Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху — 2018» падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам


Чарнобыльскі шлях — 2017
Чарнобыльскі шлях — 2017

Пасьля канчатковага ўзгадненьня пазыцыяў наконт фармату акцыі 26 красавіка арганізатары падалі заяўку ў Менгарвыканкам.

«Абмеркаваньне працягвалася да сёньня, — сказаў Свабодзе намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Папярэдне былі пляны падаваць заяўку а 12-й, але вырашылі яшчэ раз сабрацца, каб улічыць усе прапановы наконт фармату».

У аргкамітэт шэсьця ўвайшлі шэраг палітычных і экалягічных арганізацыяў: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», грамадзкае аб’яднаньне «Экадом».

«Замоўнікам акцыі ад БХД Вольга Кавалькова, агулам — сем чалавек з розных арганізацыяў, — удакладніў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Заяўку ў Менгарвыканкам падалі ў другой палове дня. — Плянавалі раней, але абмяркоўвалі тэхнічныя дэталі».

Ці ёсьць супярэчнасьці ў тым, як праводзіць акцыю? Некаторыя актывісты выказвалі ўпэўненасьць, што кансэрватыўнаму фармату неабходныя зьмены. Напрыклад, былы палітвязень Алесь Кіркевіч з улікам нядаўняга адзначэньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР прапаноўваў замест звыклага шэсьця канцэрт-рэквіем.

Віталь Рымашэўскі раней запэўніваў, што аргкамітэт адкрыты да новых ініцыятываў, гатовы прыслухацца да любой канструктыўнай прапановы што да фармату правядзеньня «шляху».

«Я б не сказаў, што такія моцныя рознагалосьсі, але была патрэба дакладна ўзгадніць усе моманты — час, маршрут, той жа фармат,— працягвае Аляксей Янукевіч. — Што да канцэрту, то на яго падрыхтоўку часу хіба што ўжо няма...»

У апошнія гады менскія ўлады дазвалялі шэсьце ў гадавіну аварыі на ЧАЭС ад пляцоўкі каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў. Выглядае, што гэтым разам маршрут будзе той жа. Агучаны плян сёлетняй акцыі фактычна не адрозьніваецца ад ранейшых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG