Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дазволілі паляваньне з «арэнднай стрэльбай»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зьмяняюцца правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі. «Новыя правілы больш лібэральныя і спрошчаныя», — сказаў журналістам 27 сакавіка першы намесьнік міністра лясной гаспадаркі Аляксандар Кулік.

Што зьмянілася ў лепшы бок

  • Спрашчаецца працэдура атрыманьня паляўнічых угодзьдзяў (дастаткова толькі заявы, не патрэбная акрэдытацыя, тэрмін арэнды павялічваецца з 10 гадоў да 20);
  • падчас веснавога паляваньня на адну гадзіну скарачаецца тэрмін забароны паляваньня (раней з 11-й гадзіны да 18-й, цяпер з 12-й);
  • у паляўнічых гаспадарках можна будзе браць стрэльбу ў арэнду (гэта асабліва прывабна для замежнікаў, якія прылятаюць у Беларусь у рамках бязьвізавага рэжыму);
  • скарачаецца колькасьць кантралёраў за вядзеньнем паляўнічых гаспадарак і паляваньня (застаецца толькі Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету);
  • пуцёўку для паляваньня можна будзе набываць праз інтэрнэт (гэтая норма ўступае ў дзеяньне не пазьней за 1 студзеня 2019 году);
  • прадугледжваюцца бясплатныя пуцёўкі на паляваньне для тых, хто добраахвотна папрацуе ў лясных угодзьдзях (будзе чысьціць лес, усталёўваць гняздоўі, падкормліваць жывёлу).

40% ад усіх паляўнічых прыбыткаў даюць замежнікі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Менавіта такую лічбу назвалі сёньня. Замежны паляўнічы тур і цяпер дае добры прыбытак. А бязьвізавы ўезд і магчымасьць узяць стрэльбу ў арэнду, як лічаць спэцыялісты Міністэрства лясной гаспадаркі, падвысяць цікавасьць да паляваньня ў Беларусі.

Беларусь стала менш цікаваю для замежных аматараў паляваньня пасьля таго, як тут забаранілі паляваць на дзікоў. Але цяпер прываблівае магчымасьць папаляваць на ваўкоў. Іх у Беларусі цяпер каля дзьвюх тысяч. А ў шэрагу эўрапейскіх краінаў іх лік вядзецца на сотні, а то і на дзясяткі. Таксама прывабліваюць паляваньні на ласёў і глушцоў.

Дарэчы, каб узяць арэндную стрэльбу, замежнаму турысту не спатрэбіцца ніякага спэцыяльнага дазволу беларускіх уладаў, дастаткова толькі пасьведчаньня на права паляваньня, выдадзенага ў краіне, дзе ён жыве.

Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, паляўнічых у Беларусі каля 120 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG