Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (16). Паўпадпольная дзейнасьць пад палякамі, сэсія Рады БНР


Юзэф Пілсудзкі ў Менску, 19.09.1919
Юзэф Пілсудзкі ў Менску, 19.09.1919

ЧАСТКА 16

Пілсудзкі дэкляруе прыхільнасьць

Празь месяц пасьля заняцьця палякамі Менску ўрэшце пачала прачынацца ад палітычнага сну Рада БНР. 5 верасьня сабраўся Сэньёрэн-канвэнт (рада кіраўнікоў фракцыяў) і пастанавіў адкрыць канцылярыю Рады, пачаць рэгістрацыю радных і рыхтаваць збор усёй Рады.

19 верасьня дэлегацыя Сэньёрэн-канвэнту была прынятая начальнікам Польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудзкім, які ў тыя дні наведваў Менск. Дэлегацыя прасіла згоды на аднаўленьне дзейнасьці дзяржаўных органаў БНР — Рады Рэспублікі і Ўраду — на акупаванай тэрыторыі.

Пілсудзкі запэўніў гасьцей, што ён ёсьць «дэкляраваным прыхільнікам беларускай справы і гатовы заўсёды дапамагаць беларусам у іхнай рабоце». Аднак прызнаць дзяржавы, якіх яшчэ не прызналі краіны Антанты, Польшча ня можа.

Тым часам палажэньне ў Менску робіцца нецярпімым

Красамоўнае апісаньне стану беларускай справы ў падпольскім Менску падае Макар Косьцевіч у лісьце Антону Луцкевічу ў Варшаву:

«Маем мы тутака Камітэт, які ёсьць нічым іншым, як кавалкам ачуняўшае Р.Б.Н.Р. Маем „Звон“, які можам выдаваць ледзьве-ледзьве тры разы на тыдзень. Прычына беднасьць. Навет у сэрцы Беларусі отдзе-ка мы ня можам рэгулярна выпускаць штодзённую газэту... Я ўжо тры дні не абедаю і трэцюю ноч мучуся ад бяссоньніцы, а да дохтара схадзіць ня маю за што. Мне брыдка пісаць табе пра гэта... Я не хацеў бы быць такім прарокам, але калі працягнецца так яшчэ месяц-два, дык мы разьбяжымся, як палявыя мышы ўвосень. Работы непачаты край, але сіл няма рабіць яе...»

У падобным тоне дакладае прэм’еру і Антон Аўсянік:

«Тутака няма з кім працаваць, бо людзі займаюцца толькі тым, што шукаюць грошы на абед або служаць польскімі чыноўнікамі. Палажэньне робіцца нецярпімым...»

У Закапаным памірае Іван Луцкевіч

Да непрыемных дзяржаўных клопатаў Антона Луцкевіча дадаліся і сямейныя: 20 жніўня, калі прэм’ер быў яшчэ ў Парыжы, у Закапаным у польскіх Татрах памёр брат Іван, якога доўгія гады мучылі сухоты. З Варшавы Антон на пачатку кастрычніка выехаў у Вільню дзеля ўшанаваньня памяці брата. У касьцёле Сьвятога Яна 6 кастрычніка ксёндз Адам Станкевіч адслужыў жалобную імшу «за душу сьв. памяці Івана Луцкевіча». Пасьля кароткага побыту ў Вільні Луцкевіч вярнуўся ў Варшаву.

Ня лепш складаюцца беларускія справы і ў Горадні

Паўліна Мядзёлка з Горадні пісала Антону Луцкевічу:

«Зіма ідзе, адзетку ня маю, сільна прастудзілася, а ў кішані толькі адзін рубель — нават на аспірыну ня маю... Няраз варункі так складаюцца, што трэба пайсьці да людзей, знаёмасьці карысныя завадзіць — то сям, то там бываць, а я... запраўды кельнэрка п. Зянько харашэй апранута, чым я. Прыйшла я са Случчыны пехатою ў Вільню, нічога з сабой не забрала (дый па праўдзе і не было чаго забіраць) і цяпер так абнасілася, што і на свой суботнік нельга пайсьці. Троха паскудна робіцца на душы, гледзячы на іншых — ну, але нічога. Абы хоць маленькую карысьць сабой прынесьці Бацькаўшчыне...»

Дарога ў Парыж перакрытая

Прэм’ер Падэрэўскі выцягнуў Луцкевіча ў Варшаву «згаварыцца на месцы», а сам тут жа вярнуўся ў Парыж займацца больш сур’ёзнымі размовамі. Луцкевіч чакаў свайго занятага суразмоўніка два месяцы, сустракаўся з драбнейшымі ўрадоўцамі, якія нічога канкрэтнага не абяцалі, сустрэўся нават з Начальнікам Пілсудзкім, але і той візыт ніякіх вынікаў ня даў. Урэшце ня вытрымаў і вырашыў вярнуцца ў Парыж, ажно раптам... палякі адмовіліся даць яму дыпляматычную візу на выезд зь беларускім дыпляматычным пашпартам!

Так старшыня Рады Народных Міністраў і міністар замежных справаў БНР апынуўся ў пастцы. А яго чакалі і ў Парыжы, дзе яшчэ працягвалася канфэрэнцыя, і ў Бэрліне, дзе працавала рэшта кабінэту, і ў Менску, дзе рыхтавалася сэсія Рады БНР, і ў Юр’еве-Тарту-Дорпаце, дзе мелася адбыцца важная канфэрэнцыя балтыйскіх краінаў і Беларусь мог прадстаўляць на ёй толькі ён.

Ні тэрыторыі, ні сталіцы, ні апарату, ні войска, ні грошай

З варшаўскай пасткі Антон Луцкевіч 29 кастрычніка дасылае маршалку Рады БНР Язэпу Лёсіку справаздачу пра міжнароднае становішча Беларусі ад моманту выезду зь Менску ў сьнежні 1918-га. Вынікам дыпляматычнай працы, паводле Луцкевіча, было «фактычнае», «маўклівае» або «прынцыповае» прызнаньне з боку Ўкраіны, Нямеччыны, Чэхаславаччыны, Латвіі, Эстоніі.

«Наагул, нягледзячы на тое, што ўкраінцы маюць і войска, і кусок тэрыторыі, і свой апарат, і свае грошы — наша справа на міжнародным палітычным рынку стаіць ня горш за ўкраінскую», — крыху закідвае шапкамі Луцкевіч. Але тут жа больш рэалістычна дадае: «Аднак, мы маем і страшэнны minus, каторы для нас становіцца з кожным днём усё больш грозным у меру разьвіцьця нашай справы і насьпяваньня яе разьвязкі. Гэта — тое, што мы ня маем ні тэрыторыі, ні сталіцы, ні апарату, ні войска, ні грошы».

Адзіны ратунак, падсумоўвае Луцкевіч, — «выразна і цьвёрда стаць на дзяржаўным грунце, зрабіць гэта можа толькі Рада Рэспублікі». І прапануе склікаць сэсію Рады не пазьней за першую палову лістапада.

Эсэры паціху закладаюць міну

Адкрыцьцё сэсіі Рады БНР у пачатку лістапада рыхтавалася ледзь не паўпадпольна — дазвол на скліканьне быў, але зьмяшчаць у друку абвесткі не дазвалялася. Польскія ўлады адчувалі сябе няўпэўнена: яны разьлічвалі, што Рада пойдзе на супрацоўніцтва, але не былі да канца перакананыя ў ляяльнасьці беларускіх палітыкаў.

Найбольшую актыўнасьць у падрыхтоўцы сэсіі і ўдзеле ў ёй праявілі эсэры — самая левая беларуская партыя той пары і сіла, найменш схільная ісьці хоць на якое супрацоўніцтва з акупантамі. Мабыць, эсэры лепш за іншых адчувалі настроі ў шырокіх народных масах, якія ў бальшыні сваёй успрымалі акупацыйны рэжым вельмі варожа. Рэч у тым, што сацыяльныя і этнічныя антаганізмы на «Kresach Wschodnich» выбухнулі з поўнай сілай, не параўнаць зь нядаўнім панаваньнем немцаў, якія ставіліся да мясцовага насельніцтва збольшага абыякава.

Палкоўнік Езавітаў вэрбуе генэрала Балаховіча

Кіраўнік Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі палкоўнік Кастусь Езавітаў у канцы кастрычніка — пачатку лістапада выехаў з Рыгі ў Рэвэль і Гэльсынгфорс, дзе правёў дыпляматычны бліцкрыг, (амаль) дамогшыся афіцыйнага прызнаньня БНР з боку Эстоніі і Фінляндыі і адкрыцьця там прадстаўніцтваў і забясьпечыўшы іх імгненна набраным штатам з расьпісаным каштарысам.

Заадно шэф рыскай місіі пасьпеў завэрбаваць на беларускую службу генэрала Станіслава Балаховіча — асобы няяснай палітычнай прыналежнасьці і туманнага этнічнага самавызначэньня. Генэрал прасіў для пачатку 400 000 марак (рэшту «здабудзе» ў бальшавікоў). Калі б гэтая справа ўдалася, дакладвае Езавітаў начальству, «мы б мелі Дзяржаву рэальна праз паўмесяца» і мелі б «сваю» тэрыторыю, занятую «сваімі» войскамі.

Рызыкоўная служба

Дыпляматычная праца ў Рызе ў 1919 годзе была справай небясьпечнай. Пра гэта сьведчыць рапарт шэфа місіі на імя старшыні Рады Народных Міністраў: «Маю гонар паведаміць Вас, Грамадзянін Міністр, што 13 кастрычніка гэтага году, ідучы па справах Місіі ў Консульства БНР у Рызе, я быў ранены асколкам артылерыйскага снарада корпуса Бэрмонта ў твар. Рана, хвала правідзеньню, аказалася вельмі лёгкай, і я, зрабіўшы патрэбную мэдыцынскую дапамогу сам сабе, не спыніў працы».

Адкрываецца сэсія Рады БНР

Сэсія Рады Рэспублікі адкрылася ў Юбілейным доме ўрачыстым сходам 12 лістапада 1919 году. На ім фракцыі Рады выступілі з палітычнымі дэклярацыямі. Дамінавалі на сходзе эсэры. У сваёй дэклярацыі яны заклікалі да поўнай незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, выступілі з пратэстам супраць «таго страшнага тэрору, які робіцца польскай эндэцыяй на Беларусі», супраць «гвалту над беларускім працоўным народам». «Уся старонка наша стогне ад разрухі, уціску і зьдзеку».

Праект рэзалюцыі сходу, дзе вызначаліся крокі да здабыцьця незалежнасьці, быў таксама запрапанаваны эсэрамі і з пэўнымі папраўкамі прыняты аднагалосна, што сьведчыць пра разьмеркаваньне сілаў у Радзе.

У паветры запахла разгонам і арыштамі. Для пачатку акупацыйныя ўлады загадалі беларускім установам за 24 гадзіны выбрацца зь Юбілейнага дому. Тым часам першыя асобы, у тым ліку старшыня Рады Народных Міністраў і сакратар Рады Рэспублікі, да Менску яшчэ не даехалі.

Час бур, ветраў і вялікіх мяцеліц

Янка Чарапук Антону Луцкевічу: «Вы трымаеце наш дзяржаўна-народны карабль у сваіх капітанскіх руках у час бур, ветраў і вялікіх мяцеліц, якія з усіх старон веюць на наш Родны Край».

Пілсудзкі абяцае разабрацца

20 лістапада Антон Луцкевіч другі раз сустрэўся ў Варшаве з начальнікам Польскай дзяржавы Юзэфам Пілсудзкім. «Агульны характар гутаркі быў вельмі ветлы і прыхільны». Пілсудзкі выказаў прыхільнае стаўленьне да аднаўленьня дзейнасьці Рады БНР, зьдзівіўся дзеяньням менскіх уладаў, «запісаў сабе гэтую справу абшырна на паперы» і паабяцаў разабрацца.

Абмеркаваньне тэмы афіцыйнага прызнаньня БНР было туманным і неканкрэтным, калі не лічыць заявы, што цяпер прызнаць незалежнасьць ніяк не магчыма — гэтаму перашкаджае благая палітычная каньюнктура.

Эсэры дамаўляюцца з бальшавікамі

Адсутнасьць Луцкевіча ў Менску моцна псавала тамтэйшыя настроі. «Мы ня можам больш чакаць і пойдзем на рашыцельныя шагі, — пагражала эсэрка Бадунова. — Тутака няма ні капейкі грашэй. Усе галадаюць, негадуюць і шмат хто едзе дамоў ні з чым. Пачакаем яшчэ 4–5 дзён і перавыбары Прэзыдыюму зробім і вынесем яшчэ некалькі рэзалюцыяў, а посьле пойдзем да народу... Калі Ўрад ня лічыцца з народам, дык народ тым болей не павінен лічыцца з Урадам».

А тым часам эсэры ўжо вялі таемныя перамовы з бальшавікамі наконт супольных антыпольскіх дзеяньняў і ў адпаведным духу рыхтавалі пераварот у Радзе Рэспублікі.

Фінляндыя! Фінляндыя!

25 лістапада палкоўнік Езавітаў дасылае пераможную рэляцыю з канфэрэнцыі балтыйскіх дзяржаваў у Юр’еве: «канфэрэнцыя юр’еве прызнала незалежнасьць беларусі кропка душэўскі дабіўся афіцыяльнага прызнаньня ад фінляндыі кропка працуем кантакце кропка асобны атрад беларускай рэспублікі пад камандаю балаховіча добра ваюе».

Што азначала прызнаньне канфэрэнцыі, а таксама з кім і за што ваяваў Балаховіч (400 000 марак ад БНР ён так і не атрымаў) — сказаць цяжка. Але калі словы пра афіцыйнае прызнаньне БНР Фінляндыяй маюць пад сабой рэальны грунт, то можна сказаць, што гэта была першая (і, відаць, апошняя) краіна, якая прызнала дэ-юрэ незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Луцкевіч вяртаецца ў Менск

Дакладная дата прыезду старшыні Рады Народных Міністраў Антона Луцкевіча ў Менск невядомая (22 лістапада ён паведамляў, што праз тры дні выяжджае туды з Варшавы), але 5 сьнежня ён ужо ўдзельнічае ў сходзе Рады Народных Міністраў у Менску. Прэм’ер адсутнічаў там роўна год.

Пашпартоў хапае

Сустрэўшыся ў Менску з прэм’ерам Луцкевічам, які адначасна быў міністрам замежных справаў, міністар фінансаў Васіль Захарка перадае яму 935 блянкаў пашпартоў БНР, нарыхтаваных Беларускай місіяй у Бэрліне (усяго іх было надрукавана 10 000).

Замежныя пашпарты выдаваліся падданым БНР на шэсьць месяцаў за 50 марак для праезду ў «старыя» дзяржавы, за 25 — у наваствораныя на тэрыторыі былой Расеі, а «з саўсім бедных і быўшых ваеннапалонных» плата бралася ў суме толькі 5 марак.

Сотні людзей з пашпартамі Беларускай Народнай Рэспублікі рэальна перамяшчаліся праз розныя межы паваеннай Эўропы, юрыдычная моц гэтых дакумэнтаў ні ў кога не выклікала сумневу.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG