Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адчайна змагаецца за статус міратворцы


Архіўнае фота. Прэзыдэнты Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка
Архіўнае фота. Прэзыдэнты Ўладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка

Гэтым разам выхад Аляксандра Лукашэнкі да журналістаў на выбарчым участку быў, як ніколі раней, старанна зрэжысаваны. Незалежных журналістаў не дапусьцілі ўвогуле, пытаньні былі падрыхтаваныя. Поўную вэрсію паказалі толькі вечарам у выніковым тэлевізійным навінавым выпуску.

Найперш Лукашэнка паспрабаваў пераключыць увагу беларусаў з фальсыфікацый мясцовых выбараў на фальсыфікацыю выступленьняў беларускіх фрыстайлістаў на Алімпіядзе. Ход эфэктыўны. Маўляў, нашых б’юць. Прычым хто? Нашы «сябры» кітайцы і «старэйшыя браты» расейцы. Няма справядлівасьці ў сьвеце. У выніку беларусы перад сусьветнаю змоваю павінны аб’яднацца. І зразумела, вакол каго.

Другі сюжэт — гэта роля Беларусі ва ўрэгуляваньні канфлікту вакол Украіны. Даволі рэзка, калі не сказаць больш, Лукашэнка прайшоўся па прэзыдэнту Казахстану Нурсултану Назарбаеву, кіраўніку краіны, якая фармальна зьяўляецца саюзьнікам Беларусі па АДКБ і ЭАЭС. Бо той хоча адабраць у Менску статус перамоўнай пляцоўкі. Не называючы казахстанскага кіраўніка па прозьвішчы, Лукашэнка заявіў: «Хтосьці хоча Нобэлеўскую прэмію міру атрымаць, нехта яшчэ чаго-небудзь хоча. Але хацець ня шкодна, трэба разумныя прапановы ўносіць, каб увесь сьвет не сьмяяўся». Больш за тое, кіраўнік Беларусі абвінаваціў Назарбаева, які заявіў, што абмяркоўваў пытаньне аб пераносе перамоваў па Ўкраіне зь Менску ў Астану з амэрыканскім прэзыдэнтам і той нібыта пагадзіўся, у падмане. «Я ня тое што ня веру, я ведаю, што гэтага пытаньня Трамп не ўздымаў. У кагосьці сьвярбяць рукі абмеркаваць гэтае пытаньне і здацца міратворцам. Таму ніякіх там абмеркаваньняў не было, сустрэча была кароткая, не да гэтага было», — адзначыў Лукашэнка.

Працягваючы гэтую тэму, Лукашэнка паўтарыў старую вэрсію ад 2014-2015 гг. пра свой удзел ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Маўляў, ён накіраваў кіраўніцтву ЭЗ свае прапановы, як дасягнуць міру ва Ўкраіне, аднак эўрапейцы іх праігнаравалі.

Беларускія ўлады вельмі актыўна, нават зь вялікім пераборам піяраць любыя, нават дробныя свае праекты па тэме міратворчасьці.

Але эўрапейскія палітыкі і дыпляматы катэгарычна абвяргаюць, што атрымалі зь Менску нейкія афіцыйныя прапановы. Беларускія ўлады вельмі актыўна, нават зь вялікім пераборам піяраць любыя, нават дробныя свае праекты па тэме міратворчасьці. Чаму б не надрукаваць той ліст, які нібыта накіраваў Лукашэнка ў Брусэль? Але складваецца ўражаньне, што абнародаваць няма чаго.

Яшчэ дзьве рэплікі Лукашэнкі вельмі падобныя на фэйк. Кіраўнік Беларусі не ў першы раз заяўляе:

«У Беларусь за час канфлікту, толькі паводле афіцыйных зьвестак, прыбылі прыкладна 160 тысяч украінцаў. У той жа час эўрапейскія краіны ня хочуць прымаць такую колькасьць уцекачоў і ўводзяць розныя квоты... Я даў усім роўныя ўмовы зь беларусамі, то бок бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне, бясплатную адукацыю, дзіцячыя сады і іншае, камунальныя паслугі і ўсё, як у Беларусі. Вы думаеце, нам танна гэта абышлося? Не. Але людзі трапілі ў бяду».

Інфармацыя да ведама. Паводле зьвестак дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, на працягу 2014–2015 гадоў па статус уцекача ці «па дадатковую абарону» зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Ўкраіны. Зь іх толькі 1 (адзін) грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Часова (на год) або пастаянны дазвол на жыхарства за пэрыяд з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году ў Беларусі атрымалі 35 157 грамадзян Украіны. Гэта пераважна працоўныя мігранты. За 2017 год сытуацыя мала зьмянілася.

І яшчэ на тую ж тэму. «Пасьля абвастрэньня сытуацыі ва Ўкраіне ў Беларусь хлынуў паток зброі... Калі хто-небудзь думае, што гэта жарты ці прымаўкі, вы памыляецеся». Але любая інфармацыя пра перамяшчэньне людзей са зброяй адразу становіцца важнай навіной. Нават калі іншаземец прыехаў з Украіны ў Беларусь з адным патронам, пра гэта некалькі тыдняў паведамлялі ўсе СМІ. Пра паток ніхто нічога ня чуў. Гісторыя пра аўтамабіль са зброяй, які нібыта прарваўся празь мяжу з тэрыторыі Ўкраіны, аказалася фэйкам, які патрэбен быў уладам, каб запужаць людзей падчас акцый недармаедаў.

Але чаго ня зробіш дзеля эфэктнага піяру.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG