На старонцы Ўладзімера Някляева ў фэйсбуку зьявіўся ягоны верш з-за кратаў «Дзень Волі. Да 100-годзьдзя БНР». Верш прагучаў на Сьвяце Незалежнасьці ў Менску.
Уладзімер Някляеў адбывае 10-суткавы адміністрацыйны арышт і выйдзе на волю толькі 31 сакавіка. Яго затрымалі 21 сакавіка ў Менску. Уладзімеру Някляеву інкрымінавалі «заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Маецца на ўвазе мінулагодняе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», дзе ён выказаў думку, што «калі ёсьць воля абараняць свае правы, трэба ісьці і іх абараняць».
Жонка паэта Вольга Някляева сказала карэспандэнту Свабоды, што атрымала гэты верш праз «галубіную пошту» і апублікавала яго на старонцы Ўладзімера.
Учора Вользе патэлефанаваў чалавек, які выйшаў з турмы на Акрэсьціна на волю.
«Гэты верш апублікавала я. Перадаць яго было ня вельмі лёгка, але Ўладзімер знайшоў такую магчымасьць. Верш быў напісаны асадкай у кнізе паміж радкоў. Кніга — гэта нейкі жаночы раман, які вынес гэты чалавек. Там былі напісаны два вершы. Адзін я апублікавала. Другі, магчыма, яшчэ апублікую. Яго назва „Каханая! Як ты кахаць умела…“ Нават не спадзявалася, што такое можа быць.»
Уладзімер Някляеў паведаміў, што ўсё добра, лекі яму перадаюць.
«Прымаюць перадачы ў межах дазволенага. Учора я перадала яму нумар „Народнай Волі“, прысьвечаны 25 сакавіка. Але ці атрымаў ён газэту, я ня ведаю. На здароўе ён ня скардзіўся», — сказала Вольга.