Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абмежавала ўвоз беларускай сьвініны праз чуму, якой у Беларусі нібыта «няма»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 10 красавіка «​Россельхознадзор​» увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз беларускай сьвініны — ведамства піша, што «вымушанае» гэта зрабіць з прычыны афрыканскай чумы сьвіней (АЧС).

Вядомая толькі дата пачатку, але не завяршэньня абмежаваньняў. Яны будуць датычыцца жывых сьвіней і іхнага генэтычнага матэрыялу, сьвінога мяса і субпрадуктаў, гатовай прадукцыі са сьвінінай у складзе, сыравіны для кармоў, мяса і розных іншых прадуктаў з жывёлаў, успрымальных да АЧС, кармоў і харчовых дадаткаў для сьвіней.

Абмежаваньні зьвязаныя, сьцьвярджае «Россельхознадзор», з выяўленьнем у прадукцыі Гомельскага мясакамбінату (сасісках «Кракаўскія» і варанай каўбасе «Часночная „Смак“») генома вірусу АЧС. Ведамства піша, што яшчэ 5 сакавіка пісьмова прасіла беларускіх калегаў удакладніць стан з АЧС на тэрыторыі краіны, але не атрымала афіцыйнага адказу, толькі вусныя запэўніваньні ў тым, што чумы сьвіней няма.

Тое, што «ў Беларусі няма АЧС», беларускія ўлады сьцьвярджаюць ужо пяць гадоў. І цяпер беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі адказала БелаПАН, што «эпізаатычнае становішча ў краіне добрае», ня згадваючы АЧС.

У Расеі ёсьць, ва Ўкраіне ёсьць — у Беларусі няма, прызнаецца распаўсюд «нейкай інфэкцыі», празь якую ў некаторых рэгіёнах масава забіваюць сьвіней. Але не афрыканскай чумы — дагэтуль ніводнага выпадку яе афіцыйна не зарэгістравана.

Каб адгарадзіцца ад беларускай «невядомай інфэкцыі», Польшча сабралася паставіць агароджу даўжынёю 729 кілямэтраў на мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай за 36 мільёнаў даляраў. За тры гады ў Беларусі дзеля «недапушчэньня» АЧС зьнішчылі амаль усіх дзікоў, цяпер абмежавалі паляваньне на тых, што выжылі.

Разам з тым у Беларусі з Расеяй працягваюцца іншыя гандлёвыя спрэчкі — «малочныя войны». Іх небясьпеку ўжо адзначылі міжнародныя аналітыкі: справа ня толькі ў малацэ, а і ў тым, што спрэчкі могуць закрануць іншыя галіны эканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG