Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД заявіла пра ціск і пагрозы заснавальнікам. Севярынец тлумачыць, навошта патрэбная сёмая спроба рэгістрацыі


Павал Севярынец на акцыі супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень беларускай вайсковай славы, архіўнае фота
Павал Севярынец на акцыі супраць вучэньняў «Захад-2017» у Дзень беларускай вайсковай славы, архіўнае фота

«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» сёмы раз спрабуе стаць афіцыйна зарэгістраванай партыяй. Чарговую заяўку падалі 22 студзеня. Пакуль Міністэрства юстыцыі не адмовіла, але прыпыніла разгляд на месяц, бо «патрэбны дадатковыя дакумэнты. Першая спроба рэгістрацыі была больш за 10 гадоў таму.

Тым часам, як сьцьвяржае БХД, на тых, хто пакінуў подпісы пад дакумэнтамі, пададзенымі ў Мінюст, ціснуць, запалохваюць, ім пагражаюць праз працу і вучобу. У сацсетках гучаць выказваньні пра тое, што падача дакумэнтаў у Мінюст — «паслуга спэцслужбам», якія бясплатна атрымліваюць сьпіс актывістаў.

Чаму БХД чарговы раз спрабуе зарэгістравацца, нягледзячы на ціск і папярэднія адмовы, Свабодзе растлумачыў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

Як і на каго ціснуць

БХД паведамляла пра ціск на падпісантаў у Наваполацку, Кобрыні і Івянцы. Але тыя, на каго ціснулі, кажа Севярынец, ня хочуць раскрываць свае імёны і размаўляць з прэсай, каб пазьбегнуць яшчэ большага ціску. Севярынец сьцьвярджае, што мае ў тым ліку скрыншоты перапісак з пагрозамі.

«Там прама не гаворыцца, хітрэй робіцца, — расказвае Севярынец. — Ім кажуць: „Вы зьвязаліся з апазыцыяй, вы што, ня ведаеце, што будзе куча праблемаў, мы хочам вам дапамагчы, здымайце свой подпіс, а то такое будзе“... На папярэдніх падачах было, што пэнсіянэрам абяцалі, што іх дзеці бяз працы застануцца. Бывала, што проста з працы здымалі адразу».

Чаму падаюць сьпісы з прозьвішчамі

Спосаб зарэгістраваць партыю ў Беларусі адзіны — з падачай сьпісаў з прозьвішчамі ініцыятараў стварэньня партыі, тлумачыць Севярынец.

Павал Севярынец на пратэсьце прадпрымальнікаў 28 лютага 2016 году
Павал Севярынец на пратэсьце прадпрымальнікаў 28 лютага 2016 году

«Вялікая частка таго сьпісу, а там больш за тысячу чалавек, гэта людзі, якія прайшлі ўжо не адну спробу рэгістрацыі, дасьведчаныя, — дадае Севярынец. — І такім чынам мы спрабуем абараніць астатніх, бо БХД — гэта ня толькі тысяча чалавек».

Навошта зноў спрабаваць рэгістравацца

Спроба рэгістрацыі партыі, кажа Севярынец, гэта ні ў якім разе ня нейкі сымбалічны рытуал, спроба абараніць чальцоў БХД у тым ліку ад крымінальнай адказнасьці за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (паводле якога былі і рэальныя турмовыя тэрміны). А калі ідзе працэс рэгістрацыі партыі, то гэта ўжо часова не «незарэгістраваная арганізацыя», хай яшчэ і не зарэгістраваная.

Цыкль падачы дакумэнтаў — прыблізна паўгода, у якія «партыя абароненая», як у час апошніх мясцовых выбараў, калі сяброў БХД «не чапалі».

Да таго ж гэта «трымае партыю ў тонусе», кажа Севярынец: зь людзьмі трэба зьвязвацца, сустракацца каб правяраць прыналежнасьць да БХД.

Чаму б не зарэгістравацца ня партыяй, а грамадзкай арганізацыяй, як «Гавары праўду»

У Беларусі ўжо амаль 18 гадоў не рэгістравалі новых палітычных партыяў (апошняя зарэгістраваная — КХП БНФ у 2000-м). Але ў сярэдзіне мінулага году «Гавары праўду» (структура, якая двойчы выстаўляла кандыдатаў у прэзыдэнты) была зарэгістраваная як дасьледча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне — зь сёмай спробы.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на пікеце перад парлямэнцкімі выбарамі 2016 году
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі на пікеце перад парлямэнцкімі выбарамі 2016 году

Севярынец тлумачыць, што і БХД спрабавалі зарэгістраваць ня ў форме партыі, і ня раз: больш за 20 разоў актывісты БХД марна спрабавалі зарэгістраваць грамадзкія, абласныя, моладзевыя хрысьціянска-дэмакратычныя аб’яднаньні. Ён мяркуе, што рашэньне «татальнае»: не рэгістраваць БХД ні ў якіх формах.

А чаму б уладам ня ўзяць і не зарэгістраваць партыю БХД

«Баяцца, — мяркуе Севярынец. — Баяцца, бо хрысьціянская дэмакратыя — гэта традыцыя Беларусі з даўніх часоў: Полацкая княства — гэта вечавая хрысьціянская дэмакратыя, Вялікае Княства Літоўскае — шляхецкая хрысьціянская дэмакратыя.

Гэта натуральны палітычны лад для Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзная палітычная ідэалёгія для Беларусі, стагадовая партыя. Традыцыя ёсьць, дзясяткі людзей ахвяравалі жыцьцём за прыналежнасьць да БХД — відавочна, што партыю з такімі каранямі баяцца дапускаць у прававое поле. Больш за тое, баяцца, што далучацца і падтрымаюць цэрквы і вернікі».

Павал Севярынец на пікеце ў падтрымку зьняволенага блогера Эдуарда Пальчыса, 2016 год
Павал Севярынец на пікеце ў падтрымку зьняволенага блогера Эдуарда Пальчыса, 2016 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG