18 лютага прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у галасаваньні па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Традыцыйна Лукашэнка галасаваў на выбарчым участку № 1 Вясьнянскай выбарчай акругі № 39 у корпусе БДУФК.
У апошнія некалькі гадоў Лукашэнка заўсёды прыходзіў на выбарчы ўчастак з малодшым сынам Мікалаем. Але ў гэты раз традыцыя была парушаная.
На пытаньне журналістаў, за каго ён прагаласаваў, Лукашэнка адказаў так:
«У нас таемнае галасаваньне, не гавораць, за каго. Але мушу вам намёк зрабіць: за дзейнага чалавека, які працуе і прыносіць карысьць нашай дзяржаве. Гэта галоўны матыў для мяне як прэзыдэнта, і іншага матыву, напэўна, быць ня можа», — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.