Даруйце маю наіўнасьць, але пытаньне пра сьмяротную кару на новым рэфэрэндуме выглядае поўнай абстракцыяй.
Калі на папярэднім плебісцыце дваццаць гадоў таму яшчэ можна было з вынікаў галасаваньня рабіць высновы пра ўзровень гуманізму ў грамадзтве (а з чаго б яму зьмяніцца?), дык сёньня гэта ўвогуле нейкі мала каму зразумелы разьменны біткоін палітыкі Лукашэнкі. Як вы ставіцеся да сьмяротнае кары? Тады, у 1996-м, ня трэба было падыгрываць Эўропе, і народ выказаўся «за» (80,44%), цяпер трэба падыграць, і народ выкажацца «супраць»?
Я, вядома, за эўрапейскі выбар і супраць сьмяротнае кары, але якое дачыненьне гэты рэфэрэндум мае канкрэтна да мяне, шараговага выбарніка, і да кожнага зь сямі мільёнаў такіх самых, як я? Інакш кажучы, які зьмест я, звычайны беларус Цюцюкевіч, укладаю сёньня ў панятак сьмяротнага пакараньня і на падставе чаго раблю свой «выбар»?
Масавае «за» сьмяротную кару трымаецца на абстрактнай пастаноўцы самога пытаньня. Мы «за» тое, каб расстрэльвалі, мы «за» апрыёры, ня ведаючы, каго будуць расстрэльваць і за што, бо галасуем наперад, ня гледзячы на магчымую судовую памылку, ня думаючы пра непапраўнасьць дзеяньня…
Ці вы «за» сьмяротную кару для Канавалава і Кавалёва ці «супраць»? Ці «за» толькі для Канавалава і «супраць» для Кавалёва?
Можна было б неяк зразумець гэтае пытаньне, калі б рэфэрэндум праводзіўся па кожным канкрэтным выпадку (хіба чалавечае жыцьцё таго ня вартае?). Ці вы «за» сьмяротную кару для Канавалава і Кавалёва ці «супраць»? Ці «за» толькі для Канавалава і «супраць» для Кавалёва? Гэтак у галасаваньня зьявіўся б хоць нейкі практычны сэнс. Яшчэ можна задумляцца пра «тэматычныя» расстрэлы, як, да прыкладу, у Віетнаме сьмяротная кара — за падробку лекаў. Трэба ведаць, якой цаной 100-мільённая нацыя там выжыла пасьля амэрыканскіх напалмаў, колькі было ўкладзена сіл, каб наступныя пакаленьні вырасьлі здаровымі…
Калі сьмяротная кара ніяк не сацыялізаваная, яна проста ня можа быць прадметам галасаваньня, бо Цюцюкевіч ніяк ня можа суаднесьці яе з сабою. Ён проста «для парадку» выбірае «кару», а аказваецца — выбраў «сьмерць». Ці для кагосьці невядомага, не ўнікаючы ў сутнасьць справы, ці для сябе самога, праз судовую памылку, напрыклад, ад якой не застрахаваны ніхто.
Абіраючы сьмяротную кару, Цюцюкевіч галасуе менавіта за абстрагаваньне расстрэлаў і супраць іх сацыялізацыі. Так задумана. Пра гэта сьведчыць і прызнаньне колішняга шэфа менскай расстрэльнай каманды Алкаева, які бароніць практыку засакрэчваньня месцаў пахаваньня расстраляных. Відавочна, што выдаць цела сваякам — зусім не нагода для гераізацыі, а ўсяго толькі фіксацыя факту — такі чалавек быў. Проста быў. Але расстрэльшчык ня толькі забраў у яго жыцьцё, ён яшчэ і з Богам вырашыў паспрачацца, маўляў, не было такога чалавека, а калі й быў, дык ня мусіла такога быць на сьвеце.
Ці гатовыя вы самі прывесьці ў выкананьне сьмяротны прысуд?
Ёсьць даволі просты спосаб сацыялізацыі сьмяротнае кары, які дазволіць Цюцюкевічу «прымераць адзёжку на сябе». Каб ягоны голас стаў ня проста запраўкай для ярмошынскага баршчу, а выразам менавіта яго, Цюцюкевіча, грамадзянскай пазыцыі. Трэба не патрабаваць ад народа выказацца наконт біткойна Лукашэнкі, а агаліць пытаньне да нэрва: Ці гатовыя вы самі прывесьці ў выкананьне сьмяротны прысуд? Сэнс пытаньня застаецца тым самым, але каб адказаць на яго, Цюцюкевічу трэба будзе прынамсі падумаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.