ў вайсковай форме, якія далучыліся да пратэстнага шэсьця, служаць у міратворчай брыгадзе Ўзброеных сіл Армэніі. У сваім паведамленьні Мінабароны «строга асуджае ўдзел гурты вайскоўцаў міратворчай брыгады ВС РА у сходзе, арганізаваным у Ерэване 23 красавіка з парушэньнем устаноўленага законам парадку».
Студэнты і рабочыя абвясьцілі страйк
Сотні студэнтаў ерэванскіх ВНУ абвясцілі страйк і выйшлі на вуліцы.
Работніцы швейнай фабрыкі «Глорыя» у Ванадзоры, трэцім па велічыні горадзе Армэніі, сёньня абвясьцілі страйк. Яны выйшлі на галоўную вуліцу гораду і рушылі да цэнтральнай плошчы.
На шматлюдным мітынгу апазыцыі напярэдадні яго ўдзельнікі дамовіліся праводзіць мірныя акцыі пратэсту кожны дзень, пачынаючы з 8:15 раніцы, а кожны вечар а 19:00 зьбірацца на плошчы Рэспублікі незалежна ад таго, колькі чалавек будуць затрыманыя паліцыяй або арыштаваныя.
Пратэсты ў Армэніі: што адбываецца і з чаго ўсё пачалося
Дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі, лідэр пратэстаў супраць улады Сэржа Саргсьяна Нікол Пашыньян раніцай 23 красавіка знаходзіцца ў невядомым месцы. Пра гэта армянская служба Радыё Свабода паведамляе са спасылкай на адваката Рустама Бадасьяна.
Паводле яго, у паліцыі яму пацьвердзілі, што 22 красавіка Пашыньян знаходзіўся ў севанскім аддзяленьні паліцыі, але быў пераведзены. Куды менавіта, у паліцыі сказаць адмовіліся.
Паводле ацэнкі адваката, гэтая сытуацыя груба парушае права Нікола Пашыньяна на абарону.
На мірнае шэсьце выйшлі студэнты
Студэнты армянскіх ВНУ з раніцы панядзелка праводзяць страйк у адукацыйных установах. Яны праходзяць шэсьцем па вуліцах Ерэвану, заклікаючы выкладчыкаў далучыцца да іх акцыі.
Як сьцьвярджаюць ініцыятары, акцыі будуць насіць выключна мірны характар, многія заклікаюць крочыць моўчкі, каб не парушаць грамадзкі парадак. Шэсьце суправаджаецца лёзунгамі ў падтрымку зьмены ўлады, аплядысмэнтамі, сыгналямі аўтамабіляў, які япраяжджаюць побач.
***
У Ерэване з 13 красавіка працягваюцца акцыі пратэсту супраць прызначэньня Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі.
У 22 красавіка Сэрж Саргсьян на некалькі хвілінаў сустрэўся зь лідэрам апазыцыі Ніколам Пашыньянам, ухваліўшы згоду сваіх супернікаў пайсьці на дыялёг. Аднак Пашыньян заявіў, што гэта непаразуменьне: размова з Саргсьянам магчымая, на думку апазыцыянэра, толькі пра ўмовы ягонай адмовы ад улады. Прэм’ер назваў такі падыход шантажом і пакінуў месца сустрэчы.
Пасьля заканчэньня перамоваў Нікол Пашыньян заклікаў грамадзян з падвоеным размахам працягнуць акцыі пратэсту і ўзначаліў шматлюднае шэсьце па цэнтральных вуліцах Ерэвану.
Хутка праваахоўнікі затрымалі Нікола Пашыньяна, а потым пачалі разгон дэманстрацыі, з ужываньнем сілы яны затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі. Былі затрыманыя таксама іншыя апазыцыйныя дэпутаты Сасун Мікаэлян і Арарат Мірзаян.
Нягледзячы на разгон шэсьця і затрыманьня яго лідэраў, пратэстоўцы працягнулі акцыю. У выніку сутычак з паліцыяй, а таксама а таксама ў выніку нападаў групы асобаў у масках на дэманстрантаў пацярпелі 15 чалавек. Як паведаміла ўвечары армянская паліцыя, усяго было затрымана 277 удзельнікаў акцыі.