Раніцай 25 сакавіка праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек, якія прыйшлі на плошчу Якуба Коласа ў цэнтры Менску, дзе частка апазыцыі зьбіраліся пачынаць шэсьце, не дазволенае ўладамі. Сярод затрыманых былі і праваабаронцы. Некаторыя зь іх кажуць пра «жорсткі гвалт» у дачыненьні да дзяўчат з боку праваахоўнікаў.
Назіральніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Ганна Саханкова, якую спачатку затрымалі, а пасьля выпусьцілі з Савецкага РУУС, паведаміла, што яе калегу Тацяну Мастыкіну міліцыянты трымалі за валасы, пакуль фатаграфавалі.
Праваабаронца Анісія Казьлюк паведаміла пра «жорсткі гвалт у дачыненьні да дзяўчат» у Савецкім РУУС.
Назіральніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Самнікава сказала Свабодзе, што разам з двума калегамі яе затрымалі на плошчы Якуба Коласа і даставілі ў Савецкі РУУС. Паводле дзяўчыны, ёй выкручвалі пальцы, здымалі пірсінг, цягалі за валасы. Назіральнікаў нібыта абвінавачваюць ва ўдзеле ў забароненым шэсьці і ў супраціве міліцыі.
Раней у Савецкім РУУС Менску карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску прывезьлі да іх. Але назваць колькасьць ці прозьвішчы затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся.