Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так ня хочацца ў турму». Яшчэ аднаго блогера могуць прыцягнуць да адказнасьці за «абразу прэзыдэнта»


Павал Сьпірын
Павал Сьпірын

Аўтар «аповесьці пра Ладуцьку» блогер Павал Сьпірын кажа, што яго выклікаюць у міліцыю з-за фільма «Айчым». Нібыта будуць разьбірацца, ці няма там абразы Лукашэнкі.

33-гадовы мянчук Павал Сьпірын распавёў Радыё Свабода, што ў сьнежні 2017 скончыў рабіць дакумэнтальна-мастацкіі фільм «Айчым» і разьмясьціў яго на сваім канале Youtube.

«Таксама адаслаў ва ўсе дзяржаўныя ўстановы — школы, садкі, пракуратуру, суды. У мяне ёсьць база электронных адрасоў па ўсёй рэспубліцы, і я магу такую інфармацыю распаўсюдзіць за некалькі гадзін», — распавядае Павал.

Праблемы, паводле ягоных словаў, пачаліся пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра перасьлед блогера NEXTA. У кватэры 19-гадовага блогера, які называе сябе Сьцяпан Сьвятлоў, быў праведзены вобшук.

«Ён рабіў рэпост майго фільма. Я так разумею, што з-за таго, што я зь ім знаёмы, яны за мяне ўхапіліся, — кажа Павал Сьпірын.

— Пазваніў мне міліцыянт, сказаў, што будуць вырашаць пытаньне, ці будуць заводзіць крымінальную справу па абразе Аляксандра Лукашэнкі ці не. І я павінен у панядзелак прыйсьці ў Ленінскае РАУС і адказаць, ці я жадаў Лукашэнка абражаць ці не».

Павал Сьпірын зьвярнуўся да праваабаронцаў па дапамогу. Павал Сьпірын ужо ня першы раз турбуе чыноўнікаў сваёй творчасьцю. У 2014 годзе стаў вядомы як аўтар сатырычнай «аповесьці пра Ладуцьку». Тэкст твора, прысьвечанага тагачаснаму кіраўніку Менску Мікалаю Ладуцьку, Павал таксама разаслаў на 1500 электронных адрасоў дзяржаўных установаў. Пасьля гэтага Павал Сьпірын адседзеў 15 сутак «за хуліганства».

«Мяне ўжо садзілі ў турму за кнігу. А цяпер будуць саджаць за фільм. Толькі тэрмін будзе большы. Так ня хочацца ў турму», — кажа пра гэта Павал Сьпірын.

Пасьля гісторыі з «аповесьцю пра Ладуцьку» Паўла звольнілі з сыстэмы ЖКГ, у якой ён працаваў. Доўгі час, кажа ён, быў без працы. Пасьля з працай дапамаглі сябры.

На пытаньне, чаму ён не спыняе сваю дзейнасьць, нават ведаючы, што за гэта можа пагражаць, Павал Сьпірын адказвае так:

«Паглядзеў калісьці фільм „Жоўты пясочак“. Я аповесьць Быкава не чытаў. А фільм я распаўсюджваў праз сваіх сяброў. Яны мне сказалі: „Ня трэба маўчаць, бо яны хутка пачнуць нас страляць“. Напэўна таму. Яны пакуль нас толькі катуюць, садзяць у турму, штрафамі спрабуюць... Я змагаюся, як магу, як умею. Ну вось фільмы, сваю волю... Неяк так».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG