Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржпрамнагляд выявіў больш за тысячу парушэньняў бясьпекі на аб’ектах масавага знаходжаньня людзей


Дзяржпрамнагляд Беларусі выявіў больш за тысячу парушэньняў бясьпекі на аб’ектах масавага знаходжаньня людзей, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

З 27 па 30 сакавіка Дзяржпрамнагляд праверыў 987 «патэнцыйна небясьпечных аб’ектаў» (ліфтаў, эскалятараў, травалятараў, кацельных, аб’ектаў газаразьмеркавальнай сыстэмы і газаспажываньня) у 160 гандлёва-забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах масавага знаходжаньня людзей.

Па выніках праверак выяўлена 1062 парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі. 71 з усіх выяўленых парушэньняў ствараюць пагрозу ўзьнікненьня надзвычайных сытуацый.

Паводле ведамства, выкарыстаньне ўсіх небясьпечных аб’ектаў прыпыненае да ліквідацыі парушэньняў.

Масавыя праверкі пажарнай бясьпекі аб’ектаў пачаліся ў Беларусі на загад Аляксандра Лукашэнкі пасьля трагедыі 25 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ў расейскім горадзе Кемерава, дзе ў выніку пажару, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей.

Раней Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі выявіла парушэньні на больш як 75% правераных абʼектаў у Беларусі: паводле кіраўніка МНС Валера Вашчанкі, з 500 правераных аб’ектаў 334 аказаліся «не гатовыя да маніторынгу». Па выніках першага этапу праверак ведамства склала інтэрактыўную мапу. На ёй нанесеныя першыя 334 правераныя аб’екты, на якіх выяўленыя парушэньні.

Больш як на 75% правераных абʼектаў у Беларусі выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG