Пракурор падаў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасьці сьведак былога мужа загінулай, калегу асобы, якая знайшла нож (тым нажом, як мяркуецца, было ўчынена забойства), аднаго з сукамэрнікаў абвінавачанага і шэраг экспэртаў.
Абвінавачаны Юры Іваноў, у сваю чаргу, просіць выклікаць у суд экспэртаў, якія праводзілі яго псыхалінгвістычную і судова-псыхіятрычную экспэртызы. Кажа, што мае да іх шэраг пытаньняў, якія пакуль ня можа агучыць.
Пацярпелымі па справе прызнаныя бацька забітай жанчыны Леанід Сьляпнёў і яе сын Аляксей Паддубскі.
Пачаўся допыт абвінавачанага Юрыя Іванова. Ён адказвае на пытаньні судзьдзі гучна, павышаючы голас. Іваноў да затрыманьня працаваў у Пецярбургу «куратарам па будаўніцтве» ў фірме, назвы якой ня можа ўзгадаць. Яго затрымалі 8 жніўня 2017 году.
Іваноў расказвае, што мае толькі сярэднюю спэцыяльную адукацыю, разьведзены, мае трохгадовую дачку, якая жыве зь ягонай былой жонкай.
Працэс пачаўся. Справу разглядае судзьдзя Гураў, бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Генпракуратуры Гіргель. Акрамя гэтага, на працэсе прысутнічаюць народныя засядацелі Ільіч, Кузіна і Салавей. Правы абвінавачанага Юрыя Іванова прадстаўляе адвакат Аксінькоў.
Судзьдзя забараніў весьці фота- і відэаздымкі працэсу.
Пачатак разгляду справы ў 10.00. Бацька забітай Леанід Сьляпнёў сказаў журналістам, што гэтым разам спадзяецца на справядлівы вырак суду.
На працэс прыйшлі родныя забітай жанчыны — бацька, цётка, дзядзька і сын, а таксама маці абвінавачанага Іванова. Яна гучна зьвярнулася да журналістаў з просьбай паразмаўляць пасьля заканчэньня працэсу і «расказаць усю праўду».
У залі разам з журналістамі каля 10 чалавек. Абвінавачанага разьмясьцілі за кратамі ў клетцы. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах: ч.2 артыкула 139, ч.1 арт. 205, ч.3 арт. 218 і па артыкуле 378 Крымінальнага кодэксу Беларусі.