Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты высьветлілі, як і чаму Расея дамінуе ў беларускіх тэленавінах


Іна Рамашэўская (зьлева) і Мэт'ю Фрыер
Іна Рамашэўская (зьлева) і Мэт'ю Фрыер

У беларускіх тэленавінах Расея згадваецца ў 7 разоў часьцей за краіны Эўразьвязу. Падзеі ў Расеі беларускімі тэлеканаламі ацэньваюцца ў асноўным пазытыўна. Галоўная тэма міжнародных навінаў у Беларусі — праблемы бясьпекі. Такія высновы зрабілі ў Школе маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня SYMPA-BIPART, якая прэзэнтавала вынікі аналізу праграм беларускага тэлебачаньня пад назвай: «Што нам гавораць у навінах пра Эўропу і Расею?»

Дасьледаваньне праводзілася ў межах міжнароднага праекту EU-STRAT, мэта якога — аналіз дачыненьняў Эўразьвязу і краінаў Усходняга партнэрства: Беларусі, Малдовы, Украіны.

4 месяцы ля тэлевізара

Дасьледчыкі зь Ляйдэнскага ўнівэрсытэту (Нідэрлянды) і беларускія экспэрты з SYMPA-BIPART праводзілі маніторынг навінавых праграм беларускіх тэлеканалаў цягам чатырох месяцаў (з 16 студзеня па 15 траўня 2017 году) і аналізавалі, якія падзеі, колькі часу і ў якой танальнасьці асьвятляюцца для беларускай тэлевізійнай аўдыторыі.

Паралельна правяраліся навінавыя праграмы ўкраінскіх і малдоўскіх тэлеканалаў. Адна з мэтаў — вывучэньне значнасьці расейскага інфармацыйнага ўплыву на беларускага тэлегледача на фоне таго, як Эўразьвяз распаўсюджвае інфармацыю пра сябе.

На час маніторынгу прыпалі выбары ў Францыі і Нідэрляндах, абвастрэньне сытуацыі ў Сырыі, тэракт у Санкт-Пецярбургу, беларуска-расейскія харчовыя войны, сумесныя расейска-таджыцкія вайсковыя вучэньні, легалізацыя эўтаназіі ў Нямеччыне, новы фармат брытанскіх пашпартоў пасьля «Брэксыту».

Экспэрты SYMPA Тацяна Чуліцкая і Іна Рамашэўская штодня глядзелі выпускі вячэрніх навінаў, а потым разам з калегамі зь Ляйдэнскага ўнівэрсытэту Ганаратай Мазэпус (Honorata Mazepus) і Мэт'ю Фрыерам (Matt Frear) параўноўвалі, аналізавалі, рабілі высновы.

Экспэрты прааналізавалі 607 выпускаў навінаў

У поле зроку дасьледчыкаў трапілі праграма «Время», якая трансьлявалася ў Беларусі штодня а 20-й гадзіне з расейскага Першага тэлеканалу, «Наши новости» а 20.30 тэлеканалу АНТ і «Панарама» тэлеканалу «Беларусь-1», якая штодня выходзіць у эфір а 21-й гадзіне.

Мэт'ю Фрыер, Тацяна Чуліцкая, Ганарата Мазэпус і Іна Рамашэўская (зьлева направа)
Мэт'ю Фрыер, Тацяна Чуліцкая, Ганарата Мазэпус і Іна Рамашэўская (зьлева направа)

Экспэрты прагледзелі 607 выпускаў навінаў, што ў суме склала 377 гадзін і 1805 навінавых сюжэтаў. Усю гэту прадукцыю паказвалі дзяржаўныя беларускія тэлеканалы. Ва Ўкраіне і Малдове іншая сытуацыя: там аналізаваліся навіны на дзяржаўных і прыватных каналах, да таго ж трэба было ўлічваць моўныя асаблівасьці.

У Беларусі тэленавіны ідуць па-расейску

У Беларусі няма дакладных зьвестак аб праглядзе аўдыторыяй навінаў, але мяркуецца, што тэленавіны досыць папулярныя ў насельніцтва.

Тэлевізія для беларусаў — другая па папулярнасьці крыніца інфармацыі (пасьля сваякоў і сяброў). Але сярод аўдыторыі да 30 гадоў асноўнай крыніцай інфармацыі зьяўляецца інтэрнэт (70% моладзі даведваецца пра навіны зь сеціва і давярае інтэрнэту).

Амаль усе навіны на беларускіх тэлеканалах ідуць на расейскай мове. Зрэдку па «Беларусь-1» па-беларуску рыхтуюцца навіны пра культуру і гісторыю. На канале АНТ практычна няма беларускай мовы.

Расея як асноўны навінавы фактар

У Беларусі 36 %, у Малдове — 30 %, ва Ўкраіне — 37 % усіх навінаў прысьвечана Расеі. Ва ўсіх краінах Расеі ўдзялялася больш увагі, чым Эўразьвязу.

Нават калі ў цэнтры сюжэту знаходзіўся Эўразьвяз, у 15% выпадкаў згадвалася і Расея.

А вось Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС) асьвятляўся мінімальна: у Беларусі ў 6% навінаў, ва Ўкраіне зусім ня згадваўся.

У беларускіх навінах Расея асьвятляецца пазытыўна

Падзеі ў Расеі беларускімі тэлеканаламі ацэньваюцца ў асноўным пазытыўна. А ва Ўкраіне 95% сюжэтаў пра Расею нэгатыўныя. Аднак экспэрты заўважылі, што на канале АНТ зьяўляліся нэгатыўныя акцэнты ў дачыненьні расейскіх санкцый, а таксама забароны ў Расеі беларускіх харчоў і дзеяньняў расейскіх чыноўнікаў.

Наведнікі сустрэчы
Наведнікі сустрэчы

Галоўная тэма міжнародных навінаў — бясьпека

Праблемы асьвятляліся самыя розныя: ад інфармацыі пра вайсковыя выдаткі Нямеччыны да прыбыцьця вайскоўцаў NATO ў Літву і тэрарыстычных атаках у Швэцыі.

Дзяржавы — сябры Эўразьвязу згадваліся ў сюжэтах пра бясьпеку часьцей (102 разы) за Расею (100 разоў).

На другім месцы — міжнародныя навіны, на трэцім — эканоміка.

Асноўныя высновы маніторынгу

  • Вялікая колькасьць нацыянальных навінаў нэўтральная.
  • Беларускія тэлеканалы асьвятляюць Расею збольшага пазытыўна, украінскія — заўсёды нэгатыўна.
  • Калі адключыць расейскія тэлеканалы, навінавыя выпускі ў Малдове і Беларусі будуць больш збалянсаваныя.
  • Аднак Расея згадваецца ў Беларусі нашмат часьцей за Эўразьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG