20 красавіка ў Эканамічным судзе Менску адбудзецца паседжаньне, на якім вырашаць далейшы лёс славутага прадпрыемства «Мотавела».
«Будзе вырашацца, прызнаваць „Мотавела“ банкрутам з далейшай ліквідацыяй прадпрыемства — ці прызначыць банкруцтва з санацыяй, то бок з комплексам захадаў, скіраваных на выпраўленьне становішча. А да таго былі конкурсная вытворчасьць і абарончы пэрыяд, іх ужо прайшлі», — сказалі ў Эканамічным судзе Менску.
Працэс аб банкруцтве «Мотавела» вядзе судзьдзя Натальля Зайцава.
Паводле статыстыкі, рашэньне аб банкруцтве з санацыяй прымаецца не часьцей як у 1% выпадкаў. «Прасьцей збанкруціць стратны завод, чым спрабаваць яго аднавіць», — кажуць адмыслоўцы.
Заяву на прызнаньне «Мотавела» праз суд банкрутам падаў у 2017 годзе гендырэктар прадпрыемства, былы старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. У заяве спадар Ладуцька пісаў:
«Даўжнік працуе са стратамі, неплатаздольнасьць набывае ўстойлівы характар, грашовыя паступленьні не дазваляюць у вызначаныя тэрміны выконваць плацёжныя абавязаньні і абавязаньні, якія вынікаюць з працоўных і зьвязаных зь імі адносін».
Сапраўды, па стане на 2017 год «Мотавела» меў вялікія даўгі перад сямю банкамі, прычым закладзеная ў банках нерухомасьць прадпрыемства ацэньвалася ў 88 мільёнаў даляраў — амаль удвая менш, чым тыя грошы, якіх патрабавалі крэдыторы. Апошнія два гады прадпрыемства працавала са стратамі па 2–3 мільёны даляраў.
«Мотавела», якое на пачатку 2010-х гадоў фактычна стала прыватным прадпрыемствам, у студзені 2017 году юрыдычна зноў ператварылася ў дзяржаўнае. Тады суд канфіскаваў кантрольны пакет акцый «Мотавела» ў ягонага асноўнага ўласьніка Аляксандра Мураўёва і перадаў акцыі Дзяржкамітэту па маёмасьці. Таксама суд прызнаў Мураўёва вінаватым у шэрагу службовых і эканамічных злачынстваў ды асудзіў на 11 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны бізнэсовец так і не прызнаў і ў апошнім слове параўнаў падзеі вакол «Мотавела» з «рэйдэрскім захопам». Да арышту ў 2015 годзе Аляксандар Мураўёў пасьпеў перазапусьціць на «Мотавела» вытворчасьць ровараў пад брэндам «Аист» і дамагчыся, што прадпрыемства пачало працаваць зь невялікім прыбыткам.
У гэтыя дні Аляксандра Мураўёва зноў судзяць, цяпер за ўхіленьне ад падаткаў, у Ленінскім раённым судзе Менску. Бізнесоўца трымаюць у СІЗА ўжо каля трох гадоў.
Паводле зьвестак, цяперашняе кіраўніцтва «Мотавела» плянуе перанесьці вытворчасьць менскіх ровараў і матацыклаў у Расею на пляцоўку сумеснага прадпрыемства. Назіральнікі не выключаюць, што ў сумнай гісторыі з банкруцтвам «Мотавела» ключавой прычынай стала заводзкая пляцоўка — амаль 27 гектараў непадалёк ад цэнтру Менску, якая даўно прываблівае патэнцыйных інвэстараў у будаўніцтва нерухомасьці.