11 красавіка Гомельскі абласны суд прызнаў жыхара Мазыра Андрэя Рабешку вінаватым і пакараў яго 18 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму: 17 гадоў за спробу забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў, а таксама 1 год зьняволеньня за крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску. Вырак агучыў судзьдзя Іван Котаў.
10 пытаньняў да справы мазыраніна, які парэзаў трох міліцыянтаў
«Прысуд нельга лічыць аб’ектыўным і справядлівым ні з пункту гледжаньня кваліфікацыі дзеяньняў майго падабароннага, ні з гледзішча ацэнкі здабытых фактаў і паказаньняў сьведак. Будзем падаваць апэляцыю», — заявіла Свабодзе адвакатка Рабешкі Кацярына Змушка.
Прысутныя ў залі адрэагавалі на прысуд воклічам: «Ганьба».
Алена Страха пабралася афіцыйным шлюбам з Андрэем Рабешкам, калі ён ужо быў за кратамі. Яна лічыць, што міліцыянты самі працавалі неахайна, непрафэсійна:
«Самі абгадзіліся, абняславіліся на ўсю Беларусь, а мужа зрабілі вінаватым. Нелюдзі. У чатыры гадзіны ночы ўварваліся ў двор, напалі. Ніхто ня мог падумаць, што так працуе міліцыя!»
Маці Рабешкі, Ева Іванаўна, лічыць, што міліцыянты прыкрывалі «сапраўдных злачынцаў і наркадылераў», якім сын і Падабедаў раней рабілі заўвагі.
«Зьвярʼё нейкае. Яны дзеля прэміяў усё гэта зрабілі. Думаю, прыкрывалі сапраўдных злачынцаў і наркадылераў», — кажа Ева Рабешка.
Адвакат: гэта была самаабарона
У судзе адвакатка выказвалася за апраўданьне Андрэя Рабешкі, які, па сутнасьці, абараняў сябе і сваю грамадзянскую жонку.
«Мела месца самаабарона, нават не перавышэньне яе, а менавіта неабходная самаабарона», — перакананая адвакат Змушка.
Пра гэта заяўляў, выступаючы ў судзе з апошнім словам, і абвінавачаны Рабешка:
«Ня я прыйшоў ноччу да міліцыянтаў, ня я чакаў іх на двары, схаваўшыся, каб мяне не было відаць і каб потым напасьці і пазбавіць іх жыцьця. Наадварот, гэта зрабілі цяперашнія пацярпелыя. Яны напалі на мяне. Я ўсяго толькі абараняў сябе, сваё жыцьцё і жыцьцё маёй любай жонкі. Я зрабіў так, як зрабіў бы сапраўдны мужчына».
«Я зрабіў як сапраўдны мужчына», — мазыранін, які парэзаў трох міліцыянтаў, выступіў з апошнім словам
Для нагляднасьці Рабешка, стоячы ў клетцы суду за бранявным шклом, нават надзеў на галаву чорную маску з прарэхамі для вачэй і патлумачыў:
«Я сёньня максымальна наблізіў свой вонкавы выгляд да таго, як выглядалі людзі, што напалі на мяне».
Як зьявілася і разьвівалася справа?
Разгляд крымінальнай справы доўжыўся тры месяцы. А пачалося ўсё з таго, што Андрэй Рабешка са сваім мазырскім сябрам Аляксандрам Падабедавым узялі з кватэры са згоды яе гаспадыні зварачны апарат і мыйку высокага ціску. Кватэру ў бараку гаспадыня прасіла ачысьціць, каб вызначыць, які рамонт патрабуецца, і выставіць яе на продаж. Ацэнку праводзіў інжынэр Падабедаў.
Як высьветлілася, зварачны апарат і мыйка належалі іншаму гараджаніну, які з дазволу брата гаспадыні, пакуль тая адбывала пакараньне паводле выраку суду, зрабіў у кватэры нешта накшталт сваёй кладоўкі.
«На мой нумар тэлефанаваў, як высьветлілася ў судзе, старшы лейтэнант Чаплыгін з Гомля, намякаў, што „ёсьць нармальная тэма, бабла ўсім хопіць“. Пэўна ж, правакаваў», — расказваў журналістам Аляксандар Падабедаў.
Аляксандру Падабедаву суд адмераў два гады папраўчых прац. Вырак Аляксандар лічыць несправядлівым і заўважае, што каля 90 адсоткаў ягоных і Рабешкавых хадайніцтваў дзеля высьвятленьня акалічнасьцяў справы суд проста адхіліў.
Начное затрыманьне ў Мазыры
Справай занялася рэгіянальная служба ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй УУС Гомельскага аблвыканкаму.
Андрэя Рабешку гомельскія міліцыянты вырашылі затрымліваць ноччу супольна з амапаўцамі. Выстаўлялі яго як небясьпечнага рэцыдывіста, які адбываў пакараньне ў Беларусі і нібыта рабаваў банкі ў Нямеччыне. Тым ня менш на апэрацыю нават амапаўцы не ўзялі з сабою ані бронекамізэлек, ані форменнай вопраткі з знакамі адрозьненьня. Мелі толькі чорныя маскі з прарэхамі для вачэй.
У судзе высьветлілася таксама, што міліцыянты выпраўленыя ў Мазыр на правядзеньне спэцапэрацыі 29 красавіка 2017 году, а ўзгадненьне на ўдзел у ёй супрацоўнікаў АМАПу атрымана ад кіраўніцтва УУС толькі на наступны дзень. Падзеі апярэджвалі афіцыйныя распараджэньні.
Гомельская група зь сямі міліцыянтаў вырашыла ўначы зрабіць ператрус у доме Алены Страхі, грамадзянскай жонкі Рабешкі, а заадно затрымаць і самога Андрэя — ён знаходзіўся на той час у Алены.
Акурат падчас начнога затрыманьня 30 красавіка ў двары прыватнай сядзібы Рабешка і парэзаў нажом двух амапаўцаў — прапаршчыка Мадзянкова і старшыну Юрчанку — і пырнуў у ягадзіцу старшага лейтэнанта Чаплыгіна з аддзяленьня наркакантролю Цэнтральнага РАУС Гомля.
З начных нападнікаў міліцыянты сталі пацярпелымі, а Андрэя Рабешку, які абараняў сваю сям’ю ад налётчыкаў у чорных масках, зрабілі вінаватым у спробе забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў.