Жыхар Барані Генадзь Шэпелеў расказвае, што яго сёньня запрасілі ў міліцыю «на 5 хвілін, для ўдакладненьня». Але зь міліцыі адвезьлі ў суд, дзе за некалькі хвілін прысудзілі штраф 539 рублёў. Так аршанскія ўлады адрэагавалі на тое, што ён у Дзень Волі усталяваў бел-чырвона-белы сьцяг побач з помнікам Уладзімеру Караткевічу і сфатаграфаваў гэта.
Генадзь Шэпелеў кажа, што супрацоўнца аршанскай міліцыі Лілія Трушко паклікала яго ў міліцыю праз тэлефон. Ён пагадзіўся, бо ведаў, што супраць яго распачатая адміністрацыйная справа за фатаздымак: у Дзень Волі ён усталяваў бел-чырвона-белы сьцяг побач з помнікам Уладзімеру Караткевічу ў аршанскім парку і сфатаграфаваў гэта.
Спадар Шэпелеў нават не ўяўляў, што так хутка апынецца ў судзе, бо супрацоўніца міліцыі клікала яго «ўсяго на 5 хілін, для ўдакладненьня».
«Я знарок перапытваў, ці будзе сёньня суд. „Не-не“, казала спадарыня Трушко. А калі я прыйшоў, яна паказала мне пратакол аб правапарушэньні ды сказала: „А ці ня хочаце цяпер прагуляцца?“ Я нават не адразу зразумеў, пра што яна гаворыць. Было няёмка адмовіцца, бо такая прапанова ад маладой жанчыны... А калі мы выйшлі і ўбачылі міліцэйскую машыну каля ганка, я ўсё зразумеў. „Дык мы ў суд?“, — пытаюся. А яна сьмяецца: „Ага, у суд!“» — кажа спадар Генадзь.
Генадзя Шэпелева асудзілі за некалькі хвілін. Ён нават не запомніў прозьвішча судзьдзі, якая аштрафавала яго на 539 рублёў і пастанавіла канфіскаваць бел-чырвона-белы сьцяг, які фігураваў у справе.
Штраф памерам 22 базавыя велічыні актывіст атрымаў паводле артыкула 23.34 КаАП за нібыта незаконную масавую акцыю. Хоць, паводле яго, нават сьведкам-міліцыянтам не было чаго сказаць, апрача таго, што фатаграфаваньне працягвалася 5 хвілін і што ў радыюсе 150 мэтраў ад помніка ў парку не было ніводнага мінака.