У выніку сутыкненьняў паміж паліцыяй і пратэстоўцамі ў Ерэване 22 чалавекі атрымалі раненьні, сярод іх — трое паліцыянтаў, а таксама лідэр пратэстоўцаў Нікол Пашыньян.
«Стан аднаго з паліцыянтаў цяжкі, яго цяпер апэруюць. У астатніх пацярпелых лёгкія раненьні, іх сёньня выпішуць зь лякарні», — заявіў журналістам кіраўнік аддзелу рэанімацыі мэдычнага цэнтру «Наір» Анатолій Гнуні.
Паводле яго, у мэдцэнтар з раненьнямі рознай цяжкасьці былі дастаўлены трое паліцыянтаў і сам Пашыньян, у якога рваныя раны.
У Ерэване прыхільнікі апазыцыі ладзяць акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня, каб прадухіліць прызначанае на 17 красавіка галасаваньне ў парлямэнце па кандыдатуры былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі.
Жывая трансьляцыя армянскай службы Радыё Свабода:
Арганізатар акцыі, лідэр партыі «Грамадзянскі дагавор» Нікол Пашыньян з прыхільнікамі заблякавалі некалькі вуліц у цэнтры Ерэвана. Да іх далучыліся студэнты, пачаўшы сядзячую забастоўку. На 10 хвілін быў спынены рух мэтро, заблякаваныя некалькі мастоў.
Паліцыя расьцягнула калючы дрот і ўжыла спэцсродкі, праўдападобна шумавыя гранаты.
На скрыжаваньні адной з вуліц гораду адбылося сутыкненьне паміж пратэстоўцамі і кіроўцам аўтамабіля з дзяржаўнымі нумарамі. Кіроўца і пасажыры напалі на актывістаў, нанесьлі ім ўдары і, прарваўшы выстаўленае студэнтамі ачапленьне, селі ў машыну і зьехалі.
Паліцыя Армэніі абвясьціла, што «ўсе дзеяньні актывістаў незаконныя, гэтым яны абмяжоўваюць права грамадзян на свабоду перамяшчэньня».
Удзельнікі шэсьця на чале з Ніколам Пашыньянам прайшлі празь некалькі паліцэйскіх кардонаў. Яны падымалі ўгору рукі, паказваючы, што ня маюць намеру ўступаць у сутыкненьні з паліцыяй і што іх акцыя мірная.
У сакавіку парлямэнт Армэніі ўпершыню выбраў новага прэзыдэнта краіны, канчаткова завяршыўшы канстытуцыйную рэформу 2015 года.
Краіна пераходзіць да парлямэнцкай форме праўленьня. Кіраваць дзяржавай стане прэмʼер-міністар. Кіроўная Рэспубліканская партыя Армэніі 14 красавіка вылучыў на гэтую пасаду Сэржа Саргсьяна, які з 2008 па 2018 гады займаў пасаду прэзыдэнта.