Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (12). Разьвітаньне зь Менскам


Менск, від з даху Дамініканскага касьцёлу. 1918
Менск, від з даху Дамініканскага касьцёлу. 1918

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Зварот да Вудра Вільсана

Адзін з апошніх дыпляматычных актаў Рады БНР перад немінучай пагрозай бальшавіцкай навалы — гэта сапраўдны крык адчаю, зь якім яна зьвяртаецца да прэзыдэнта Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў:

«У імя культуры і чалавечнасьці, у імя пачаткаў гуманнасьці, абвешчаных панам Прэзыдэнтам Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі просіць уратаваць бездапаможную Беларусь ад разгрому і ў гэтых мэтах ужо цяпер да адыходу акупацыйнай арміі забясьпечыць ёй вонкавую недатыкальнасьць прызнаньнем Яе самастойнасьці і Незалежнасьці і ўнутраную бясьпеку перадачай у рукі Рады Цывільнага Кіраваньня Краем».

Дыпляматы ні з чым вяртаюцца з Кіева...

Надзвычайная дэлегацыя Рады БНР у Кіеве, прабыўшы там паўтара месяца, рабіла ўсе магчымыя захады для прызнаньня Ўкраінай незалежнасьці БНР. І хоць фактычнае прызнаньне ў кантактах з дэлегацыяй пацьвярджалі і гетман Скарападзкі, і ўкраінскія ўрадоўцы, пытаньне аб афіцыйным прызнаньні ў Радзе міністраў Украінскай дзяржавы так і не было разгледжанае.

Дэлегацыя на чале з Антонам Луцкевічам 5 лістапада заявіла, што «кожны дзень зацяжкі, стаўляючы Беларусь перад фактам акупацыі Савецкай Рэспублікай усё новых і новых абшараў Беларусі, абясцэньвае эвэнтуальную помач беларусам са стараны Ўкраінскае дзяржавы, каторая можа аказацца спозьненай». Папрасіўшы паскорыць разгляд пытаньня, дэлегацыя палічыла сваё далейшае знаходжаньне ў Кіеве беспатрэбным і выехала ў Менск.

...а таксама з Бэрліну, Варшавы, Вільні і Бэрну

На пачатку лістапада вярнуліся ў Менск надзвычайныя дыпляматычныя дэлегацыі, якія Рада БНР дасылала, апрача Кіева, яшчэ ў Нямеччыну, Польшчу, Літву і Швайцарыю. «Матэрыялы, здабытыя дэлегацыямі, пасунулі беларускую справу значна наперад», аптымістычна адзначае афіцыйная хроніка для газэт. Аднак факт застаецца фактам: да акупацыі тэрыторыі Беларусі бальшавікамі ў сьнежні афіцыйнага прызнаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі дамагчыся не ўдалося.

11 лістапада 1918 году. Канец вайне. Але не ў Беларусі

11 лістапада скончылася Першая сусьветная вайна. У гэты дзень у Менску адбылося пасяджэньне Рады БНР, дзе Народны Сакратарыят быў рэфармаваны ў Раду Народных Міністраў. Рада абрала старшынём Рады Народных Міністраў Антона Луцкевіча, які толькі што вярнуўся з Кіева. Сакратарыяты зьмяніліся народнымі міністэрствамі, а народныя сакратары — народнымі міністрамі.

Але хоць у гэты дзень быў абвешчаны канец вайны, у Беларусь мір не прыйшоў. Тут вайна — ужо зь іншымі ўдзельнікамі, але зь ня меншай шкодай для краю і яго народу — працягнецца яшчэ больш за два гады і скончыцца падпісаньнем Рыскага міру, які падзеліць Беларусь напалам.

Чацьверты ўрад за дзевяць месяцаў

22 лістапада кабінэт Антона Луцкевіча — чацьверты Ўрад БНР — выступае з дэклярацыяй і абвяшчае сьпіс народных міністраў. Імі сталі Вацлаў Іваноўскі (прасьвета), Аляксандар Цьвікевіч (суды), Аркадзь Смоліч (земляробства і маёмасьць), Язэп Варонка, Васіль Захарка і Тамаш Грыб (усе трое — міністры без партфэляў). Міністэрства замежных справаў Луцкевіч узяў на сябе.

Апошняя Грамата БНР

28 лістапада Рада БНР выдае сваю апошнюю Грамату да беларускага народу:

«​ГРАМАТА РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

Народзе Беларускі і ўсе народы Беларускай зямлі!

Слухай голасу тваіх прадстаўнікоў, што працуюць тваім імянем і дзеля твайго шчасьця.

Шмат сотняў гадоў панавалі на Беларусі чужынцы, а працоўны народ наш гібеў у зьдзеку, няволі і цемнаце. Бесканечныя войны палівалі нашую старонку рэкамі крыві, а звадкі між народамі і верамі ў самой Беларусі атручвалі дух народны, зьнішчалі ўсе здабыткі культуры і не давалі тварыцца новым.

Аж зразумелі ўрэшце лепшыя сыны Беларусі, што прычына ўсіх няшчасьцяў — гэта палітычны заняпад народу Беларускага, яго няволя і пакора, і прагалосілі яны на ўсю Беларусь, што павінен устаць Беларускі народ, скінуць путы няволі і з парабка гаспадаром зрабіцца на сваёй зямлі.

Разыйшоўся голас гэты па Беларусі і абудзіўся Народ. І на вялікі ўсенародны сход, які адбыўся ў сьнежні месяцы 1917 г. у Менску і называецца Ўсебеларускім Зьездам, прыслаў Народ Беларускі каля дзьвюх тысяч чалавек сваіх лепшых прадстаўнікоў з усіх частак, усіх валасьцей, усіх закуткаў Беларускай Зямлі.

Не збаяўшыся цёмных сілаў, што тады панавалі на Беларусі, перад наведзенымі кулямётамі і навіслымі штыкамі сказаў Зьезд волю Народу Беларускаго аб яго будучыні. Народ Беларускі выракаецца сваіх няпрошаных апякуноў. Ён устанаўляе на сваёй зямлі Дэмакратычную Рэспубліку і хоча прамаўляць на сусьветным міравым кангрэсе вуснамі сваіх уласных прадстаўнікоў. Ён творыць войска для абароны свайго права і даручае ўладу ў Беларусі выбранай на зьезьдзе Радзе і яе Спаўняючаму Камітэту.

Паны камісары разагналі Ўсебеларускі Зьезд і шукалі спосабу зьнішчыць Раду Зьезду. Ды не ўдалося гэта ім. Пасьля іхняго ўцёку зь Менску ўлада перайшла да Спаўняючага Камітэту Рады Зьезду і той стварыў тады першае Міністэрства Беларускае — Народны Сакратарыят, а таксама пачаў тварыць беларускае Народнае войска.

Пасьля вякоў няволі ізноў запанаваў на сваёй зямлі Беларускі Народ. Але нядоўгае было гэтае панаваньне. Цераз тры дні прыйшлі ў Менск войскі нямецкага імпэратара. Яны гвалтам адабралі ад Народнага Сакратарыяту ўладу і спынілі яго работу.

Патаемна мусіў пасьля таго зьбірацца Беларускі Ўрад, хаваючыся ад нямецкіх жандармаў, але ні на мінуту не забываўся ён аб вялікіх абавязках, на яго Народам узложаных.

9 сакавіка 1918 г. Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду выдаў Устаўную Грамату, якая тлумачыла тыя правы працоўнага народу, што выдаў Усебеларускі Зьезд.

А 25 сакавіка ён, злучыўшыся з прадстаўнікамі Земстваў і Гарадоў і ўтварыўшы разам РАДУ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ абвесьціў Беларусь незалежнай і вольнай Дзяржаваю, каб не дазволіць далей чужынцам камандаваць Беларускім Народам, разрываць яго на часткі ды гандляваць Беларусьсю на сусьветным рынку. Так былі скінуты зь Беларускага Народу апошнія путы няволі, якія ціснулі яго празь вякі.

Ішоў час, але не зьменшаўся ўціск нямецкага імпэратарскага Ўраду. З усяго краю надыходзілі да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі скаргі і пратэсты проці гэтага ўціску, а Рада нічога не магла зрабіць, бо яшчэ не пасьпеў сабраць Беларускі Народ сілы свае і моцным плячом падперці сваю Раду.

Ня маючы сілы Рада Рэспублікі надзеялася хоць сваёю пакораю зьмягчыць цяжкае палажэньне Беларусі. Яна некалькі разоў зьвярталася да нямецкага ўраду, просячы, каб той прызнаў Беларускі Народ вольным і незалежным і даў яму можнасьць самому ўпраўляць сваёю зямлёю. Нямецкі ўрад кожны раз адказываў адмоўна.

Тым часам у Нямеччыне сталася рэвалюцыя, і нямецкае войска ня хоча больш аставацца ў нашай зямлі, зь якой гэтак несправядліва зрабіў яго даўнейшы імпэратарскі ўрад. Беларусь ізноў астаецца вольнаю і яе ўрад мае абвесьціць выбары да Беларускага Ўстаноўчага Сойму, які сваім голасам умацуе правы народу і ўстановіць дзяржаўны лад Беларусі.

Але хоць шмат зьмяніла рэвалюцыя, ды не зьмяніла яна нешчасьлівай долі Беларускай. Ня хочуць панаехаўшыя ў наш край чужынцы выпускаць са сваіх рук лейцаў, у якіх трымалі дагэтуль Беларускі Народ. У Менску, у Кіеве разам з нашымі адступнікамі яны твораць фальшывыя ўрады і крычаць аб сваім праве на панаваньне над Беларускім Народам, аб тым, што Беларусь ніяк ня можа быць вольнаю, а павінна канечне ісьці зноў у ярмо.

Пры гэтым яны не шкадуюць выдумак, каб ачарніць Раду Рэспублікі і словамі сваімі апаганіць яе працу. Уся мэта гэтых людзей — пасварыць беларусаў між сабою, а пасьля, абясьсіліўшы іх, аддаць у даўнейшую няволю, пад панаваньне новага цара і яго чыноўнікаў.

Рада Рэспублікі аднак верыць у сьветлы і здаровы розум народу Беларускага і ўсіх дэмакратычных народаў Беларусі, якія не дадуць сябе ашукаць хітрым ворагам Рэспублікі. Яна вядзе далей сваю працу, а для спаўненьня сваіх загадаў, яна устанавіла новы склад Рады Беларускіх Народных Міністраў, які павінен вывесьці Беларусь на сьветлы лепшы шлях, абараніць праўдзівую яе незалежнасьць і даць працоўнаму малазямельнаму народу зямлю, а работнікам дагаднейшыя варункі працы і склікаць Устаноўчы Сойм Беларускай Народнай Рэспублікі.

Перад сьвітаньнем новага дня, які суліць нашай Бацькаўшчыне культурны росквіт і дзяржаўную незалежнасьць, павінны абудзіцца ўсе жывыя дэмакратычныя сілы Беларусі.

Усе, хто хоча бачыць сваю многапакутную Бацькаўшчыну — Беларусь вольнай, багатай і шчасьлівай, усе хто хоча, каб працоўны народ Беларусі ня знаў больш зьдзеку над сабою і няволі, няхай усюды злучаюць свае сілы, СТВАРАЮЧЫ НА МЕЙСЦАХ БЕЛАРУСКІЯ РАДЫ і зьвязуючы іх з Радаю Рэспублікі.

Толькі ім, гэтым арганізацыям працоўнага Народу Беларусі, належыць цяпер, да созыву Ўстаноўчага Сойму, улада на мейсцах, а ня Земству, не чыноўнікам, не ўсякім самазванцам і чужынцам. Толькі на іх павінен апірацца Беларускі Народны Ўрад у сваёй чыннасьці.

Сам народ, абуджаны рэвалюцыяй, няхай бароніць сваю волю і незалежнасьць, права на сваю родную зямлю і мейсца на сьвеце сярод усіх Народаў.

Чувайце грамадзяне Беларускай Народнай Рэспублікі! Надыходзе гадзіна апошняга суду над народамі. Няхай жа не пагасьне ў сэрцах вашых жывы агонь замілаваньня да волі і агульна-грамадзянскага шчасьця.

Няхай жыве незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!

Няхай жыве працоўны народ Беларусі і салідарнасьць вольных народаў!

Няхай растуць Беларускія сялянскія і работніцкія Рады па ўсёй Беларусі!

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

28.11.1918

м. Менск»​.

Гэтую Грамату і дэклярацыю «Ад Рады Народных Міністраў» доўга відаць было на рагох некаторых менскіх вуліц нават і пасьля прыходу бальшавікоў, прыгадвае Макар Косьцевіч. Грамата гэтая была разьвітаньнем. Празь пяць дзён яе аўтары пакінуць Менск.

Часовы выезд, часам назаўсёды

3 сьнежня 1918 году Рада Народных Міністраў і большая частка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выехалі ў Вільню. Інспэктар Менскіх курсаў беларусазнаўства Кастусь Езавітаў дасылае заяву ў аддзел асьветы Менскай гарадзкой управы: «Сим извещаю отдел, что по обстоятельствам политического характера я временно выезжаю из Минска».

Абставіны гэтага характару склаліся так, што часовае разьвітаньне шмат для каго зь беларускіх дзеячоў сталася апошнім і канчатковым.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG