Падчас шэсьця пратэставага руху супраць прэм’ерства экс-прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна ў ерэванскім раёне Эрэбуні на вуліцы Арцаха быў затрыманы лідэр руху, дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі Нікол Пашыньян.
Усё аб пратэстах у Армэніі: што адбываецца і з чаго ўсё пачалося
Калі шэсьце на чале з Пашыньянам дайшло да вуліцы Арцаха, на яго шляху стаў паліцэйскі кардон у шаломах і са шчытамі.
Пратэстоўцы паспрабавалі прарваць паліцэйскае ачапленьне, паміж імі і паліцыяй адбыліся сутычкі. Паліцыя ўжыла сцупраць дэманстрантаў шумавыя гранаты і гумовыя дручкі.
Праваахоўнікі затрымалі Нікола Пашыньяна, а потым пачалі разгон дэманстрацыі, з ужываньнем сілы яны затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі.
Былі затрыманыя таксама іншыя апазыцыйныя дэпутаты Сасун Мікаельян і Арарат Мірзаян. Пазьней Генэральная пракуратура Армэніі распаўсюдзіла тым заяву аб, што дэпутаты Нацыянальнага сходу Армэніі Пашыньян, Мірзаян і Мікаельян затрыманыя па падазрэньні ў арганізацыі несанкцыянаваных акцый пратэсту.
Як паведаміла армянская паліцыя, паводле стану на 15:00 па мясцовым часе затрымана 192 удзельнікаў акцыі.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, у выніку сёньняшніх сутыкненьняў, паводле стану на 12:00 па мясцовым часе пацярпелі 7 грамадзян, ім надаюць мэдычную дапамогу.
Нягледзячы на разгон шэсьця і затрыманьня яго лідэраў, пратэстоўцы працягнулі акцыю. Частка з іх з вуліцы Эрэбуні шэсьцем рушыла ў накірунку да цэнтру.
У цяперашні час шматтысячнае шэсьце дасягнула будынку мэрыі Ерэвану. Колькасьць удзельнікаў шэсьця пастаянна павялічваецца. Шэсьце накіроўваецца да плошчы Рэспублікі.
Між тым на плошчы Рэспублікі ў цяперашні час сканцэнтраваныя буйныя сілы паліцыі.
На старонцы Нікола Пашыньяна ў Faceboook апублікаваная заява ад імя Пашыньяна з заклікам да грамадзян выйсьці на вуліцы, застаючыся прыхільнымі духу мірнага непадпарадкаваньня, і працягваць дэцэнтралізаваную барацьбу. У заяве адзначаецца, што незалежна ад арыштаў трох дэпутатаў, ініцыятыўная група кантралюе сытуацыю.
«Заклікаю сёньня ўвечары у 19:00 зноў далучыцца да заплянаванага на плошчы Рэспублікі мітынгу», — гаворыцца ў заяве.
Як разьвіваліся падзеі
Напярэдадні 22 красавіка прайшлі перамовы прэм’ер-міністра Армэніі Сэржа Саргсьяна зь Ніколам Пашыньянам, але Саргсьян заявіў, што прапановы абмеркаваць ягоную адстаўку зьяўляюцца «шантажом дзяржавы» і пакінуў перамовы.
Пасьля сустрэчы лідэр апазыцыі заклікаў грамадзян з падвоеным размахам працягнуць акцыі пратэсту і ўзначаліў шматлюднае шэсьце па цэнтральных вуліцах Ерэвану. Удзельнікаў шэсьця суправаджала вялікая колькасьць паліцыянтаў, у тым ліку «чырвоныя бэрэты».
Акцыі пратэсту ў Армэніі працягваюцца ўжо больш за тыдзень. Галоўнай іх мэтай, як заяўляе апазыцыя, зьвяржэньне ўлады Сэржа Саргсьяна і Рэспубліканскай партыі, якая кіруе ў Армэніі на працягу многіх гадоў. Пратэстоўцы абвінавачваюць Саргсьяна ў тым, што ён ня выканаў свайго абяцаньня — не прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра пасьля заканчэньня свайго другога пяцігадовага тэрміну на пасадзе прэзыдэнта.
У суботу ў Армэніі былі затрыманыя каля 70 удзельнікаў акцыяў пратэсту. Ранейшыя дні пратэстаў адзначыліся блякаваньнем вуліцаў і ўрадавых будынкаў, сутычкамі паліцыі з пратэстоўцамі. У тыя дні былі затрыманыя ня менш за 123 чалавекі, на прынамсі 85 чалавек распачалі адміністрацыйныя справы. 17 красавіка лідэр пратэсту Нікол Пашыньян абвясьціў пра рэвалюцыю і «татальнае непадпарадкаваньне».