Газаправод «Паўночны паток-2» знаходзіцца ў адным шэрагу з кібэр-нападамі і ваеннай актыўнасьцю Расеі, лічаць сьпікеры парлямэнтаў Літвы, Латвіі і Польшчы. Яны заклікалі перашкодзіць будаўніцтву газаправоду.
Сьпікеры парлямэнтаў Літвы, Латвіі і Польшчы 11 сакавіка падпісалі сумесную заяву, у якой перасьцерагаюць калег зь іншых краінаў Эўразьвязу ад удзелу ў будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток-2».
«Гэты праект прадстаўлены як камэрцыйны, аднак, безумоўна, ён зьяўляецца палітычным інструмэнтам, які павялічыць залежнасьць Эўрапейскага Зьвязу ад адной крыніцы энэргіі — ад Расеі», — гаворыцца ў дакумэнце, урыўкі зь якога апублікаваныя на сайце літоўскага Сэйму.
«Паўночны паток-2» варта разглядаць у шырокім кантэксьце варожых дзеяньняў Расеі ў кібэр-прасторы і яе ваеннай актыўнасьці», — лічаць парлямэнтарыі і адзначаюць, што сапраўднай прычынай гэтага «палітычнага рашэньня» зьяўляецца спыненьне транзыту газу праз тэрыторыю Ўкраіны.
«Паўночны паток-2» — міжнародны праект газаправоду праз Балтыйскае мора, які можа дазволіць Расеі павялічыць аб’ём паставак газу ў Эўропу. Апэратарам праекту будаўніцтва газаправоду выступае кампанія Nord Stream 2 AG, адзіным акцыянэрам якой зьяўляецца «Газпром». Было заплянавана, што маршрут і канструкцыя новага газаправоду будуць праходзіць праз эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды пяці краін — Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны. Аднак Данія ў лістападзе 2017 году забараніла праходжаньне расейскага газаправоду празь яе воды.
У Эўразьвязе існуюць рознагалосьсі ў пытаньні аб будаўніцтве газаправода «Паўночны паток-2». Лідэры шэрагу дзяржаў, у тым ліку Польшча, Літва, Латвія і Данія, ужо раней выказвалі свае асьцярогі ў сувязі з праектам будаўніцтва газаправоду. Аднак у іншых краінах — у тым ліку Нямеччыне і Аўстрыі, кампаніі якіх уваходзяць у лік інвэстараў праекту «Паўночны паток-2», сьцьвярджаюць, што «Паўночны паток» зьяўляецца камэрцыйным праектам, і палітычныя меркаваньні не павінны граць галоўную ролю пры яго ацэнцы.
У лютым сем дэпутатаў германскага бундэстагу і Эўрапейскага парлямэнту выступілі супраць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2».