Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіраваў на адрас прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томаса Баха прэтэнзіі з нагоды судзейства ў дачыненьні да беларускага фрыстайліста Антона Кушніра.
Пра гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёньня журналістам пасьля галасаваньня на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, паведамляе БЕЛТА.
«Давялося ноччу падняць па трывозе МЗС, накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму на адрас Баха»
«Наша фэдэрацыя спрабавала пасьля гэтага падаць пратэст, перагаварыць па-добраму са сваімі калегамі ў Пхёнчхане — міжнароднай фэдэрацыяй. Адказ быў ясна які. Мне давялося ноччу падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць амбасаду ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму на адрас Баха. Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё апублікуем. Мы хаваць гэта ня будзем», — заявіўЛукашэнка.
Ён адзначыў, што яму ўжо тэлефанавалі з офіса кіраўніка МАК і паведамілі, што далі каманду разабрацца і прыняць меры. «Абурылася ўжо ўся грамадзкасьць спартовая, ідуць сыгналы, што гэта не нармальна», — сказаў Лукашэнка.
Прэзыдэнт Беларусі падкрэсьліў, што адпаведныя прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва МАК ён падпісаў ня толькі як прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК), але і кіраўнік дзяржавы, і ён лічыць, што пытаньне трэба ўзьняць на сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту.
«За гэтыя 20 гадоў, што я працую прэзыдэнтам НАК, я ні разу ня быў на гэтых сэсіях, але думаю, што мне трэба там у бліжэйшы час пабываць, каб гэтае соннае палітызаванае царства трошкі разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах і пачынаюць дзяліць мэдалі: хто мацней палітычна, той і атрымлівае мэдаль. Так быць не павінна!» — сказаў Лукашэнка.
«Выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу»
Лукашэнка сказаў, што прадстаўнікі Расеі, Кітая і Швэйцарыі, якія ў тым ліку былі ў складзе судзейскай калегіі, усе «працягнулі ў фінал сваіх спартоўцаў» і спрабавалі «выкінуць» Антона Кушніра яшчэ ў першай спробе кваліфікацыі, «а ў другой ім проста нічога не заставалася, як зрабіць яго сёмым, таму што шасьцёра праходзілі», перадае БЕЛТА.
«Яны проста, адкрыта вам скажу, як чалавек, які трохі ў гэтым разбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу, — сказаў Лукашэнка. — Калі б разумныя былі, дык хаця б у фінал пусьцілі. Але яны разумелі: пусьці яго ў фінал — усім будзе „труба“. І зноў беларусы два золата, як і на мінулай Алімпіядзе, могуць заваяваць».
Пра судзьдзяў
«Пра судзьдзяў: я магу зразумець швайцарцаў, ня вельмі разумею нашых сяброў кітайцаў і адмаўляюся наогул разумець нашых старэйшых братоў — расейцаў. Ну, прайшоў Бураў (расейскі фрыстайліст — РС), трэба другога расейца зацягнуць. Коштам беларуса!? Навошта? Вось маральная пазыцыя судзьдзяў. Таму гэта суцэльнае бязладзьдзе, я яго інакш растлумачыць не магу», — заявіў кіраўнік Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка параіў Антону Кушніру ня хвалявацца, бо наперадзе ў яго жыцьці будзе яшчэ шмат спаборніцтваў.
Антон Кушнір на алімпіядзе ў Пхёнчхане атрымаў нізкія балы і не прайшоў у фінал спаборніцтваў па лыжнай акрабатыцы. Галоўны трэнэр зборнай Беларусі па лыжнай акрабатыцы Мікалай Казека ў эфіры «Беларусь 1» таксама жорстка выказаўся аб судзействе скачкоў алімпійскага чэмпіёна Сочы-2014 Антона Кушніра ў кваліфікацыі Алімпіяды ў Пхёнчхане.