Тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным адбылася 28 сакавіка. Сайт прэзыдэнта Расеі паведамляе, што размова адбылася зь ініцыятывы кіраўніка Беларусі.
Ад імя беларускага народа і сябе асабіста Лукашэнка яшчэ раз выказаў шчырыя спачуваньні і словы падтрымкі расейскаму лідэру, сем’ям загінулых і пацярпелых у выніку трагедыі ў Кемераве, паведамляе БелаПАН. Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі так жа востра перажываюць боль страты і той факт, што большасьць загінулых на пажары — дзеці, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка беларускай дзяржавы.
Хто і калі сыходзіў у адстаўку пасьля трагедый у грамадзкіх месцах
Пуцін падзякаваў Лукашэнку за званок і падтрымку ў цяжкі час, выказаў словы падзякі за салідарнасьць, праяўленую Беларусьсю і яе грамадзянамі ў дзень агульнанацыянальнай жалобы ў Расеі. Прэзыдэнт Расеі таксама распавёў кіраўніку беларускай дзяржавы пра абставіны трагедыі і хаду яе расьсьледаваньня.
Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажару
Пажар адбыўся ў Кемераве 25 сакавіка на чацьвёртым паверсе гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Зімовая вішня». Паводле апошніх даных, ахвярамі сталі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця.
У Беларусі абвясьцілі жалобныя захады ў сувязі з трагедыяй у расейскім Кемераве, дзе ў выніку пажару ў гандлёвым цэнтры загінулі ня менш за 64 чалавекі. Афіцыйная агульнанацыянальная жалоба не абвяшчалася, але захады тыя самыя.
На даручэньне Аляксандра Лукашэнкі 28 сакавіка ў Беларусі прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі над дзяржаўнымі ўстановамі. У рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ скасаваная трансьляцыя забаўляльных перадачаў. Таксама рэкамэндавана ўстрымацца ад забаўляльных мерапрыемстваў, у тым ліку тых, што праводзяцца ў грамадзкіх месцах.