Са 102 маставых збудаваньняў Менску 22 маюць патрэбу ў капітальным рамонце, 9 зь іх — у тэрміновым, паведаміў на пасяджэньні ў Менгарвыканкаме рабочай групы ў пытаньнях добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня гарадзкіх тэрыторый дырэктар УП «Гараўтамост» Валер Уласевіч, перадае агенцтва «Минск-Новости».
Уласевіч дадаў, што сёлета плянуецца капрамонт толькі аднаго моста — праз раку Сьвіслач на праспэкце Машэрава. Праца мае пачацца 4 ліпеня.
На шэрагу мастоў і пуцеправодаў у 2018 годзе плянуецца бягучы рамонт. Так, замену пакрыцьця праезнай часткі правядуць на 14 аб’ектах, замену агароджаў — на 9 мастах. На мастах празь Сьвіслач на вул. Кастрычніцкай і Леніна плянуюць замяніць агароджы і ходнікі.
У лютым менчукі зьвярнулі ўвагу на тое, што мост церазь Сьвіслач на праспэкце Машэрава падпёрты драўлянымі канструкцыямі. На пытаньне Свабоды, што здарылася з мостам, Валер Уласевіч адказаў: «Мост не развальваецца. Гэта зроблена проста ў мэтах умацаваньня».
Пасьля таго як мост праз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ў канцы мінулага году даў расколіну, Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі правяло праверкі іншых мастоў і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцый» масты яшчэ ў чатырох гарадах: праз Сож — у Гомлі, празь Дзьвіну — у Наваполацку і ў Бабруйску, а таксама празь Дняпро — каля Рэчыцы. А нядаўна ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова парэнчаў. Абышлося без ахвяраў.
Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА
Аляксандар Лукашэнка даручыў адрамантаваць аварыйны мост у Жыткавіцкім раёне да канца 2018 году. Каб аднавіць яго, мостабудаўнікі зьбіраюцца пракласьці для Прыпяці новае рэчышча. Адказным за аднаўленьне транспартнай сувязі прызначаны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, сам родам з Тураўшчыны.