Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія казакі ходзяць з шаблямі па кірмашы і просяць ахвяраваць «на добрыя справы»


На кірмашы «Цэнтральны» ў Віцебску прайшоў канцэрт з удзелам самадзейных артыстаў мясцовай казачай грамады. Імпрэзу арганізаваў дырэктар кірмашу Васіль Раманенка, які на працягу некалькіх гадоў быў атаманам Віцебску.

Удзельнікі канцэртнай праграмы, узброеныя шаблямі і нагайкамі, сьпявалі песьні пра «долю казака», «казачую вольніцу» і нязводнасьць казацкага роду. З падобнай вайсковай атрыбутыкай сярод пакупнікоў пахаджалі і гледачы — прадстаўнікі казачай грамады. Каля выканаўцаў стаяла скарбонка для ахвяраваньняў «на добрыя казачыя справы».

Такая самая скарбонка стаяла і каля імправізаванай «кухні», дзе ахвотным прапаноўвалі юшку з хлебам і салёным агурком. Прычым кіраваў гэтым «харчовым пунктам» асабіста атаман Віцебску Валеры Сямашка. На якія канкрэтна «добрыя казачыя справы» зьбіраюць грошы, ён не патлумачыў.

У Віцебску мясцовая суполка ГА «Белорусское казачество» вядомая прыхільнасьцю да ідэяў «рускага міру», якія яны прапагандуюць пры кожнай магчымасьці — падчас сустрэчаў з вучнямі ў школах, удзелу ў мерапрыемствах праваслаўнай царквы і выступаў на гарадзкіх імпрэзах.

Праўда, віцяблянаў, якія прыйшлі на кірмаш у выходны дзень, куды больш вабілі гандлёвыя рады, а не магчымасьць паспрыяць у «казачых справах». Але працаўнікі кірмашу «Цэнтральны» распавялі, што цяпер канцэрты мясцовай казачай самадзейнасьці будуць праходзіць часта — так распарадзіўся дырэктар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG