Камісія Дзяржаўнай думы Расеі па этыцы не знайшла «парушэньняў нормаў паводзінаў» у дзеяньнях дэпутата ад фракцыі ЛДПР Леаніда Слуцкага, а журналісткам, якія абвінавацілі яго ў дамаганьнях, прапанавала зьвярнуцца ў праваахоўныя органы. Пра гэта ў сераду заявіў кіраўнік камісіі Атары Аршба.
Аб дамаганьнях з боку Слуцкага паведамілі прадусарка тэлеканалу «Дождь» Дар’я Жук, намесьніца галоўнага рэдактара тэлеканалу RTVI Кацярына Катрыкадзэ і журналістка Бі-бі-сі Фарыда Рустамава.
У Дзярждуме ў адказ параілі журналісткам «апранацца папрыстойней», ня хадзіць ў парлямент, калі ім страшна, і нават памяняць працу. Пасьля гэтага каля Дзярждумы прайшлі акцыі як супраць Слуцкага, гэтак і ў яго падтрымку.
Сам дэпутат адмаўляе ўсе абвінавачваньні і называе іх «трызьненьнем». 8 сакавіка ў апублікаваным у Фэйсбуку віншаваньні дэпутат папрасіў прабачэньня ў жанчын, якім «калі-небудзь вольна ці міжволі прычыніў любыя перажываньні».