Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гавораць украінцы па дарозе зь Беларусі, калі аўтобус спазьняецца на дзьве гадзіны


Чарга на памежным пераходзе «Новая Гута», архіўнае фота
Чарга на памежным пераходзе «Новая Гута», архіўнае фота

Ніколі такога не было — і вось зноў. Аўтобус Гомель — Кіеў прыбыў у Чарнігаў на дзьве гадзіны пазьней з прычыны доўгай праверкі на мяжы.

Пры пасадцы ў Гомлі па аўтобусе хадзілі заклапочаныя ўкраінкі, пыталіся ў пасажыраў: «Правозіце цыгарэты? Не? Блёк возьмеце? Дзесяць грыўняў. Алькаголь правозіце? Па норме? Можа, возьмеце бутэльку?». Нарэшце ўсе цыгарэты былі раўнамерна разьмеркаваныя па пасажырах і мы паехалі. 60 пасажыраў везьлі 60 блёкаў, па дзесяць пачкаў у блёку, па дваццаць штук у пачку, што значыць 1200 цыгарэт — усё згодна з заканадаўствам. Ехалі ў асноўным украінцы. Кіроўца і аўтобус таксама належалі суседняй краіне. Зь беларускага ў аўтобусе былі толькі мы двое і 1200 цыгарэт.

Спачатку замарудзілі на беларускім баку — доўга правяралі пашпарты і багаж. Украінскія «прикордонники» правяралі спрытней, чым нашыя. Беларускія, напрыклад, перш чым запусьціць аўтобус на пункт пропуску, праверылі, каб кожны пасажыр меў пашпарт. Украінскі памежнік зайшоў у аўтобус — і ўсе паднялі свае пашпарты ў выцягнутых руках, як бюлетэні пры адкрытым галасаваньні ці карткі журы. Той кіўнуў галавой, і мы паехалі.

На ўкраінскім пункце пропуску памежнікі хутка прагледзелі пашпарты і задаволеныя пасажыры занялі свае месцы згодна з квіткамі, якія набылі ў касе і па-за ёй. Няўжо зараз паедзем? Але аўтобус стаяў, кіроўца недзе хадзіў. Вось ён вярнуўся.

«Максіменка Аляксей е?» — гукнуў кіроўца. Ніхто не адазваўся. Кіроўца зноў крыкнуў, разоў шэсьць. Маўчаньне. «Ды што гэта такое? Дзе ён дзеўся? Ён жа падаваў пашпарт памежнікам, дзе Максіменка?» — раззлаваўся кіроўца. «Ёсьць у нас Максіменка, але не Аляксей, а Андрэй!», — нарэшце прызналася нейкая кабета. «Ці Аляксей, ці Андрэй — хай выходзіць па-харошаму, да яго пытаньні ёсьць», — буркнуў кіроўца.

Аўтобус напружана маўчаў, чакаў. Праз дваццаць хвілінаў зноў пачаў крычаць кіроўца: «А Рудэнка Вадзім ёсьць? Я пытаюся, хто Рудэнка Вадзім? Хай выходзіць па-харошаму!». Тут ужо пасажыры не вытрымалі, выбухнулі абурэньнем: «Ды што гэта такое, калі мы паедзем? Для чаго нас праверылі, а потым цягаюць па адным? І што — так усіх па адным і будуць выводзіць? Так мы да ночы не даедзем да Кіева! Хай адразу высадзяць усіх парушальнікаў, а мы спакойна паедзем!» Украінец перада мной спакойна і стрымана сказаў: «Расстраляць усіх!».

На прапанову «высадзіць усіх парушальнікаў» раздражнена адрэагаваў кіроўца: «Я, каб мог, палову з вас высадзіў тут і ня вёз далей! Асабліва тых, хто квіткі набываў у касе!»*

Людзі працягвалі абурацца затрымкай, але кіроўца параіў: «Не разумнічаць тут мне! Лепш анэкдоты расказвайце! Як на беларускім баку паўтары гадзіны стаялі, дык усе як мыла зьелі, а тут бач, разышліся!».

Малады мужчына ззаду пачаў распавядаць, што чуў недзе пра новыя ўмовы пахаваньня. Што, маўляў, цяпер будуць чалавека хаваць і над магілай абавязкова дрэва садзіць — «каб было экалягічна». Пэнсіянэрка-ўкраінка (80+) абуралася затрымкай на мяжы больш за ўсіх: «Колькі яшчэ мы будзем тут стаяць? Калі скончыцца гэтае бязладзьдзе?». «То не да нас, бабулька, да Парашэнкі. Едзеш у Кіеў, дык зайдзі да яго і скажы: так-растак, калі навядзеш парадак на мяжы?» — параіла яе маладзейшая зямлячка, якая ехала з санаторыю.

Нейкія людзі моцна маталі нэрвы маладому чарнігаўцу — назвоньвалі па тэлефоне кожныя пяць хвілінаў, той апраўдваўся, што не вінаваты, што гэта памежнікі так марудна робяць сваю справу. На пятнаццатым тэлефанаваньні малады чалавек ня вытрымаў, і закрычаў у трубку: «Я прыеду ў Чарнігаў, вазьму вяроўку ды павешуся!». «Дапаможам. І чаго табе да Чарнігава чакаць — вунь вакол лес, а матузок мы знойдзем!» — прапанаваў мой сусед сьпераду.

«Так, а што ж рабіць? Калі гэта скончыцца? І ці будзе ў нас Трэці?**», — пачалі пытацца адзін у аднаго ўкраінцы.

Зноў залямантавала бабулька (80+, ужо можа і 81+, з такой затрымкай): «Калі паедзем? Я ў Кіеў спазьняюся!» — «Ат, бабулька, хоць ты маўчы, куды табе ўжо спазьняцца? Да Парашэнкі? Ды ён пачакае цябе!», — пацьвельвала старую пасажырка.

Адна кабета зьвярнулася да пасажыраў: «А памятаеце, як на пачатку незалежнасьці ў Раду прыйшоў нейкі вар’ят з аўтаматам, ледзьве іх там не пастраляў?» — «Чаму адразу варʼят? Нармальны чалавек! Шкада, што...», — засьмяяліся пасажыры. Яны падзяліліся сваімі патаемнымі марамі: «Ах, каб тая жырандоля ў Радзе некалі грымнулася...**»

...Нарэшце памежнікі праверылі ўсіх, каго хацелі, і аўтобус паехаў. Ён спазьніўся на дзьве гадзіны. Але ўсё-такі на дзьве гадзіны, ня больш, ня менш.

...Праз спазьненьне аўтобусу ў Чарнігаве давялося карыстацца паслугамі таксі. Кіроўца вельмі ўзрадаваўся, што мы беларусы, і пачаў так і гэтак расхвальваць нашу радзіму і скардзіцца на сваю. У той момант, калі ён абураўся («Ва Ўкраіне анархія!»), я спрабавала прышчапіць пас бясьпекі, але таксіст ледзь не па руках мне біў і крычаў, што гэта лішняе. Але я настойвала, бо «гэта ж парушэньне правілаў». Ён скардзіўся на анархію — і гнаў па горадзе, нібыта сарваўся з ланцуга. Зь нейкім ці задавальненьнем, ці абыякавасьцю, ці з пратэсту супраць існуючай рэальнасьці, ці ад усяго адразу ён раз за разам заяжджаў пад «цагліну», працягваючы скардзіцца на Некага, хто стварыў і падтрымлівае ў ягонай краіне бязладзьдзе. Нарэшце яму прыйшло на розум не везьці нас да таго месца, куды нам трэба, а хітра высадзіць раней — з парадай, што нам адтуль будзе зручней дабрацца. На нашы настойлівыя просьбы завезьці нас усё-такі туды, куды мы дамаўляліся, ён ледзьве не пакрыўдзіся, але давёз, натуральна, з даплатай. Даплата была невялікая — 10 грыўняў. Якраз столькі мне прапаноўвалі за перавозку празь мяжу аднаго блёку беларускіх цыгарэтаў. Тое на тое выйшла, як той казаў.

* Заўвага, зразумелая пасажырам некаторых украінскіх аўтобусаў: калі можна зэканоміць на квітку — набыць яго ня ў касе, а ў кіроўцы.

** Трэці Майдан.

*** Жырандоля ў Вярхоўнай Радзе зь белага і каляровага крышталю, якая важыць чатыры тоны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG