На працягу 10 дзён не выходзіў на сувязь апэратар і кліпмэйкер Аляксандар Крупіна, паведаміў у фэйсбуку ягоны сябар Зьміцер Афанасенка.
Апошні раз Крупіна выходзіў на сувязь 17 лютага. Ад гэтага часу ён не зьяўляўся ў сацыяльных сетках і не адказваў на тэлефонныя званкі.
«Сёньня з раніцы мне напісала ягоная былая жонка Ганна. Яна сказала, што нідзе ня можа знайсьці. Брат яго таксама ўжо пазваніў у шпіталі і ў міліцыю, там сказалі, што ў ніякіх зводках ён ня значыцца. Апошняе яго зьяўленьне ў сетках пазначана 17 лютага а 22-й гадзіне», — сказаў Свабодзе Зьміцер Афанасенка.
Брат Аляксандра Дзьмітры Крупіна кажа Свабодзе, што ніякіх «зачэпак» няма ні ў яго, ні ў міліцыі: невядома, каб Аляксандар зьбіраўся кудысьці ехаць зь Менску, дзе ён працаваў да 17 лютага, таксама няма зьвестак пра тое, што Аляксандар мог з кімсьці канфліктаваць у апошні час.
Натальля Ганусевіч, якая выконвае абавязкі кіраўніцы прэсавай службы менскай міліцыі: «Па Крупіну праводзіцца праверка, яго сваякі напісалі заяву ў міліцыю, высьвятляем. Больш пакуль нічога пра яго сказаць не магу».
Аляксандар Крупіна вядомы як апэратар і стваральнік студыі «КапканFilm». Разам з рэжысэрам Андрэем Курэйчыкам ён здымаў фільм «ГараШ», які выйшаў у 2015 годзе. Крупіна працаваў над фільмам «Арт-сядзібы» «Мова. Музыка. Маладосьць», здымаў кліпы для гурту Amaroka. Таксама Аляксандар Крупіна ўдзельнічаў у стварэньні перадачаў «Цырк за дротам» і «Аўтаспынам па Азіі» на Радыё Свабода.