Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скульптар Засімовіч пра мэмарыяльны знак да 100-годзьдзя БНР: «Тэхнічна пасьпяваем да 20 сакавіка»


Першы варыянт шыльды ў гонар БНР
Першы варыянт шыльды ў гонар БНР

1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўстаноўку мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

На наступны дзень цягам трох гадзін неабыякавыя беларусы сабралі на краўдфандынгавай плятформе «Талака» больш за 3 тысячы даляраў для вырабу знаку з бронзы — бюджэтны варыянт, адліты 25 гадоў таму са сплаву алюмінію і крэмнію, стаў непрыдатным.

«Каб быў усяго тыдзень, можна было не пасьпець. А так усё нармальна»

Аўтар арыгіналу — вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік. Цяпер ён знаходзіцца ў ЗША, абнавіць шыльду ўпаўнаважыў іншага менскага майстра — Ігара Засімовіча. Ставіцца за мэту вырабіць і перадаць дошку на мантаж да 20 сакавіка. Ці рэальна ўкласьціся ў тэрміны, Свабода пацікавілася ў непасрэднага выканаўцы.

«Стараюся, працую, — кажа Ігар Засімовіч, — фармуюцца дэталі дошкі. Справа ў тым, што ў старой вэрсіі вершнік разабраны на тры кавалкі, яны заліваюцца асобна ў сыліконавыя формы. Ніжняя частка робіцца адзін да аднаго, толькі па-новаму будуць набірацца літары. Усё гэта трэба зрабіць на гэтым тыдні, каб у наступны панядзелак аддаць у ліцейку. Тэхнічна пасьпяваем: калі здолею своечасова аддаць новы варыянт, яго зафармуюць, у наступную сераду адальюць, і застанецца апрацоўка. 20 сакавіка — тэрмін умоўны, але ўсё павінна быць добра. Каб на ўсё быў тыдзень, можна было б засумнявацца, а так час ёсьць. Працаваў ужо ў суботу, нядзелю, працэс ідзе».

Паводле Ігара Засімовіча, ён працуе ў сталым кантакце з Алесем Шатэрнікам, кожны прынцыповы штрых удакладняецца з аўтарам арыгіналу.

«Так, са спадаром Алесем ужо разоў пяць стэлефаноўваліся, ён дае карысныя парады, — гаворыць скульптар. — Прынцыповы момант, што гэтым разам вершнік будзе маналітны, а не з розных частак. У 1993 годзе, калі ўсё рабілася практычна задарма, проста не было магчымасьці зрабіць гэта суцэльна. Каб не было спакусы нешта адарваць, паламаць. Дзеля таго робіцца васковая мадэль, па ёй фармуецца так званая тэхналёгія ХТС, калі формы зацьвердзяваюць, воск выбіраецца і заліваецца бронза. Дзень-два на апрацоўку, патынаваньне — і ўсё будзе гатова».

Так мае выглядаць абноўлены бронзавы варыянт
Так мае выглядаць абноўлены бронзавы варыянт

Старую дошку забракаваў выканкамаўскі клерк. На загад зьверху

Адна з прыкметных зьменаў будзе тычыцца становішча мяча ў руках вершніка — некаторыя камэнтатары выказвалі прэтэнзіі, што ён «расьцяў сабе галаву». Цяпер зброя будзе ўзьнятая.

Ігар Засімовіч
Ігар Засімовіч

«Сапраўды, меч быў за галавой, а цяпер будзе над ёй, — удакладняе Ігар Засімовіч. — У свой час Алесь Шатэрнік вымушаны быў зрабіць так, каб меч проста не заваліўся, бо рука асобна, тулава асобна, усё па частках. Цяпер усё будзе суцэльна, няма ніякіх праблемаў, каб ён быў над галавой. Паўтаруся, у свой час гэта была тэхнічная ідэя, як зрабіць, каб канструкцыя не завалілася. На той момант гэта была мастацкая саступка, сёньня мне дазволілі гэта выправіць. Таксама літары былі крыху крываватыя, я іх выпраўляю. Спадар Алесь нічога супраць ня мае».

Ігар Засімовіч усьцешаны, што мае шанец спрычыніцца да гістарычнага моманту — нават у больш спрыяльнай першай палове 1990-х ягонаму старэйшаму калегу ўсталяваць ужо гатовы мэмарыяльны знак так і не ўдалося, справа застопарылася на ўзроўні сталічных чыноўнікаў.

«Як ні дзіўна, тады не атрымалася сабраць усе ўзгадненьні, спынілася на адным пункце, — згадвае майстра. — Хоць час сапраўды здаваўся спрыяльным. Станіслаў Шушкевіч як кіраўнік Вярхоўнага Савету неабходныя паперы падпісаў, але на ўзроўні Менгарвыканкаму нейкі клерк усё спусьціў на тармазах — вядома, па ўказцы зьверху, з ураду, сам на такое не пайшоў бы. І вось шукаў любыя зачэпкі, каб адмовіць. Каб дошку павесілі, упэўнены, яе ўжо ніхто не зьняў бы... Каб не паўтарылася тая гісторыя, цяпер працую кожны дзень, дапазна. Гэта ня робіцца за тры дні, трэба зрабіць якасна — у тым ліку апраўдаць спадзевы тых, хто падтрымаў праект фінансава».

Цягам 2 сакавіка больш за 250 чалавек падтрымалі заклік аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і пералічылі больш за 7 тысяч рублёў на выраб новай мэмарыяльнай дошкі ў гонар падзеі. Памятны знак будзе ўсталяваны на будынку на менскай вуліцы Валадарскага, 9, дзе здарылася гістарычная падзея.

«Думалі, часу наперадзе яшчэ шмат», — аўтар памятнай дошкі ў гонар БНР, якая чакала дазволу 25 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG