У судзе паказалі нож, якім, меркавана, было ўчынена забойства
Пракурор падаў хадайніцтва: ён просіць прадэманстраваць у залі суду нож, якім, меркавана, было ўчынена забойства. Ён хоча паказаць яго бацьку забітай. Судзьдзя задаволіў хадайніцтва.
Нож дасталі з капэрты. Там быў толькі клінок, бяз ручкі.
«Падобны, такі быў нож, — сказаў Леанід Сьляпнёў. — Такім мы нажом карысталіся».
Аднак дакладна сказаць, ці гэта менавіта той самы клінок, пра які вялася гаворка на пачатку паседжаньня, бацька забітай жанчыны ня змог.
«Перад тым, што здарылася, маці перастала да нас прыходзіць, не адказвала на званкі», — сын забітай
Пачаўся допыт сына забітай, Аляксея Паддубскага. Аляксей Паддубскі расказвае, што жыве ў Магілёве, мае праблемы са здароўем.
«Праблемы са здароўем зьвязаныя ў тым ліку і з тым, што адбылося з маёй маці, якім чынам праходзіў першы суд, — кажа Паддубскі судзьдзі. — Я пакуль не працую і не вучуся. Я сышоў з унівэрсытэту. Пляную працягваць займацца творчасьцю.
Я ня быў знаёмы з абвінавачаным да лютага 2009 году... Мая маці займалася будаўніцтвам дома, паводле стану на люты 2009 году фактычна жыла там. Мы зь сястрой тады жылі з бабуляй і дзедам. Маці прыходзіла да нас часта, але яна жыла сваім жыцьцём і была даволі незалежная. Ніхто асабліва ня ведаў, чым яна займаецца і чым жыве. Мы ведалі толькі тое, што яна сама нам расказвала... Яна рэдка з намі размаўляла.
Перад тым, што здарылася, маці перастала да нас прыходзіць. Яе не было працяглы час, маці не адказвала на званкі. Калі паспрабавалі адчыніць той дом, я прысутнічаў там. Дом адчынялі з чорнага ўваходу, разам зь міліцыяй. Калі мы адчынілі яго, з дома пайшоў газ, адразу выклікалі газавую службу. Потым мяне ўжо не пускалі ўсярэдзіну, я быў малы ў той час. Забойства стала для нас шокам, ніхто не чакаў такога. Абвінавачанага Іванова я на той момант зусім ня ведаў. Дзем’янюка памятаю, у іх з маці былі сур’ёзныя праблемы. А Іванова ніхто тады ня ведаў, маці пра яго не гаварыла».
«У мяне шмат пытаньняў да тых людзей, якія праводзілі першы суд», — сын забітай
«На першым судзе ўсе доказы былі праігнараваныя, і абвінавачанага апраўдалі. Дзед шмат гадоў дамагаўся, каб справу наноў адкрылі і расьсьледавалі... Новае сьледзтва пачалі з нуля і, па сутнасьці, прыйшлі да такіх жа высноваў, што дазволіла пачаць новы судовы працэс. Ёсьць шэраг новых сур’ёзных доказаў. Магілёўскі пракурор прасіў мяне сабраць фатаздымкі з упрыгожаньнямі, якія насіла маці.
Верагодна, ёсьць яшчэ і іншыя моманты, якія наўпрост паказваюць на вінаватага ў тым, што адбылося... Мне б хацелася, каб усё было шчыра і ўсё было законна... Таму мы зь дзедам тут. У мяне шмат пытаньняў да тых людзей, якія праводзілі першы суд», — кажа сын забітай.
Сын забітай пра сваю маці
«Яна займалася конным спортам. Мой бацька загінуў у аўтакатастрофе, потым маці выйшла замуж за другога мужа, Сяргея Посахава. Гэта здарылася ў 90-х, я тады быў малы. Больш падрабязна я ня ведаю. Разьвялася з Посахавым маці, напэўна, у 2000-х. Тады ж выйшла замуж за Руслана Дзем’янюка, але жыла зь ім ня вельмі доўга. Яны мелі вельмі сур’ёзныя праблемы, асабліва зь ягонага боку.
Загінула маці праз даволі працяглы час пасьля таго, як разышлася зь Дзем’янюком. Прайшло больш за год. Магчыма, нават больш за два гады. Я дакладна не магу сказаць. Ня ведаю, ці яны сустракаліся пасьля таго, як разышліся. Маці мне не расказвала. Пасьля разводу зь Дзем’янюком яна стала жыць адасоблена ад нас, заходзіла літаральна на некалькі хвілін. Маці часта заходзіла да нас (мы жылі зь дзедам і бабуляй), а мы вельмі рэдка былі ў яе.
Пра сваё жыцьцё маці практычна нічога не расказвала. Хіба што пра працу. У яе былі знаёмыя і сябры па працы, магчыма, нехта яшчэ, пра каго мы ня ведалі. Маці займалася распаўсюдам біядабавак, нейкі філіял кітайскай кампаніі. Я ня памятаю дакладна... Ці мела яна добры заробак? Калі б яна яго ня мела, то не магла б будаваць дом. Дом высмоктваў усе грошы, якія толькі магчыма. Трэба было вельмі шмат грошай, дом дагэтуль не дабудаваны».
Паводле Аляксея Паддубскага, яго маці мела шмат упрыгожаньняў. Кошт дома, у якім жыла яго маці на момант забойства, Паддубскі ацаніў прыкладна ў 80–85 тысяч даляраў. Ён сказаў, што ў гэтым доме цяпер жыве ён, а таксама яго сястра Вольга ад другога шлюбу маці з сваім бацькам.
Сын забітай Сьвятланы Паддубскай пацьвярджае, што маці мела цесныя сувязі са Сьведкамі Яговы. Нейкі час вадзіла на сходы і яго, аднак зь цягам часу Аляксей Паддубскі сам перастаў туды хадзіць. «Я хацеў быць больш незалежны ў сваіх перакананьнях, — кажа ён. — Я адышоў ад спраў абшчыны яшчэ да таго, як здарылася трагедыя з маёй маці».
Абвінавачаны Іваноў папрасіў сына забітай, Аляксея Паддубскага, расказаць пра канфлікт маці з другім мужам. «Здаецца, другі муж мамы, Посахаў, даведаўся пра здраду маці зь Дзем’янюком, — сказаў Аляксей Паддубскі. — Праз гэта ў іх адбыўся канфлікт, і Посахаў ад яе сышоў».
Дом быў замкнуты на ключ зь сярэдзіны
Сын забітай Сьвятланы Паддубскай расказаў пра свае адносіны з маці і пра зачыненыя знутры дзьверы катэджа.
«У нас з маці не было блізкіх адносінаў, — кажа Аляксей Паддубскі. — Мы хадзілі разам у кінатэатар, праводзілі разам час. Аднак адносіны ўсё адно былі дыстанцыяваныя».
Паводле Аляксея, апошні раз ён сваю маці бачыў 1 лютага 2009 году (Сьвятлану Паддубскую знайшлі мёртвай 5 лютага. — РС). Яны разам былі на сходзе магілёўскай абшчыны Сьведак Яговы.
Аляксей Паддубскі расказаў, што першымі яго маці пачалі шукаць калегі па працы, зь якімі яна зьбіралася ехаць у камандзіроўку.
У дом, дзе была забітая, міліцыянты змаглі трапіць толькі з чорнага ўваходу — асноўны быў замкнёны на ключ знутры.
Сын і бацька забітай патрабуюць па 300 тысяч рублёў кожны
Сын забітай Сьвятланы Паддубскай Аляксей просіць суд прысудзіць кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 300 тысяч рублёў. Такое ж патрабаваньне высунуў бацька забітай жанчыны. Паводле пацярпелых, гэтыя грошы ім павінен выплаціць абвінавачаны Юры Іваноў.
У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 28 сакавіка.
На наступным паседжаньні дапытаюць сьведак.