Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі дома хворы з парушэньнямі памяці


Усё часьцей беларусам даводзіцца сутыкацца з праблемай зьніжэньня памяці або дэмэнцыяй. Гэта зьвязана з тым, што працягласьць жыцьця беларусаў паступова расьце і ўсё большая колькасьць людзей дасягаюць веку, калі найбольш часта разьвіваецца хвароба Альцгаймэра.

Што такое хвароба Альцгаймэра

Пад хваробай Альцгаймэра разумецца паступовае зьніжэньне памяці, здольнасьці канцэнтраваць увагу і ўвогуле адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць. Звычайна такія зьявы маюць месца пасьля 60 гадоў.

Сёньня дакладна вядома, што хвароба Альцгаймэра пачынаецца за 15-20 гадоў да зьяўленьня першых сымптомаў. Гэта абумоўлена тым, што ў галаўным мозгу адкладваюцца асобыя бляшкі зь бялка таў-пратэін, якія шкодзяць перадачы нэрвовых імпульсаў паміж нейронамі.

Але ў нэрвовай сыстэмы чалавека вялікая здольнасьць да плястычнасьці — нават калі бляшкі з таў-пратэіну перашкаджаюць нэрвовага імпульсу паміж аднымі нейронамі, то ўзьнікаюць іншыя сувязі паміж клеткамі мозгу. У выніку памяць не губляецца.

З узростам колькасьць бляшак таў-пратэіну становіцца такой вялікай, што мозг ужо ня ў стане эфэктыўна даваць рады такім «забруджваньням» і менавіта на гэтым этапе пачынае назірацца зьніжэньне памяці.

Што рабіць, калі дома чалавек з парушэньнямі памяці

Згодна з сёньняшнімі навуковымі уяўленьнямі, атачэньне чалавека павінна старацца, каб хворы мозг усё ж імкнуўся выпрацоўваць новыя сувязі паміж нейронамі. Гэта дазволіць працягнуць час, калі хворы больш функцыянальны і актыўны ў жыцьці.

Вось некалькі нашых парадаў:

1. Важна падабраць для сталага чалавека добрыя акуляры і, калі ёсьць патрэба, слухавы апарат — такім чынам у мозг будзе трапляць большая колькасьць інфармацыі, і ён будзе вымушаны больш актыўна працаваць;

2. З чалавекам трэба размаўляць падчас сумеснага прагляду тэлевізіі, чытаньня газэт; хворага трэба заахвочваць пераказаць тое, што ён убачыў, прачытаў — гэта выкліча большую актыўнасьць хворага мозгу;

3. З хворым трэба гуляць, бо з практыкі добра вядома, што людзі з парушэньнямі памяці замыкаюцца ў сваім пакоі ці кватэры і рэдка выходзяць на вуліцу. Шпацыр будзе садзейнічаць пэўнай фізычнай актыўнасьці і таксама будзе трэніроўкай памяці. Падчас шпацыру з хворым трэба абмяркоўваць даступныя пры яго стане простыя рэчы, напрыклад, надвор’е, адзеньне людзей, колер фарбы на дамах і іншае.

Памылка блізкіх

На жаль часта даводзіцца назіраць, як сваякі грэбуюць чалавекам са зьніжанай памяцьцю. Ім здаецца, што той «прыдурваецца», наўмысна забывае нейкія рэчы, наўмысна з карысьлівых мэтаў робіць выгляд, што ня помніць, не разумее і т. д.

На гэтай глебе паміж хворым і яго сям’ёй узьнікаюць канфлікты. Вышэйапісаныя паводзіны чальцоў сям’і правакуюць агрэсію з боку хворага.

Блізкім трэба быць цярплівымі і разумець, што такога кшталту паводзіны — гэта ня дрэнны характар і ня вынік узросту. Гэта — хвароба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG