Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ладуцька папрасіў прызнаць «Мотавела» банкрутам


Лукашэнка наведвае «Мотавела», 2013 год
Лукашэнка наведвае «Мотавела», 2013 год

Генэральны дырэктар менскага ААТ «Мотавела» Мікалай Ладуцька падпісаў заяву ў эканамічны суд Менску аб прызнаньні заводу банкрутам, перадае Tut.by.

У лісьце гаворыцца, што прадпрыемства працуе са стратамі, неплатаздольнасьць «набывае ўстойлівы характар». Гэта адбываецца праз «налічэньне адсоткаў па крэдытах і курсавых розьніцах ад пераліку абавязаньняў, выражаных у замежнай валюце, а таксама дэфіцыт абаротных сродкаў, які перашкаджае нарошчваньню аб’ёмаў вытворчасьці».

Актывы «Мотавела» ацэньвалі на 30 красавіка ў 60 млн беларускіх рублёў. Страты за І квартал 2017 году склалі 350 тысяч рублёў, за ўвесь 2016-ы — 7,5 млн. Уласных абавязаньняў перад банкамі ў «Мотавела» на 61,3 млн даляраў (амаль удвая больш за актывы), яшчэ 700 тысяч рублёў перад бюджэтам і работнікамі. У закладзе ў банкаў — нерухомасьць на 88 млн даляраў. 99,88% акцыяў «Мотавела» цяпер, пасьля канфіскацыі акцыяў зьняволенага Аляксандра Мураўёва (акцыі юрыдычна належалі аўстрыйскаму інвэстару), належаць Дзяржаўнаму камітэту маёмасьці.

Яшчэ ў красавіку менскія чыноўнікі плянавалі перанесьці «Мотавела» ў кітайска-беларускі парк. Але ў чэрвені Менгарвыканкам ужо прапанаваў аб’явіць «Мотавела» банкрутам і выставіць ягоную зямлю на аўкцыён, а ў кітайскім парку зладзіць новую вытворчасьць прадукцыі, аналягічнай мотавелаўскай.

Пры гэтым існуе ТАА «Мотавелазавод», якое пасьля затрыманьня Мураўёва наладзіла выпуск прадукцыі ААТ «Мотавела», арандаваўшы вытворчыя лініі «Мотавела». Банкрутаваць разам з «Мотавела» яно не зьбіраецца.

На «Мотавела» засталася дзясятая частка колішніх работнікаў: на II квартал 2016 году (апошнія на сёньня зьвесткі) на прадпрыемстве працавалі 243 чалавекі, а дзесяцьцю гадамі раней работнікаў было 2685. Але завод дагэтуль прапануе на продаж ровары AIST і матацыклы M1NSK уласнай зборкі. Выручка «Мотавела» за 2015 год склала каля 6 млн даляраў, у той час як у 2006 годзе была каля 24 млн даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG