Падзеі 8 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
8 сакавіка 1928 году памёр Пётра Крэчэўскі, беларускі гісторык і палітычны дзяяч, прэзыдэнт Рады БНР.
Таксама ў гэты дзень
Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Першы раз яго адсьвяткавалі ў 1909 годзе ў Нью-Ёрку, з ініцыятывы Сацыялістычнай партыі. У 1910 годзе рашэньнем Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў Капэнгагене дзень 8 сакавіка абвясьцілі Міжнародным жаночым днём.
1983 — прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган даў Савецкаму Саюзу мянушку «імпэрыя зла».
2006 — Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім звароце з нагоды Міжнароднага жаночага дня асаблівую ўвагу зьвярнуў на лёс жанчын, якім выпала жыць у несвабодных краінах. Джордж Буш згадаў пра сустрэчу зь дзьвюма беларускімі жанчынамі, жонкамі зьніклых — Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай.
У гэты дзень нарадзіліся
1892 — Аляксандар Чарвякоў, дзяржаўны дзяяч БССР.
1917 — беларускі скульптар Сяргей Селіханаў.
1954 — Андрэй Саньнікаў, беларускі палітык, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.
1962 — Славамір Адамовіч, беларускі паэт.
У памяці
1938 — арыштаваны Казімір Рыбінскі, калгасьнік зь вёкі Зосіна Пухавіцкага раёну. Асуджаны як pэзыдэнт польскай выведкі. Расстраляны ў Менскай турме 29 лістапада 1938 году. Больш лёсаў рэпрэсаваных беларусаў — у абноўленай «Картатэцы Сталіна» на сайце stalin-list.org.
2004 — памёр Міхась Наўмовіч, дзяяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага згуртаваньня ў Францыі «Хаўрус» і сябра Рады БНР.