Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда папрасіў прабачэньня перад польскімі габрэямі, якія ў выніку антысэміцкай кампаніі 1968 году былі вымушаныя пакінуць Польшчу.
У чацьвер у Варшаўскім унівэрсытэце адбыліся мерапрыемствы, прысьвечаныя 50-й гадавіне падзеяў сакавіка 1968 года ў Польшчы. Пасьля таго, як ўлады адмянілі спэктакль «Дзяды» Адама Міцкевіча, угледзеўшы ў ім антысавецкія настроі, пачаліся студэнцкія пратэсты. Дэманстрацыя супраць цэнзуры была жорстка разагнаная міліцыяй. Галоўнымі арганізатарамі пратэстаў улады ПНР назвалі польскіх габрэяў. Гэта паклала пачатак антысэміцкай кампаніі, у выніку якой краіну пакінула больш за 15 тысяч польскіх грамадзянаў габрэйскага паходжаньня.
Анджэй Дуда падкрэсьліў, што гэтак жа, як і за масавыя рэпрэсіі супраць рабочых у Польскай Народнай Рэспубліцы, за сьвятара Ежы Папялушку і іншых забітых камуністамі, сучасная Польшча не нясе адказнасьці.
— Але я ўпэўнена хачу падкрэсьліць, што мы зь вялікім жалем пахіляем галаву, я пахіляю галаву зь вялікім жалем, як прэзыдэнт. І тым, каго тады выгналі, і бацькам тых, хто загінуў, я хачу сказаць: калі ласка, прабачце, прабачце Рэспубліцы Польшчы, прабачце палякам, прабачце тагачаснай Польшчы, за тое, што быў зроблены гэты ганебны ўчынак.
На мінулым тыдні ў Польшчы ўступіў у сілу закон, які прадугледжвае пакараньне за абвінавачваньне польскага народу ў злачынствах, учыненых нацысцкай Нямеччынай.
У Польшчы ўступіў у сілу «Закон пра Галакост»
Закон выклікаў крызіс у адносінах Польшчы з Ізраілем. Людзі, якія перажылі галакост, і афіцыйныя асобы Ізраілю асьцерагаюцца, што сапраўдная мэта закону палягае ў тым, каб здушыць дасьледаваньні адносна палякаў, якія прымалі ўдзел у забойствах габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны.