Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (15). Палякі ў Менску, Луцкевіча выцягваюць у Варшаву


Палявая імша для польскіх жаўнераў у Менску, 1919
Палявая імша для польскіх жаўнераў у Менску, 1919

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Беларусы зноў успамінаюць пра ВКЛ

Першым палітычным крокам беларускага грамадзтва, якое апынулася пад польскай уладай, стаўся Беларускі зьезд Віленшчыны і Горадзеншчыны 9–10 чэрвеня. Зьезд, які адбыўся «ў нашай старой сталіцы Вільні», выказаўся за незалежнасьць і непадзельнасць Беларусі, падтрымаў ідэалы БНР, даслаў Радзе Народных Міністраў прывітальную тэлеграму.

Зьезд абраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Горадзеншчыны. Яна згадзілася працаваць пад кіраўніцтвам Ураду БНР, які залічыў яе сваёй нацыянальна-дзяржаўнай установай. Апрача таго, зьезд у сваёй рэзалюцыі палічыў пажаданым адбудаваць супольную Беларуска-Літоўскую Дзяржаву «пры найбольшай згодзе і эканамічнай лучнасьці» яе народаў.

Літоўцы думаюць пра Беларусь

Літоўцам, якім давялося адступіць з «сваёй старой сталіцы Вільні», ідэя аб нейкай адбудове супольнай Беларуска-Літоўскай Дзяржавы нават не прыходзіла ў галаву. У Парыжы адбылася першая беларуска-літоўская дыпляматычная «калізія».

Літоўцы адмовіліся ад удзелу ў агульнай канфэрэнцыі місіяў пострасейскіх дзяржаваў (Латвія, Эстонія, Беларусь, Украіна, Грузія), бо ў канфэрэнцыі бяруць удзел дэлегаты Беларускай Рэспублікі, «якія патрабуюць для сябе большую частку літоўскай тэрыторыі з сталіцай Вільняй». Дзеля таго, што з тымі беларусамі дагэтуль не ўдалося прыйсьці да згоды, Літоўская місія паведамляе, што яна «пакуль што ня лічыць магчымым браць удзел у вышэй памянёных канфэрэнцыях».

Застаецца дадаць, што ў складзе Літоўскай місіі быў і «правільны» беларус — былы віленскі брандмайстар Дамінік Сямашка.

Костка ў горле

Пралітоўскі беларус Сямашка падаў Мірнай канфэрэнцыі мэмарандум, «датычны беларусаў у Літоўскай дзяржаве». У ім ён запэўніў, што беларусы лічаць сваім абавязкам працаваць разам зь літоўцамі над аднаўленьнем агульнай зь імі Літоўскай дзяржавы. Межы гэтай дзяржавы, паводле Сямашкі, мусяць прайсьці па межах Віленскай, Горадзенскай, Ковенскай і Сувальскай губэрняў. Гэта фактычна азначала згоду на падзел Беларусі і анэксію часткі яе тэрыторыі Літвой.

Мэмарандум выклікаў вялікае незадавальненьне і пратэсты беларускіх палітыкаў, якія спадзяваліся на супрацоўніцтва зь літоўцамі ў справе пабудовы супольнай дзяржавы больш-менш у межах ВКЛ.

Сакратар Рады БНР і паўнамоцны прадстаўнік для перамоваў зь Літвой Пётра Крачэўскі ўвесь чэрвень 1919 году правёў у перамовах зь літоўскімі ўрадоўцамі і ня здолеў дамовіцца абсалютна ні пра што. У справаздачы Крачэўскі прапануе ўжыць «належныя крокі да скасаваньня шкоднай нам і нават зусім незразумелай палітыкі літвіноў, зарваўшыхся ў сваіх апэтытах, мусі таксама, як і палякі, але ніхай ведаюць, што Беларусь вялікая і можа стаць косткай у горле».

Не да ВКЛ

Крачэўскі надалей, сьціснуўшы зубы, спрабаваў весьці дыялёг зь літоўскім МЗС, патрабуючы ясных адказаў на галоўныя пытаньні: ці гатовы літоўскі ўрад весьці зь беларускім салідарную акцыю ў замежнай палітыцы, ці гатовы супрацоўнічаць у арганізацыі беларускага войска і ці гатовы даць частку сваёй тэрыторыі для фармаваньня такога войска.

Літоўцы як мага больш ухіліста адказваюць на першыя два і адмоўна на трэцяе — «з прычыны яўнага недахопу прадуктаў харчаваньня і значнага зруйнаваньня краіны за час акупацыі». У адказ Крачэўскі пытаецца ў лоб: ці сапраўды літоўскі ўрад хоча анэксаваць Віленшчыну і Горадзеншчыну — спакон вякоў беларускія землі? На гэтае пытаньне літоўскі ўрад вырашыў не адказваць.

Так нашчадкі ВКЛ дзялілі землі, якія ўжо і так былі страцілі і не пабачаць іх аж да 1939 году.

Палякі бяруць Менск

Уваход у Менск польскага войска апісаў віленскі тыднёвік «Беларускае Жыцьцё»:

«8-е жніўня сустрэлі ўсе страшэнна блізкай гарматнай кананадай, перайшоўшай а гадз. 6-й у кулямётную страляніну пад самым Менскам.

Неспадзяванае для насяленьня наступленьне палякоў пачалося і кожную хвіліну пагражала перайсьці ў бой на вуліцах, аб чым так моцна крычэлі паны „камісары“.

Вуліцы спусьцелі ўміг. Людзі зашыліся ў хаты і з трывогай чакалі канца, баючыся толькі аднаго, каб палякі і на гэты раз не адступілі і не раздражнілі гэтым ужо і без таго шалёных „таварышаў“.

Нібавам страляніна перайшла ў места, пасыпаліся шрапнэлі і пачуўся ў розных канцох трэск кулямётаў.

Страшэнна шыбка перасоўвалася рухомая пазыцыя ў бок вакзалаў, аж урэшце змоўкла зусім.

Ціш на ўсім месьце сьведчыла аб заняцьці Менску палякамі і ўцёках народных камісараў.

А 4-й гадзіне дня ўжо народ высыпаў у места аглядаць сваіх збаўцаў ад „чырвонага“ разбойнічага тэрору.

Першымі днямі горад выглядаў пустынна і рабіў прыкрае ўражаньне. Крамы былі пазачыняны, вітрыны ў крамах пустыя. Народу на вуліцах было мала.

Праз тыдзень горад прыняў нармальны выгляд. Адчыніліся крамы, зьявіліся тавары.

Само сабою разумеецца, што ў горадзе вялікае безрабоцьце, бо бальшавікі аграбілі горад дашчэнту; былі вывезены ня толькі розныя машыны, але нават хатнія прылады — крэслы, ложкі, міскі. Уцякаючы, кожны браў, што хацеў. Жалезнадарожнікі хацелі ня даць машынаў з дэпо, але іх прымусілі гэта зрабіць кулямётамі».

Чарговае вызваленьне

8 жніўня польскія войскі занялі Менск у выніку апэрацыі пад камандаваньнем генэрала Станіслава Шаптыцкага (брата ўкраінскага мітрапаліта Андрэя) з удзелам, сярод іншага, палка ўланаў пад камандай падпалкоўніка Ўладыслава Андэрса (таго самага, чыя армія — Корпус Андэрса — праславіцца ў гады Другой сусьветнай вайны і ў якой будзе служыць нямала беларусаў).

9 жніўня ў горад прыбыў генэрал Шаптыцкі з штабам, а 10-га былі арганізаваныя ўрачыстасьці з нагоды вызваленьня гораду.

15 верасьня была ўтвораная Менская акруга Цывільнай управы Ўсходніх земляў — адміністрацыйнай адзінкі на акупаваных, але не інкарпараваных у Польшчу тэрыторыях.

Бальшавікоў няма, можна вяртацца

У Менск пачалі вяртацца беларускія дзеячы і радныя Рады БНР, якія былі абвешчаныя бальшавікамі па-за законам. Ужо 10 жніўня быў заснаваны часовы Беларускі нацыянальны камітэт, у які ўвайшлі прысутныя ў Менску радныя, а таксама прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў, якія існавалі пад бальшавікамі нелегальна — Культурна-навуковага таварыства, Хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці, Першага таварыства драмы і камэдыі, Вучыцельскага хаўрусу ды іншых. Старшынём камітэту быў абраны Аляксандар Прушынскі (паэт Алесь Гарун).

Беларускія незалежнікі зноў на кароткі час — менш чым на год — апынуліся ў Менску. У параўнаньні зь нямецкай польская акупацыя была праблемай больш сур’ёзнай, бо, у адрозьненьне ад немцаў, побыт якіх у Беларусі быў часовы, палякі рэальна прэтэндавалі на занятыя землі.

Дзяўчына з грашыма

Рада Народных Міністраў у сваім мінімальным складзе — 2–4 чалавекі — тым часам працавала ў Бэрліне пад кіраўніцтвам выканаўцы абавязкаў старшыні Васіля Захаркі на базе надзвычайнай дыпляматычнай місіі БНР.

Яскравым эпізодам стала вартая гістарычнага кінатрылеру акцыя ўратаваньня пазыкі, замарожанай у нямецкім банку. Галоўнай гераіняй сюжэту была кур’ерка Аўгіньня Алексючанка, якая мелася знайсьці на шырокіх усходнеэўрапейскіх абшарах урад УНР, перапісаць акрэдытыў зь нямецкага банку на аўстрыйскі і жывою вярнуцца, адолеўшы ўсе перашкоды і небясьпекі.

Прыгожая ідэя

Няўдача ў спробе дамовіцца аб супольнай працы зь Літвой прымусіла беларускіх палітыкаў шукаць падыходы да дзьвюх іншых суседніх новаўтвораных краінаў — Латвіі і Эстоніі. Туды з адмысловай місіяй быў пасланы дыпляматычны прадстаўнік БНР Кузьма Цярэшчанка.

Пасьля перамоваў і кансультацыяў зь міністрамі і прэм’ерамі гэтых балтыйскіх краінаў было дамоўлена, што латыскае войска пасьля вызваленьня Латвіі прасунецца на беларускія землі, і гэткім чынам будуць вызваленыя ад бальшавікоў паветы Люцынскі, Дрысенскі, Себескі, «а можа і места Полацак». На беларускіх землях латыскія войскі застануцца да таго часу, пакуль Беларускі ўрад не арганізуе сваёй вайсковай сілы, здольнай стрымліваць націск бальшавікоў.

Што да цывільнай улады, то яна адразу будзе перададзеная Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтыя пляны падмацоўваліся і паведамленьнямі аб паўстаньні беларускай «зялёнай арміі» на Дзісеншчыне. Аднак, апрача глыбокай выведкі і кароткіх набегаў на часткі РККА ў раёне Дрысы, латыскія войскі ніякіх наступальных апэрацыяў не прадпрымалі, і прыгожы праект «беларускага П’емонту» застаўся толькі ў плянах і марах.

Новая місія палкоўніка Езавітава

З прычыны раптоўнай важнасьці балтыйскага кірунку беларускай дыпляматыі была заснаваная Вайскова-дыпляматычная місія БНР у Латвіі на чале з Кастусём Езавітавым з мэтай рыхтаваць збройныя сілы для апэрацыяў з тэрыторыі Латвіі.

Прымаючы пад увагу, што для рэпрэзэнтацыі місіі яе вайсковым супрацоўнікам трэба мець адмысловую беларускую форму, было вырашана выдаць палкоўніку Езавітаву і падпалкоўніку Шоўкаваму, а таксама сакратару місіі Чарапуку — у парадку выключэньня з агульнага парадку — аднаразовую дапамогу на «беларускую абмундзіроўку».

У такой форме выступае Езавітаў на вядомай фотцы зь сьнежня 1919 году — з увагі на пышнасьць афармленьня выглядае, што дызайнэрам «абмундзіроўкі» быў ён сам.

Луцкевіча падманам выцягваюць з Парыжу ў Варшаву

Пакуль прэм’ер Луцкевіч вёў у Парыжы безнадзейную барацьбу за беларускае палітычнае існаваньне, сытуацыя на месцы чарговы раз зьмянілася. Польскія вайсковыя аддзелы занялі Беларусь да Бярэзіны. Узьніклі ўмовы для аднаўленьня палітычнай працы на месцах, што пад бальшавіцкай акупацыяй было немагчыма.

У такіх умовах Луцкевіч сустракаецца ў Парыжы з польскім прэм’ерам Ігнацым Падэрэўскім, гаворыць зь ім як «роўны з роўным» і згаджаецца на ягоную прапанову прыехаць у Варшаву і «згаварыцца на месцы». Прыехаўшы ў Варшаву 1 верасьня, Луцкевіч заўважае, што там зь ім ужо ніхто як «роўны з роўным» не гаворыць...

Эсэфы ў Бэрліне займаюцца самадзейнасьцю

Пакуль Луцкевіча вадзілі за нос польскія палітыкі, ён на нейкі момант страціў кантроль над узначальванай ім Радай Народных Міністраў. Застаўшыся без дагляду ў Бэрліне, эсэфы (сацыялісты-фэдэралісты) Захарка і Крачэўскі працягвалі імправізаваць на тэмы дыпляматыі.

Так, надзвычай важная місія прадстаўляць БНР у Вялікай Брытаніі і далей у ЗША была даручаная дзейнаму літоўскаму міністру Язэпу Варонку (таксама эсэфу). Быў новапрызначаны пасол азнаёмлены і з сакрэтнай урадавай перапіскай. Яшчэ адзін удзельнік бэрлінскіх паседжаньняў — Кузьма Цярэшчанка, даўні зацяты вораг Варонкі — паклапаціўся, каб Луцкевіч даведаўся аб гэтых кроках у самых драматычных фарбах.

Рэакцыя прэм’ера была бязьлітаснай: прызначэньне Варонкі ануляваць, а Захарку адхіліць ад пасады намесьніка старшыні ў сувязі «з выдачаю члену ўраду варожай нам дзяржавы тайнай дыпляматычнай перапіскі». Пасьля жарсьці крыху астынуць, але адносіны паміж беларускімі палітыкамі будуць надалей пагаршацца, пакуль усё ня выбухне ў Менску 13 сьнежня.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG