Паводле крыніц TUT.BY звольненага за прагулы былога старшыню Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцу затрымалі ў Расеі.
Паводле інфармацыі TUT.BY, Сітніца спачатку пайшоў на бальнічны, а пасьля перастаў выходзіць на працу. Былым кіраўніком Гомельскага раёну зацікавіліся сілавікі, чыноўніка абвясьцілі ў вышук.
У канцы мінулага тыдня Аляксандра Сітніцу затрымалі ў Расеі, піша TUT.BY, абапіраючыся на дзьве ананімныя крыніцы. Гэтую інфармацыю ў Міністэрстве ўнутраных спраў камэнтаваць адмовіліся.
Як паведамлялася раней, старшыня Гомельскага райвыканкаму Аляксандар Сітніца вызвалены ад пасады за грубае парушэньне службовых абавязкаў (прагулы) згодна з распараджэньнем старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка. Ад пачатку красавіка Сітніца не зьяўляўся на працоўным месцы, прычыны не называліся.
Аляксандар Сітніца працаваў старшынём Гомельскага райвыканкаму цягам дзевяці гадоў, дагэтуль кіраваў саўгасамі ў Петрыкаўскім і Рэчыцкім раёнах.