2 красавіка актывіста аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслава Паўлінковіча Ленінскі суд Магілёва аштрафаваў на 122 рублі 50 капеек за непадпарадкаваньне міліцыі.
Раней, 26 сакавіка, ДАІ пакарала яго штрафам за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Да гэтага ён двое сутак правёў пад арыштам. І ўсё праз тое, што проста хацеў трапіць у Менск на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, кажа актывіст.
Абодва прысуды магілёвец будзе абскарджваць.
Паводле Станіслава Паўлінковіча, 24 сакавіка яго затрымалі каля дому амапаўцы. Яны прапанавалі яму праехаць у пастарунак, каб спраўдзіць асобу. Паўлінковіч кажа, што не пярэчыў, але ў пастарунку на яго склалі пратакол аб непадпарадкаваньні.
Калі ў судзе Паўлінковіч папрасіў амапаўцаў Аляксандра Якушава, Аляксея Герцава ды Віктара Мішчанку пацьвердзіць іх сьведчаньні відэазапісам, аказалася, што відэафіксатара ў іхнай машыне не было. Міліцыянты сказалі, што ня маюць прычын агаворваць Паўлінковіча. Судзьдзя Алена Літвіна паверыла ім на слова і аштрафавала актывіста на 5 базавых велічынь.
За два гады Станіслава Паўлінковіча тройчы затрымлівалі напярэдадні акцый пратэсту ў Менску.
Летась яго абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі, — справу праз паўгода спынілі, бо не знайшлі доказаў.
Пасьля штрафу ў 460 рублёў за пратэст супраць вучэньняў «Захад-2017» ён накіраваў скаргу ў ААН.