Сырыйскія ўрадавыя войскі пасьля працяглых масавых бамбаваньняў Усходняй Гуты ўзялі пад свой кантроль частку тэрыторыі, якую ўтрымлівалі паўстанцы ў прадмесьцях Дамаску. Пра гэта паведаміў 4 сакавіка, у нядзелю, Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека.
Гаворка ідзе пра аграрныя землі, якія ад усходу на паўднёвы ўсход раёну Гута, удакладняе Цэнтр маніторынгу.
24 лютага Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю аб гуманітарным перамір’і ў Сырыі. Пасьля гэтага ва Усходняй Гуце быў адкрыты гуманітарны калідор, прызначаны для эвакуацыі мірных жыхароў, хворых і параненых, а таксама для дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Аднак ніхто да гэтага часу ня змог ім скарыстацца. І ўрад прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, і паўстанцы абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню. Раней Расея, чые вайскоўцы ваююць на ўрадавым баку, абвясьціла, што так званая гуманітарная паўза павінна дзейнічаць штодня з 9.00 па 14.00.
У асаджанай сырыйскімі ўрадавымі войскамі Ўсходняй Гуце, кантраляванай паўстанцамі з 2013 году, жывуць прыкладна 400 тысяч чалавек. У сярэдзіне лютага ўрадавыя войскі пачатку буйную паветраную апэрацыю. За некалькі тыдняў загінула больш за 640 мірных жыхароў, з якіх больш за 150 — дзеці.