Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музэю прызначаны 26-гадовы культуроляг Павел Сапоцька


Адкрыцьцё выставы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Нацыянальным Гістарычным музэі. 14 сакавіка 2018 году.
Адкрыцьцё выставы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Нацыянальным Гістарычным музэі. 14 сакавіка 2018 году.

Пра гэта паведамляе сайт «Минск-Новости».

Прызначэньне адбылося 29 сакавіка Павел Сапоцька замяніў на пасадзе дырэктара Алега Рыжкова, які кіраваў музэем з 2013 году. Дагэтуль Павел Сапоцька кіраваў мастацкай галерэяй «Ўнівэрсытэт культуры».

З чым зьвязана замена дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю пакуль не паведамляецца. 14 сакавіка ў гэтай установе адкрылася рэзанансная выстава да стагодзьдзя БНР, якая прыцягнула вялікую ўвагу грамадзкасьці і сродкаў масавай інфармацыі.

Сайт «Минск-Новости» падае камэнтар Паўла Сапоцькі да свайго прызначэньня:

— Гэта вельмі нечаканае і прыемнае для мяне прызначэньне, бо я люблю Нацыянальны гістарычны музэй, ведаю мерапрыемствы, якія там праводзяцца, людзей, што там працуюць.

У музэі сабраная багатая матэрыяльна-духоўная і гісторыка-культурная спадчына Беларусі. І наша задача максымальна папулярызаваць тое лепшае, што там ёсьць. У плянах рэалізацыя культурна-асьветніцкіх праектаў, фондавая дзейнасьць, правядзеньне навукова-практычных канфэрэнцый, выдавецкія праекты, умацаваньне міжнародных культурных сувязяў. Напрамкаў работы шмат.

Калектыў добры — больш за 200 чалавек, 6 філіялаў. Таму ў найбліжэйшы час буду з усімі знаёміцца, вывучаць патэнцыял музэю і запусьцім шэраг новых цікавых праектаў, — сказаў Павел Сапоцька.

Паводле «Минск-Новости», Павел Сапоцька нарадзіўся 4 студзеня 1992 году ў Маладэчне. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў, спэцыялізуецца на мэнэджмэньце сацыяльнай і культурнай сфэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG