Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (20). Урад БНР зьбіраецца ў Рызе, у Менску зноў абвяшчаюць БССР


Карціна Яўгена Зайцава «Ўступленьне Чырвонай Арміі ў Менск у 1920 годзе»
Карціна Яўгена Зайцава «Ўступленьне Чырвонай Арміі ў Менск у 1920 годзе»

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Рыга — сталіца БНР

Пад канец траўня ў Рыгу з розных канцоў Эўропы зьехаліся амаль усе кіраўнічыя асобы БНР — сябры Прэзыдыюму Рады БНР і Рады Народных Міністраў. Да восені Рыга стане галоўным асяродкам іхнай дзейнасьці, чарговай «сталіцай» Беларускай Народнай Рэспублікі.

30–31 траўня 1920 году адбылася нарада Прэзыдыюму Рады і Ўраду, дзе разглядалася актуальная сытуацыя і найбліжэйшыя задачы.

Ладноў далажыў аб працы ў Парыжы, дзе ўсё яшчэ працягвалася Мірная канфэрэнцыя: «У бягучы мамэнт справа прызнаньня незалежнасьці Беларусі стаіць на саўсім рэальным грунце, і трэба чакаць, што нават у скорай будучыні гэтае прызнаньне пасьледуе афіцыйным парадкам...».

Бадунова расказала пра перамовы, якія яна ў сакавіку вяла з бальшавікамі (у тым ліку з наркамнацам Сталіным) у Маскве — там ёй заявілі расплывіста, што «калі народ зажадае незалежнасьці на мясцох — яна будзе дадзена».

Было вырашана дамовіцца з урадам Латвіі аб тымчасовым побыце Ўраду БНР у Рызе. Абмяркоўвалася грашовае становішча — грошай не было. Рыхтаванай дэлегацыі ў Савецкую Расею было даручана весьці перамовы аб дзяржаўнай пазыцы на суму 50 мільёнаў рублёў...

«Наша дзяржаўная форма будзе больш левая, чым у Расеі»

7 чэрвеня Васіль Захарка выехаў з дыпляматычнай місіяй праз Рэвэль у Маскву. Ластоўскі перадаў зь ім некалькі лістоў да сваіх колішніх знаёмцаў, а цяперашніх масквічоў, дзе выказваў свае шчырыя спадзяваньні, напрыклад такія:

«Мы чакаем, што лібэральнейшая і дэмакратычнейшая дзяржава і яе слаўны, а братні нам народ Расейскі словам і чынам памогуць стаць вольнымі, зьніме з нас аржавыя ланцугі няволі, якія пакінуў на нас ненавідны расейскі царызм, і гэтым дасьць нам змогу самім расправіцца з польскім наездам, які губіць і глуміць нашу чалавечую і патрыятычную годнасьць. Мы чакаем ад вялікага расейскага народу прызнаньня нашай дзяржаўнай незалежнасьці».

«Што да дзяржаўнай формы, то будзе яна больш левая, як у Расеі, мяркуючы з настрояў у народзе, але думаем, што ня будзе яна і такой руйнуючай у пераходны момэнт. Адным словам, наша Рэспубліка народная, а гэта знача, што формы дзяржаўнасьці ўстанаўляе сам народ і будзе мець такія, якія ён палічыць за лепшае».

Каханьне ў часы трасцы, вайны і рэвалюцыі

Трапіла ў Архівы БНР і чыстая літаратура — 14 старонак у тонкім вучнёўскім сшытку, падпісаным «Успаміны аб маім каханьні», якія воляю лёсу трапілі ў тэчкі фонду «Совет министров (белогвардейской) белорусской „народной республики“ („БНР“)». Іх аўтарка, палымяная эсэрка Палута Бадунова, седзячы ў летнім дамку на рыскім узмор’і, апісвае пакуты свайго невымоўнага безадказнага каханьня да паплечніка ў барацьбе, партыйнага калегі Тамаша Грыба:

«Не ўспаміны мне хочацца пісаць, а цяжкую бязумную тугу маю апісваць. Тугу аб той велізарнай нязбыўшайся любві маёй, якая ўжо трэці год пячэ, як вагнём, сэрца маё...

Гэтае каханьне ня ёсьць простае каханьне, нанесенае так сабе выпадкова нейкім ветрам. У гэтым каханьні было ўсё, што паказвае яго немінучасьць. Сама судзьба назначыла так і колькі ні працавалі людзі над тым, каб нас адкінуць адзін ад другога — не змаглі і ня змогуць гэтага зрабіць...

Мы спаткаліся зь ім на адным зь беларускіх зьездаў воінаў Заходняга фронту. Зьезд ужо скончыўся. Засядаў Камітэт. Як цяпер памятаю, у залі быўшага Губэрнатарскага дому. Уся заля была залітая сьвятлом. Камітэт засядаў у вуглу, а ззаду чамусь хадзілі, гутарылі.

Ось к сталу, узяўшы слова ў старшыні, падышоў малады ваенны, судзячы па нашыўках, вольнаапрэдзяляюшчыйся...

Калі пачаў гаварыць Тамаш (тады я яшчэ ня ведала, што яго так завуць і яшчэ больш ня ведала, што гэтае імя для мяне будзе такім дарагім у будучыні), я неспадзеўкі падняла вочы і глянула на яго. Длінныя каштанавыя валасы, бакі, бледны твар і рэзкай формы схадзячыяся над носам бровы рабілі адразу яго заметным сярод другіх. Самае сільнае ўражаньне зрабілі на мяне яго вочы. Пачці незямная дабрата, ціхая грусная насьмешка над суятой зямной, так і глядзелі з глыбіні ніто карых, ніто шэрых вялікіх вачэй яго.

«„Вот каго можна палюбіць да канца“, буквальна такімі словамі...»

І на гэтым успаміны абрываюцца.

Бальшавікі гоняць палякаў

Пакуль беларускія незалежніцкія палітыкі дыхалі ў Рызе балтыйскім паветрам, у Беларусі насьпявалі важныя падзеі. Чырвоная армія, здолеўшы да вясны 1920 году разьбіць амаль усе спробы белага супраціву на Ўсходзе, Поўначы і Поўдні, вызваліла дастаткова сілаў, каб заняцца Захадам.

На сьвітаньні 4 ліпеня Заходні фронт пад камандай 27-гадовага Міхаіла Тухачэўскага распачаў наступ па ўсім фронце ад Дзьвіны да Прыпяці. У канцы месяца чырвоныя былі ўжо на Бугу, прасунуўшыся амаль на 400 кілямэтраў.

11 ліпеня палякі пакінулі Менск (гэты дзень у міжваеннай БССР адзначаўся як Дзень вызваленьня з парадамі і народнымі гуляньнямі). Першы народны сакратар юстыцыі БНР апісваў тыя дні: «Пішу ў вельмі цяжкіх умовах, калі навокал паніка і ўсё бяжыць. Фронт прарваны, і палякі зусім пакідаюць Менск...»

Да канца ліпеня ўся беларуская тэрыторыя зноў апынулася ў руках бальшавікоў.

У Маскве дзеляць Беларусь

З ваеннымі посьпехамі бальшавікоў на Захадзе Ўрад БНР, беларускія эсэры і беларускія незалежнікі наагул — як магчымыя саюзьнікі ў вайне з Польшчай — страцілі для Масквы якое б там ні было стратэгічнае або тактычнае значэньне. Ужо 12 ліпеня ў Маскве была падпісаная расейска-літоўская мірная дамова, паводле якой Літве адыходзілі беларускія землі аж да Маладэчна — разам з Горадняй, Лідай і Браславам.

У часе падпісаньня дамовы пасланы весьці перамовы ў Маскве Васіль Захарка марна чакаў недзе ў калідорах «наркоминдела» вырашэньня справы, якая бальшавікоў ужо перастала цікавіць. Тэрыторыі па ўсходні бок мяжы, паводле дамовы, адышлі да РСФСР. Ніякая Беларусь ні ў якім выглядзе ў дамове ня згадваецца.

Але Літва-1920 ніколі ня стане рэальнасьцю

Васіль Захарка, яшчэ будучы ў Маскве, адрэагаваў на падпісаньне савецка-літоўскай дамовы нотай пратэсту, дзе заявіў:

«Зьяўляючыся паўнамоцным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі, я ад імя майго Ўраду, складаючагася ў большасьці зь левых беларускіх сацыялістаў, уступіўшых у рэвалюцыйную барацьбу за вызваленьне Беларусі з-пад усіх акупацыяў, лічу сваім абавязкам заявіць перад Урадам Расейскай Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі рашучы пратэст супраць уступкі клерыкальна-буржуазнай Літве беларускай тэрыторыі.

Хачу верыць, што такі несправядлівы ў адносінах да беларускага народу акт не атрымае аканчальнага зацьверджаньня й што з аканчальнай пабедаю чырвонай арміі Радавай Расеі над панскай Польшчай вызваленаму працоўнаму беларускаму народу будзе дадзена незалежнасьць дзеля рэальнай мажлівасьці зьдзяйсьненьня нацыянальна-палітычнага й сацыяльнага адроджаньня».

З пратэстамі Расеі і Літве супраць гандлю беларускімі землямі выступіў і Ўрад БНР, але адрасаты калі й пачулі іх, ужо мала на іх зважалі.

Што было б, калі б Літва ў межах дамовы 1920 году стала рэальнасьцю? Ці здолела б яна асыміляваць значную беларускую меншасьць, маючы асыміляцыйны патэнцыял істотна слабейшы, чым расейцы або палякі? Што магло б вырасьці з той падлітоўскай Беларусі? Як бы выглядала Вільня і на якой бы мове яна гаварыла?

Пакінем гэтыя пытаньні аматарам альтэрнатыўнай гісторыі. У рэальнасьці тая мяжа так ніколі і ня стала фактам палітычнай геаграфіі, хоць і пазначалася адмысловым пунктырам у савецкіх атлясах ледзь не да канца 1920-х гадоў.

Другое абвяшчэньне БССР у шасьці паветах

Але беларускае пытаньне ў Маскве не было закрыта. Наадварот. 31 ліпеня ў Менску адбылося абвяшчэньне незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (дзеля дакладнасьці гэтую падзею часам называюць другім абвяшчэньнем БССР). З гэтай нагоды была прынятая адмысловая дэклярацыя:

«Спакутаваная, змучаная Беларусь, краіна беларускіх, рускіх, польскіх і яўрэйскіх рабочых і сялян пры дапамозе доблеснай Расійскай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі завяршае справу свайго вызваленьня. Чырвоныя войскі, разьбіваючы апошнія рэшткі шляхецкіх арміяў, падыходзяць да заходніх этнаграфічных межаў Беларусі. Рабоча-сялянскі народ Беларусі цяпер можа свабодна выявіць сваю волю і сам вызначыць свой лёс, формы свайго далейшага існаваньня і свае ўзаемаадносіны з суседзямі...»

Другое абвяшчэньне было ўжо куды больш сур’ёзнае, чым першае. ССРБ 1919 году была часовым тактычным утварэньнем з мэтай прасоўваньня рэвалюцыйнай хвалі на Захад. Калі ж бальшавікам зрабілася ясна, што з сусьветнай рэвалюцыяй давядзецца пачакаць, дык на пострасейскіх прасторах пачалі будаваць больш трывалыя квазідзяржаўныя будынкі.

Аднак другая Савецкая Беларусь, хай сабе і больш сур’ёзная і больш беларуская, чым першая, не давала шмат прасторы для нацыянальнага аптымізму. Абвешчаная была яна на моцна абгрызенай тэрыторыі — усяго ў шасьці паветах Менскай губэрні. А адным з кіраўнікоў яе — сакратаром Цэнтральнага бюро КП(б)Б — быў Вільгельм Кнорын, які ва ўпор ня бачыў ніякіх беларусаў. Сваё ўяўленьне пра іх ён ясна выказаў у кастрычніку 1918-га: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты».

Абвяшчэньне БССР у адпаведнасьці з дэкляраваным бальшавікамі правам нацыяў на самавызначэньне моцна звузіла поле палітычнага манэўру для дзеячоў БНР.

Развагі БНРаўцаў пра здачу сваіх паўнамоцтваў БССР

Падзеі ў Менску прымусілі БНРаўцаў задумацца. У тыя дні міністар юстыцыі БНР Аляксандар Цьвікевіч вёў у Вене канфідэнцыйныя гутаркі з прадстаўнікамі РСФСР Варшаўскім і Дзятлавым. Ад імя Ўраду БНР ён заявіў ім, што калі савецкі ўрад прызнáе незалежную беларускую савецкую рэспубліку на ўсёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі, то Ўрад БНР перадасьць такой рэспубліцы свае паўнамоцтвы. Гэтая заява была прынятая для перадачы ў Маскву.

Цяжка сказаць, наколькі Цьвікевіч быў упаўнаважаны рабіць такія заявы. Праз нейкі час пасьля гэтага Ластоўскі згадае ў адным зь лістоў пра «неарганізаванае выступленьне ў Вене», якое ня мусіла б больш паўтарыцца. Аднак што б ні абяцаў Цьвікевіч, БССР была абвешчаная ў мінімальным выглядзе, так што пытаньне пра перадачу паўнамоцтваў адпала само сабою.

Складаць мандаты яшчэ рана

Думкі пра Менск не давалі спакою і іншым дзеячам БНР. Крачэўскі піша 2 жніўня з Бэрліну Ластоўскаму (яшчэ нават да таго, як даведаўся пра абвяшчэньне БССР):

«Аб незалежнасьці тым часам німа чаго і гаварыць у Нямеччыне, бо, мусі, вам вядома, што без Антанты немцы ня могуць і ня маюць права нікога ні прызнаваць чы не прызнаваць. Прыймаючы ўсё гэта пад увагу, мы тут і ў Коўне прыйшлі да перакананьня, што трэба ехаць на Бацькаўшчыну і працаваць з бальшавікамі, выгаварыўшы ад іх сабе як можна больш тых правоў, пры якіх такая праца была б магчымай».

17 жніўня, ужо ведаючы:

«Прызнаньне de facto і de jure Савецкай Беларусі — факт, зь якім нам прыходзіцца лічыцца, бо яно і нашу пазыцыю падкрапляе, калі зможам утрымацца, то мажліва, што дагаворымся і з усходам, бо ўсё ж такі будуць яны лічыцца з намі як зь сілай, якая ім будзе шкодзіць за кардонам. Складаць свае мандаты яшчэ рана і няма ніякага сэнсу, а гаварыць трэба моцна і падпіраць свае дамаганьні загранічнымі сацыялістычнымі партыямі і Ўрадамі».

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG