Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодны тэатар выклаў у вольны доступ дакумэнтальны фільм пра «Цэнтральны»


Фільм быў зьняты падчас і пасьля працы над аднайменным спэктаклем тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры. Рэжысэрам фільму выступіў Уладзімер Шчэрбань. Над фільмам працавалі сябры Свабоднага тэатру Даша Андраянава і Мікалай Купрыч.

Як гаворыцца ў апісаньні да фільму, «Цэнтральны» — дакумэнтальны фільм пра самае простае і легендарнае месца Менску" :

«Цэнтральны — гэта крама. Цэнтральны — гэта злочняк. Цэнтральны — гэта таннае піва і беларускі бальзам са спрайтам, калі ты студэнт, панк або рок-музыка ў 90-х. Цэнтральны — гэта танная гарэлка, калі ты гукарэжысёр філярмоніі або вэтэран вайны ў Аўганістане. Цэнтральны — гэта Ц., Цэха, Цэнтралька. Цэнтральны — гэта дакумэнтальны фільм пра жыцьцё, паралельнае галоўнаму праспэкту».

Як паведаміў заснавальнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, калі фільм быў зьняты, зладзілі анлайн-прэм’еру і паказалі яго ў сацыяльных сетках у прамым эфіры. Пасьля зьбіраліся выкласьці адкрыты доступ, але адзін з партнэраў Свабоднага тэатру прапанаваў зрабіць ягоны паказ у кінатэатры з наступнай грамадзкай дыскусіяй.

«Ідэя нам спадабалася, паколькі празь яе рэалізацыю можна было зразумець, наколькі Свабодны тэатар можа сёньня быць вольным у сваіх дзеяньнях», — піша Халезін.

Аўтары стужкі падалі фільм пад сваім імем на атрыманьне пракатнага пасьведчаньня, але пасьля доўгіх перанакіраваньняў ад аднаго чыноўніка да другога, начальнік Упраўленьня па кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры Аляксандар Рыдванаў прапанаваў памяняць назву фільма і выразаць некалькі сцэн, уключаючы тую, дзе згадваецца дырэктар унівэрсама.

«Калі мы сказалі, што ніякіх зьменаў уносіць ня будзем, нам прапанавалі пачаць з пачатку усю працэдуру, паколькі ў рэгістрацыйным часопісе няма ніякіх зьвестак пра тое, што ўпраўленьне наш фільм прыняло да разгляду. Гэта значыць, усе гэтыя людзі займаліся праблемай выдачы пракатнага дазволу проста так — з-за добрага да нас адносіны», — напісаў Халезін у сваім Фэйсбуку.

У выніку стужку вырашылі выкласьці ў вольны доступ у інтэрнэце бяз цэнзарскіх правак і зьменаў. На англамоўнай старонцы сайта moc.media фільм разьмешчаны з ангельскімі субтытрамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG