Заўзятары «Крумкачоў» ня хочуць, каб каманда канчаткова зьнікла пасьля таго, як Беларуская фэдэрацыя футболу адмовіла менскаму клюбу ў ліцэнзіі на сэзон 2018 году.
Спартовыя функцыянэры патлумачылі сваё рашэньне сыстэматычнымі парушэньнямі дзейнага рэглямэнту найвышэйшай лігі адміністрацыяй "Крумкачоў".
У сваю чаргу, перад клюбам неадкладна паўстала дылема: або зноў вярнуцца ў другую лігу, адкуль некалькі гадоў пачаўся імклівы ўзьлёт да эліты, або самаліквідавацца .
30 сакавіка, у апошні дзень прыёму заявак, у фэдэрацыю ўсё ж быў пададзены пакет дакумэнтаў на ўдзел у самым ніжэйшым дывізыёне нацыянальнага чэмпіянату. Калектыў фігуруе пад абноўленай назвай «НФК Крумкачы». Колішні ідэйны натхняльнік праекту Дзяніс Шунто да справы дачынення ня мае — адзінае, што дазволіў выкарыстоўваць назву і лягатып.
Адным з заснавальнікаў новых «Крумкачоў» стаў вядомы піяніст і футбольны заўзятар Юры Бліноў. Акрамя яго, у заснавальніках таксама фігуруе брамнік каманды, жодзінскі прадпрымальнік Яўген Касьцюкевіч.
Рашэньне адносна допуску «НФК Крумкачы» да першынства другой лігі будзе прынятае на паседжаньні Беларускай фэдэрацыі футболу 3 красавіка.