Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.
«Всякий, идущий против Советской власти, подлежит расстрелу»
«Партызанскія атрады» ўзялі пад кантроль найважнейшыя аб’екты Менску 9 сьнежня, атрымаўшы ад нямецкай Салдацкай рады тысячу вінтовак. Першыя часткі бальшавіцкіх войскаў увайшлі ў горад 10 сьнежня.
У той самы дзень губэрнскі рэўком выдаў загад:
«Правительство белорусских помещиков и капиталистов — „Белорусская рада“ — объявляется низложенной и распущенной. Все члены этого правительства подлежат аресту и немедленной передаче в руки Военно-революционного комитета.
Все городские думы и земства объявляются распущенными и назначаются комиссары городского хозяйства.
По всей Минской губ. восстанавливается власть Советов и всякий, идущий против Советской власти, считается врагом народа и подлежит расстрелу.
Все распоряжения Военно-революционного комитета и его эмиссаров подлежат беспрекословному выполнению под страхом тягчайшей революционной кары.
Рабочие и крестьяне призываются бдительно стоять на страже революции и Советской власти и беспощадно расправляться с белогвардейцами и контрреволюционерами».
Пачатак доўгага выгнаньня
Выезд незалежнікаў, у адрозьненьне ад панічных уцёкаў зь Менску бальшавікоў у лютым, быў спакойным і арганізаваным.
З выездам дзеячоў БНР зь Менску ў Вільню на пачатку сьнежня 1918 году пачынаецца доўгае выгнаньне беларускай незалежніцкай палітыкі зь беларускай зямлі. Кароткі эпізод вяртаньня ў 1919-1920 годзе падчас польскай акупацыі Беларусі будзе таксама толькі адной з шматлікіх станцыяў на гэтай дарозе — бо дзяліць уладу зь беларусамі палякі і блізка не зьбіраліся і былі ў гэтым сэнсе горшыя і за немцаў.
Зь Вільні ў Горадню
У Вільні Рада Народных Міністраў БНР таксама затрымалася ненадоўга. Немцы рыхтаваліся пакінуць горад і перадаць яго бальшавікам. Аддзелы польскай самаабароны, не чакаючы адыходу немцаў, 31 сьнежня перанялі кантроль над большай часткай гораду. Заставаліся ў Вільні і літоўцы, якія 1 студзеня 1919 году сымбалічна вывесілі над Замкавай гарой літоўскі трыкалёр і тут жа эвакуаваліся зь немцамі ў Коўна.
У першыя дні новага году спрабавалі змагацца за ўладу і мясцовыя камуністы, якія акапаліся ў доме на вуліцы Вароняй, адкуль іх урэшце выбілі польскія легіянэры. Урэшце зь Вільні мусілі ўцякаць і палякі — 5 студзеня ў горад увайшлі бальшавікі.
«Брудныя, касавокія, у парваных шынэлях, каму ледзь да каленаў шынэлі даставалі, у другіх амаль па зямлі валачыліся. Ружжы на шнурах віселі праз плячо. „Божа мой, — думала я, — і гэтыя абадраныя банды хочуць сьвет заваяваць!“», — так іх пабачыла вільнянка Юльяна Дубейкаўская.
Беларускія палітыкі гэтых падзеяў ужо не засьпелі — яшчэ 27 сьнежня яны выехалі ў Горадню, усё яшчэ занятую немцамі.
Луцкевіч зь міністрамі ў паднямецкай літоўскай Горадні
Горадня была занятая ня толькі немцамі. Горадня і Горадзеншчына разьмяшчалася на тэрыторыі, якая тады была належала новастворанай Літоўскай Дзяржаве. Апошнюю Нямеччына афіцыйна прызнала яшчэ 23 сакавіка 1918 году..
У лістападзе, калі Нямеччына ўжо прайграла вайну і вызваленьне акупаваных тэрыторыяў было пытаньнем месяцаў, калі ня тыдняў, Літва прыняла часовую канстытуцыю, утварыўся ўрад. У Літоўскую Дзяржаўную Раду (Тарыбу) былі кааптаваныя шэсьць прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады. Пры ўрадзе было ўтворанае Міністэрства беларускіх справаў на чале зь Язэпам Варонкам.
У беларускія паветы Літвы міністэрства прызначыла сваіх камісараў. У такой Горадні і апынуўся ў канцы сьнежня старшыня Рады Народных Міністраў Антон Луцкевіч і некалькі міністраў ягонага кабінэту.
Варонка знаходзіць сабе іншую дзяржаву
За часы сядзеньня ў Горадні ўся дзейнасьць Ураду БНР абмежавалася напісаньнем пратэстаў супраць улучэньня этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў у склад Польшчы і супраць усеагульнай мабілізацыі ў Вільні, абвешчанай польскім вайсковым камандаваньнем.
Беларускі прэм’ер бараніў патэнцыйную тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі. А ў тым самым часе новасьпечаны міністар беларускіх справаў літоўскага ўраду Язэп Варонка (усяго за год перад тым — першы старшыня Народнага Сакратарыяту БНР!) бараніў ад палякаў тэрыторыі Літоўскай Дзяржавы: Горадзенскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Белавескі і Слонімскі паветы старой Горадзенскай губэрні, Аўгустоўскі павет Сувальскай і Лідзкі павет колішняй Віленскай губэрні — яны і былі на пачатку 1919 году ў юрысдыкцыі Міністэрства беларускіх справаў.
Абвяшчэньне савецкай Беларусі электрызуе БНР
У Горадні дзеячы БНР даведаліся і пра здарэньне, якое адбылося ў Смаленску 1 студзеня 1919 году, праўда, мясцовыя газэты паведамілі пра гэта толькі празь дзесяць дзён: бальшавікі абвясьцілі аб стварэньні незалежнай савецкай Беларускай Рэспублікі. «Гэта ўсіх нашых так наэлектрызавала, што ўсе як адзін гатовыя ехаць у Менск і працаваць разам з бальшавікамі. Гэта ж настраеньне выявілася і на засяданьні Рады», — піша Антон Луцкевіч у сваім дзёньніку.
Наваствораная «незалежная» савецкая Беларусь неўзабаве абвесьціць пра фэдэрацыю з Савецкай Расеяй і прыняцьце савецкай канстытуцыі. «Усё ж гэта наша вялікая пабеда: усё праводзіцца паводле рэцэпту, аб якім я ў Кіеве трактаваў з Ракоўскім», — не хавае свайго энтузіязму Антон Луцкевіч.
Сталін думае пра Беларусь
Сэнс і мэту абвяшчэньня ССРБ вызначыў Сталін у дакладзе на пасяджэньні Ўсерасейскага ЦВК за суткі да перадачы будучаму кіраўніку савецкай Беларусі Мясьнікову паведамленьня аб рашэньні ЦК РКП(б) стварыць Беларускую савецкую рэспубліку:
«Теперь Советская Россия переживает период постепенного революционного самоопределения окраин, которое завершается добровольным, братским присоединением их к Российской Республике... Принцип самоопределения путем взятия власти самим народом — этот принцип является тем единственным путем, при помощи которого возможно восстановление единства России и определение мощи советской России». Гэта на тэму «Сталін думае пра Беларусь».
Курс — на Парыж
Тым часам у Парыжы рыхтавалася падзея, якая мелася падвесьці рысу пад Першай сусьветнай вайной — Мірная канфэрэнцыя дзяржаваў-пераможцаў. Зь ёй зьвязвалі вырашэньне сваёй палітычнай будучыні новыя краіны Ўсходу Эўропы, якія ўзьніклі на руінах былых імпэрыяў.
Даручэньне паехаць на Парыскую канфэрэнцыю Антон Луцкевіч атрымаў ад Рады БНР яшчэ ў Менску, аднак узьніклі праблемы з атрыманьнем ад нямецкіх акупацыйных уладаў адпаведнага пропуску, а галоўнае — не было грошай. Генэрал Кіпрыян Кандратовіч — галоўнакамандуючы так і ня створанага Беларускага войска — выклікаўся ехаць у Парыж сваім коштам.
Новае паняволеньне будзе яшчэ горшае
Кандратовіч выехаў у Парыж (дакладней — у бок Парыжу, а пакуль што ў Бэрлін) 4 лютага 1919 году і павёз з сабой Мэмарыял Беларускага Ўраду старшыні Мірнай канфэрэнцыі, які Антон Луцкевіч пісаў і дапрацоўваў амаль цэлы месяц.
«Пад той час, як прынцып самаазначаньня нацыянальнасьцей сьвяткуе пабеду на ўсенькім сьвеці — дванаццацімільённы Беларускі народ, некалі вольны і незалежны, а пасьля паняволены суседзямі і толькі цяпер паўстаўшый дзеля адбудовы сваей нацыянальнай культуры і дзяржаўнасьці, стаіць перад пагрозай новага паняволеньня — яшчэ горшага за колішняе...» — гаварылася ў Мэмарыяле.
Урад БНР заклікаў «разьвязаць на Мірнай канфэрэнцыі беларускае пытаньне ва ўсёй яго шырыні», а таксама дапусьціць на канфэрэнцыю дэлегацыю БНР. І сапраўды — чаму б не дапусьціць для ўдзелу ў канфэрэнцыі прадстаўнікоў Беларусі, калі сярод афіцыйных краінаў-удзельніц былі, напрыклад, Балівія, Гватэмала, Гаіці, Хіджаз, Лібэрыя, Сіям...
Дзіўнаватая дэлегацыя, але іншай няма
Сьледам за Кандратовічам Луцкевіч высылае ў Парыж Аляксея Азнабішына, які сам запрапанаваў свае дыпляматычныя паслугі. «Стаіць на грунце дэклярацыі, каторую мае вязьці ген. Кандратовіч. Мала таго: стаіць на тым, што цэласьць Беларусі ад польскіх апэтытаў можна бараніць толькі ў імя Беларусі, але не Расеі», — аптымістычна зазначае Луцкевіч.
Азнабішын — дэпутат IV Дзяржаўнай думы ад Горадзенскай губэрні, дзе ўваходзіў у фракцыю расейскіх нацыяналістаў і памяркоўна правых.
Чыноўнікам для спэцыяльных даручэньняў пры дэлегацыі быў прызначаны Леанід Баркоў, пра якога наагул не вядома амаль нічога.
Папярэднія публікацыі
- Падарожжа ў БНР (12). Разьвітаньне зь Менскам
- Падарожжа ў БНР (11). На сцэну выходзіць Антон Луцкевіч
- Падарожжа ў БНР (10). Спроба перавароту ў Радзе БНР, непрыезд Купалы, прыход пехатою Аляхновіча
- Падарожжа ў БНР (9). Летняе зацішша, Скірмунт едзе адпачываць
- Падарожжа ў БНР (8). Раман Скірмунт ідзе ў прэм'еры
- Падарожжа ў БНР (7). БНР шле тэлеграму кайзэру і мяняе касу з граблямі на «Пагоню»
- Падарожжа ў БНР (6). Чырвоная БНР бялее і займаецца сымболікай, лінгвістыкай і геаграфіяй
- Падарожжа ў БНР (5). «Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай»
- Падарожжа ў БНР (4). Абвясьцілі БНР, дэкляравалі правы і свабоды
- Падарожжа ў БНР (3). Беларуская ўлада паміж бальшавікамі і немцамі
- Падарожжа ў БНР (2). Зьезд, разгон і бомбы пад ложкам
- Падарожжа ў БНР (1). Пачаткі беларускага нацыянальнага варушэньня