Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (25). Ластоўскі «аддае» Вільню літоўцам, Дзяржаўная Калегія БНР


Гатэль «Мэтропаль» у Коўне, сядзіба Ўраду БНР 1920-1922
Гатэль «Мэтропаль» у Коўне, сядзіба Ўраду БНР 1920-1922

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Маркі слуцкіх паўстанцаў

Пра маркі Асобнага атраду БНР усе ведаюць, значна большая рэдкасьць — маркі слуцкіх паўстанцаў, іх маюць у сваіх калекцыях толькі самыя заўзятыя і ўдачлівыя.

Штаб Слуцкай брыгады 1 сьнежня 1920-га выпусьціў іх як наддрукоўкі на польскіх марках — 25 грошаў на зялёнай 5-грошавай і 50 грошаў на ружовай 15-грошавай. Наддрукоўка ўяўляла сабой ручны чарнільны штэмпэль з выявай «Пагоні» і літарамі «Ч.Р.Сл.» (Часовая Рада Случчыны).

Усяго пасьпела выйсьці з палявой пошты каля 20 штук першай і каля 200 штук другой маркі, астатнія загінулі ў часе пажару. У недатаваным «удостоверении», якое захоўваецца ў архіве, сьведчыцца, што захавалася толькі некалькі штук — 3 камплекты, да якіх, мабыць, тое «удостоверение» і было далучана. Марак цяпер пры ім ужо няма.

Некаторыя туга нацягнутыя ніці

Прэм’ер Ластоўскі пісаў афіцыйныя цыркуляры як паэмы:

«Высокапаважанае грамадзянства! Зацішша патрывае цяпер даўжэйшы час, магчыма да будучай вясны, але яно немінуча закончыцца бурай, у горне якой мы павінны выкаваць наш ідэал. Маюцца ў маіх руках некаторыя туга нацягнутыя ніці, якія ўвесь гэты час будуць іграць над Бугам і Немнам прэлюдзіі да будучых песень...»

Так напісаў Вацлаў Ластоўскі і накіраваўся ў Геную.

Прапанова для Генуі: скасаваць Рыскі мір і прызнаць БНР

Генуэская канфэрэнцыя была апошнім міжнародным форумам, на якім дзеячы БНР паспрабавалі паставіць беларускае пытаньне. Яна адбывалася з 10 красавіка да 19 траўня 1922 году і мела за тэму аднаўленьне эканамічнага жыцьця Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Упершыню да ўдзелу ў форуме такога ўзроўню была дапушчаная бальшавіцкая Расея, якая прадстаўляла і іншыя савецкія рэспублікі, у тым ліку БССР.

У мэмарандуме Ўраду БНР праводзілася думка, што галоўная праблема нармалізацыі Ўсходняй Эўропы — польска-расейскія дачыненьні. А ў іх цэнтры — барацьба за панаваньне над Беларусьсю.

«Прызнаньне за Рыскім трактатам моцы міжнароднага акту было б аграмаднейшым гвалтам над Беларускім Народам, гвалтам роўным падзелу Польшчы ў 1772 годзе. З падобным гвалтам нацыянальна адраджаючаяся Беларусь ніколі не пагодзіцца. Замест міру край будзе засуджан на бесьперапынную глухую барацьбу з акупацыяй. Народ ня спыніць змаганьня датуль, пакуль не даб’ецца свайго вызваленьня і аб’яднаньня», — заяўлялася ў мэмарандуме.

Вырашыць вузел гэтых праблемаў можна вельмі проста: скасаваць Рыскі мір і прызнаць незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах.

Ластоўскі аддае Вільню літоўцам

Ластоўскі прыехаў у Геную ў складзе літоўскай дэлегацыі. І ўжо там, падчас працы канфэрэнцыі, разам зь міністрам замежных справаў Цьвікевічам падаў яе старшыні Люіджы Факта зварот Ураду БНР, які пасьля будзе прадметам жорсткай крытыкі з боку апанэнтаў Ластоўскага. Тэмай звароту была прыналежнасьць Вільні, якая за пару месяцаў да таго хітрай камбінацыяй была далучаная да Польшчы.

Урад БНР ад імя беларускага народу тлумачыў беспадстаўнасьць і згубнасьць такога вырашэньня віленскага пытаньня. «Беларускае насяленьне годзіцца з тым, каб Вільня стала тым, чым яна заўсёды была — стольным местам Літоўскай дзяржавы... Мы сьведчым перад міжнарадовай Канфэрэнцыяй, што гэта ёсьць погляд беларускага насяленьня Віленскай тэрыторыі...»

«Ластоўскі ў Генуі прадаў Вільню літоўцам», — такі вэрдыкт ня раз прагучыць у наступныя месяцы і гады.

Няхай згарыць тая канфэрэнцыя

«Хай яна згарыць тая Ваша Генуэская Канфэрэнцыя, яна мяне таксама падвяла на 200 карон з тэлеграмамі, пры нашай беднасьці гэта чорт ведае што», — наракае з Прагі Пётра Крачэўскі. З свайго галоднага палону ён вырвецца ў Коўна ў пачатку жніўня 1922-га.

Рэха Генуэскай заявы

Вярнуўшыся з Генуі ў Коўна, Ластоўскі і Цьвікевіч засьпелі скрайнее ўзбуджэньне. З боку паплечнікаў гучалі дакоры ў здрадзе беларускіх інтарэсаў і запраданьні Літве. Прэзыдыюм Рады БНР у асобе намесьніка старшыні Васіля Захаркі рашуча адмежаваўся ад генуэскай заявы і абвінаваціў дваіх яе падпісантаў у злачыннай самадзейнасьці. На сходзе Ўраду бальшынёю галасоў была прынятая адпаведная рэзалюцыя.

Застаўшыся ў меншыні, старшыня Ўраду і міністар замежных справаў заявілі аб сваёй адстаўцы, якую Захарка прыняў, але папрасіў абодвух выконваць свае абавязкі да прыезду ў Коўна з Прагі старшыні Рады Крачэўскага.

Дзяржаўная Калегія БНР

Вырашыць пытаньне з адстаўкай Ластоўскага ніхто толкам ня мог, бо для прызначэньня новага прэм’ера трэба было сабраць пленум Рады, што ў тых абставінах было малаверагодна. Выйсьце знайшлі ў перафарматаваньні дзяржаўна-ўрадавых структураў: 11 кастрычніка 1922 году была ўтвораная «Дзяржаўная Калегія» БНР, якая пераймала кампэтэнцыі грувасткай Рады. (Фактычна была перанятая ідэя Луцкевічавай «Найвышэйшай Рады».)

На чале Дзяржаўнай Калегіі стаў яе ініцыятар Пётра Крачэўскі. Ластоўскі застаўся прэм’ерам і ўвайшоў у Калегію (разам зь Цьвікевічам, Жытлоўскім і Зайцам), але расколіны ў будынку БНР ня толькі ня зьніклі, а рабіліся ўсё шырэйшыя.

Адкуль Крывія

27 лістапада 1922 году Янка Станкевіч, колішні віленскі палітык-культурнік, а цяпер студэнт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, піша Вацлаву Ластоўскаму ў Коўна:

«Маю да Вас гэткую вельмі важную справу: Як Вы ведаеце, многія (калі ня ўсе) сьвядомыя Беларусы незадаволены нашым цяперашнім назовам „Беларус“ і г. д. Прызнаючы яго непрактычнасьць і шкоднасьць пры адраджэньні й наагул жыцьці нашага народу як рэклямуючага нас як нейкую часьць, дадатак „рускіх“, я прастудыёваў усе нашыя нацыянальныя назовы ў розныя пэрыоды гісторыі нашага народу... Найправільнейшым, найпрактычнейшым і найлепшым нашым нацыянальным назовам зьяўляецца Крывіч, край Крывія і прымета крывіцкі або крыўскі».

Ластоўскаму гэтая ідэя настолькі спадабалася, што ён пачне сам актыўна ўжываць гэты тэрмін у сваёй далейшай дзейнасьці. А ў Славянскай бібліятэцы ў Празе беларускія выданьні дагэтуль маюць у каталёгу індэкс «К».

Во як

Былы консул БНР у Канстантынопалі, а цяпер таксама праскі студэнт Іван Ермачэнка піша Вацлаву Ластоўскаму:

«Прашу Вас, калі можна, прыслаць мне гістарычны матэрыял аб паходжаньні беларусаў ад хеттаў, я хачу даказаць гэтым бязграматным у гісторыі людзям, якія нават Вашага аўтарытэту па гісторыі не вызнаюць, усё ж такі калі ўбачаць матэрыял, то можа згодзяцца з праўдай».

Ад Ластоўскага хаваюць фінансавыя справы

Тэмай, якая немінуча вяла да канфлікту паміж кіраўнікамі БНР, былі фінансы. Яшчэ на пачатку 1921 году праз Бэрлінскую місію БНР былі навязаныя кантакты зь нямецкай экспартна-імпартнай фірмай IWEG і падпісанае гандлёвае пагадненьне. Урад БНР прыняў на рэалізацыю розныя прамысловыя і спажывецкія тавары. Тавары былі нізкаватай якасьці, і продаж іх праходзіў млява, але сякія-такія прыбыткі прыносіў.

У камісію, якая займалася рэалізацыяй тавару, уваходзілі Вальковіч, Заяц і Захарка. І вось у 1922 годзе прэм’ер Ластоўскі заўважыў, што на афіцыйных урадавых рахунках грашовыя паступленьні з продажу не заўважаюцца. Не давалася фінансавая справаздача і дзяржаўнаму кантралёру Кляўдыюшу Душэўскаму. Пагрозьлівыя лісты выканаўцу абавязкаў міністра фінансаў Вальковічу ніякага плёну не прыносілі.

Дачыненьні зь Літвой канчаткова замярзаюць

Прайшло два гады ад падпісаньня дамовы паміж БНР і Літвой, аднак дамоўленасьці тыя засталіся на паперы. Realpolitik узяла сваё — страціўшы надзеі адваяваць Вільню з магчымай дапамогай беларусаў, літоўскія ўлады фактычна забылі пра іх існаваньне, а надзеі на вырашэньне віленскага пытаньня ўсклалі на міжнародныя інстытуцыі.

У студзені 1923 году беларускія арганізацыі ў Літве, у тым ліку Дзяржаўная Калегія БНР, падалі заяву прэзыдэнту Аляксандрасу Стульгінскісу з прапановай ажывіць беларуска-літоўскі палітычны кантакт. «У адваротным выпадку, — пісалі аўтары заявы, — мы павінны будзем прызнаць для сябе задачу, лёсам на нас узложаную, не да выкананьня, і прызнаць гэта адкрыта перад тымі ўсімі, хто з нашымі імёнамі зьвязвае нацыянальныя беларускія абавязкі».

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG