Савет міністраў зацьвердзіў прыкладнае палажэньне аб працы і паўнамоцтвах камісій па занятасьці насельніцтва. Такія камісіі будуць стварацца для выкананьня новага «дармаедзкага» дэкрэту, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня.
Дакумэнт ужо набыў моц.
Хто такія «дармаеды»?
Паводле дэкрэту кіраўніка дзяржавы № 3, «сацыяльнымі ўтрыманцамі» лічыліся грамадзяне якія цягам 183 каляндарных дзён ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў.
У абноўленым дэкрэце 2018 году новага азначэньня дармаедаў няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» і «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне».
«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.
Што пагражае «дармаедам»?
Ад 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя мусяць у поўным аб'ёме плаціць за паслугі, датаваныя дзяржавай. Пералік паслуг і санкцыі за іх нясплату ўрад пакуль не назваў.
Урад забыўся на «дармаедаў»?
Імаверна, гэтую пастанову прынялі задняй датай. Да 1 красавіка Савет міністраў павінен быў прыняць пастанову, як так званым «дармаедам» аплачваць камунальныя і іншыя паслугі.
Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч раніцай 4 красавіка паведаміў Свабодзе, што пастанова ўраду яшчэ не прынятая.
«Калі яна будзе прынятая, дакумэнт адразу ж будзе разьмешчаны на афіцыйным сайце Саўміну», — казаў Сычэвіч за дзень да публікацыі пастановы.
Праз затрымку ў прыняцьці пастановы 4 красавіка дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая накіравала адмысловы зварот у Савет міністраў. На наступны дзень, 5 красавіка, на сайце Саўміну апублікавалі «Прыкладную пастанову» аб працы камісій па занятасьці ад 31 сакавіка.
Што будуць рабіць камісіі?
Упершыню «дармаедзкія» камісіі зьявіліся падчас дзеяньня дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве. Яны разглядалі звароты тых, хто прасіў пра частковае ці поўнае вызваленьне ад сплаты падатку на «дармаедзтва».
Цяпер гэтыя камісіі будуць часткова ці цалкам вызваляць ад поўнай платы за датаваныя дзяржавай паслугі. У такія камісіі змогуць зьвяртацца тыя, каго новы дэкрэт прызнаў «дармаедамі», а таксама іх сваякі. Прычынай звароту аб вызваленьні ад аплаты можа стаць «цяжкая жыцьцёвая сытуацыя».
Паводле пастановы Саўміну ў камісій па занятасьці будуць і новыя задачы:
- дапамагаць у працаўладкаваньні працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы;
- займацца рэсацыялізацыяй грамадзянаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця;
- кансультаваць і аказваць прававую дапамогу па працаўладкаваньні і (ці) самазанятасьці;
- інфармаваць грамадзян, якія знаходзяцца ў «базах дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы»;
- фармаваць сьпісы грамадзян, якія мусяць плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ў поўным аб’ёме.
«Дармаедаў» будуць накіроўваць у ЛПП?
Камісіі маюць права накіроўваць беспрацоўных у цэнтры занятасьці, а таксама прымаць рашэньні аб накіраваньні «працаздольных непрацуючых грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця», у лячэбна-працоўныя прафілякторыі (ЛПП).
Таксама камісія зможа запытваць у службовых асоб, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый незалежна ад формы ўласнасьці інфармацыю «па пытаньнях, якія адносяцца да дзейнасьці» камісіі.
Хто будзе працаваць у камісіях?
«Дармаедзкія» камісіі, паводле пастановы, будуць узначальваць старшыні раённага ці гарадзкога савету дэпутатаў, а ў мясцовых адміністрацыях — кіраўнік адміністрацыі раёну ў горадзе.
У склад камісій па занятасьці будуць уваходзіць:
- дэпутаты ўсіх узроўняў;
- спэцыялісты выканаўчых камітэтаў;
- прадстаўнікі рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў.
Як будуць прымаць рашэньні аб «дармаедах»?
Паседжаньні камісій па занятасьці будуць праводзіць не радзей за два разы на месяц. Рашэньні будуць прымацца галасаваньнем. Рашэньне прымуць, калі за яго прагаласавала больш за палову ўдзельнікаў камісіі, якія прысутнічалі на паседжаньні. У выпадку роўнасьці галасоў, прымуць рашэньне за якое прагаласаваў старшыня камісіі.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.
Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.
Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.
У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.